Тут і ніжэй фота з архіва Юрыя Гігіняка.

Больш за трыццаць краінаў свету валодаюць 75 даследчымі станцыямі ў Антарктыдзе. Сярод іх хутка з’явіцца і беларуская. Першы модуль беларускай антарктычнай базы быў завезены ў 2014 годзе, гэтай восенню беларускія палярнікі збіраюцца везці яшчэ чатыры.

«Гэта вельмі важна, мець гэты кавалак, свой пункт у Антарктыдзе. Хоць афіцыйна Антарктыда нічыйная, але лічыцца, што тэрыторыя ў зоне экалагічнага ўплыву базы — гэта тэрыторыя той краіны, якой належыць станцыя. Напрыклад, расейская станцыя «Прагрэс» стаіць за 400 метраў ад кітайскай станцыі. Вядома, у іх ёсць стыкоўка, быццам мяжа — гэта наш кавалак, а гэта — ваш. Дабудуем станцыю — падымем там беларускі сцяг, гэта будзе значыць — тут мы, хочаце прыходзьце да нас у госці», — распавядае Юрый Гігіняк, кандыдат біялагічных навук і сталы ўдзельнік беларускіх палярных экспедыцыяў.

Беларуская станцыя ў Антарктыдзе, 2017 год. Фота: nasb.gov.by

Нашая станцыя будуецца ва ўсходняй частцы Антарктыды на зямлі Эндэрбі. Называюць станцыю, пакуль неафіцыйна, «Вечаровая гара», бо знаходзіцца яна ля падножжа схілу.

«Ну якая там гара, так 300 метраў, як у Дзяржынску», — смяецца Юрый.

Юрый Гігіняк, дацэнт, кандыдат біялагічных навук. Упершыню паехаў у Антарктыду ў 1970-м годзе ў складзе савецкай экспедыцыі. 

Юрый Гігіняк, дацэнт, кандыдат біялагічных навук. Упершыню паехаў у Антарктыду ў 1970-м годзе ў складзе савецкай экспедыцыі. 

У гэты час 7 беларусаў збіраюцца ў 10-ю беларускую экспедыцыю ў Антарктыку. Павязуць будаўнічы матэрыял для нашае станцыі. Былі распрацаваныя спецыяльныя модулі, якія павінны вытрымліваць тэмпературу да мінус 50 градусаў. Модулі невялікія, бо існуе праблема дастаўкі. Трэба везці іх спачатку ў Санкт-Пецярбург на карабель, які амаль паўтары месяцы ідзе да Антарктыкі, а потым на верталётах яны дастаўляюцца на месца, — гэта патрабуе шмат грошай. Каб паставіць модулі, будуюцца спецыяльныя платформы на ножках, каб не замятала снегам.

Пляцоўка беларускай станцыі знаходзіцца ў 25 км ад расейскай станцыі «Маладзёжная», і больш нікога няма там на тысячы кіламетраў навокал.

У якіх умовах жывуць палярнікі ў Антарктыдзе

Улетку тэмпература ў Антарктыдзе не апускаецца ніжэй за мінус 20 градусаў. Самы цёплы час — удзень, да плюс 2. 

Улетку тэмпература ў Антарктыдзе не апускаецца ніжэй за мінус 20 градусаў. Самы цёплы час — удзень, да плюс 2. 

На беларускай станцыі нашыя палярнікі яшчэ не жылі — там пакуль няма жылых памяшканняў, толькі камандны пункт. Да гэтага часу беларускія экспедыцыі займалі непадалёк пакінутую расейцамі старую лётную базу ў выглядзе жалезных бочак на сваях. Расея дазволіла там жыць беларусам, пакуль мы не пабудуем сваю станцыю. І вось ужо дзесяць беларускіх экспедыцыяў пражылі там.

