Найбуйнейшыя за ўсю гісторыю пажары ў Каліфорніі забралі жыцці 21 чалавека. Сярод іх — пара, якая нядаўна адзначыла 75-ю гадавіну вяселля.

Чарльз Рыпі, якому было 100 гадоў, і яго 98-гадовая жонка Сара загінулі ад пажару, які спустошыў 26 тысяч гектараў і знішчыў 3,5 тысячы будынкаў у акрузе Напа ў штаце Каліфорнія.

Пра смерць Чарльза і Сары, якія пазнаёміліся ў пачатковай школе і пераехалі ў Каліфорнію з Вісконсіна, паведаміў New York Times іх сын. Паводле яго слоў, яны загінулі ў нядзелю ў сваім доме, з якога былі не ў стане выйсці з-за агню, што хутка насоўваўся да будынка.

Майк Рыпі, якому 71 год, паведаміў, што ён і яго брат Чак знайшлі астанкі бацькоў сярод руінаў дома ў аўторак. Муж і жонка ляжалі побач адзін з адным.

«Яны не маглі жыць адзін без аднаго. І тое, што яны памерлі разам — напэўна, яны б гэтага хацелі», - распавёў сын.

Чарльз і Сара вучыліся ва ўніверсітэце штата Вісконсін і пажаніліся ў 1942 годзе, пасля чаго Чарльза Рыпі прызвалі ў армію.

У іх было пяцёра дзяцей, і яны пражылі ў сваім доме ў Напа 35 гадоў.

Па словах іх сына, Чарльз, імаверна, спрабаваў дабрацца да пакоя, дзе была Сара, калі страціў прытомнасць ад дыму і агню.

«Бацька ніколі не пакінуў бы яе адну», — кажа ён.

Цяперашнія пажары сталі самымі моцнымі за ўсю гісторыю Каліфорніі — дым ад іх бачны ў Сан-Францыска за 100 кіламетраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?