«Нармальныя ўмовы. Усё грэем электрычнасцю на дызельных генератарах. Адзіны вялікі мінус — гэта санітарныя ўмовы. Прыбіральня ў нас там на вуліцы. Таму жанчынаў везці туды непажадана. Яна, канешне, вытрымае фізічна, але калі раптам снежны буран, мароз, а прыбіральня на вуліцы — для жанчыны гэта цяжка», — распавядае Юрый Гігіняк.

Рэжым дня ў Антарктыдзе жорсткі. А 8-й — сняданак і ўсе павінны быць за сталом. Праз паўгадзіны ўсе ўжо працуюць. Потым абед. Юрый кажа, што ежу заўсёды стараюцца браць з сабой добрую і разнастайную. Сілаў сыходзіць шмат, ды й на настрой уплывае, калі ежа смачная.

«Сонца свеціць увесь час, палярны дзень, і таму мы працуем па 10-15 гадзінаў. Пры гэтым праца па сваім накірунку займае прыкладна 30% часу. Астатняе — гэта або дзяжурства на кухні, або трэба дапамагаць назапасіць вады, працягнуць нейкі кабель, з’ездзіць на разведку на лёд, заправіць электрастанцыю. Але гэта пакуль што ў нас так, бо ў нас не ўсё пабудавана. Звычайна на буйных станцыях ёсць свой электрык, кухар, і калі ты вучоны, то на 90% заняты сваёй навукай», — распавядае біёлаг-палярнік.

У Антарктыдзе ў беларусаў няма сталай сувязі з роднымі. Каб скарыстацца інтэрнэтам, трэба схадзіць да расейцаў, але гэта далёка, і тое ён там бывае па раскладзе і вельмі марудны. Звесткі кшталту «жывы і здаровы» часта трапляюць да сем’яў палярнікаў праз кіраўніка экспедыцыі.

Чым займаюцца беларусы

Сёлета ў экспедыцыю не ўзялі біёлага, хоць ягоная праца ў Антарктыцы — асноўная побач з іншымі даследаваннямі ў галіне фізікі. Апроч непасрэдна сваёй навукі, біёлаг павінны наглядаць за чысцінёй і мінімізацыяй уплыву працы станцыі на навакольнае асяроддзе. Гэта абавязкова згодна з Канвенцыяй аб захаванні рэсурсаў Антарктыкі.

«Але сёлета зрабілі акцэнт на тым, што трэба будаваць станцыю. Ад навукі накіравалі толькі фізіка і геолага. Я лічу, што гэта няправільна і навука прадстаўлена ў гэтай экспедыцыі недастаткова. Каб нас канчаткова прызналі на міжнародным узроўні, патрэбна не толькі пабудаваць станцыю, і не абавязкова нават яе будаваць, але мы павінны публікаваць даследаванні. У гэтым годзе паўнавартасных біялагічных даследаванняў не будзе», — кажа Юрый Гігіняк. Ён павінен быў ехаць у сёлетнюю экспедыцыю ў якасці біёлага, але потым апынулася, што месца для яго няма.

Фізікі вывучаюць у Антарктыдзе азонавы слой, прыземныя з’явы. Біёлагі — паводзіны жывёлінаў і раслінаў, іх генетыку, фізіялогію. Юры Гігіняк кажа, што прыкладна палова відаў раслінаў і жывых мікраарганізмаў, якія жывуць у Антарктыдзе, сустракаюцца і ў Беларусі. Вывучаецца, як яны прыстасаваліся выжываць у экстрэмальных умовах. Але ёсць і тыя, хто жыве толькі ў Антарктыдзе.

«Ёсць маленькі арганізм — ціхаходка, дык яны проста касмічныя прышэльцы, яны могуць вытрымліваць касмічна халодныя тэмпературы. Ёсць водарасці і арганізмы, якія жывуць унутры камянёў, гэта дастаткова новае накіраванне, мы ім зараз займаемся».

У Антарктыдзе на дзіва багаты жывельны і раслінны свет. Па разнастайнасці відаў не саступае тропікам.

Раней навукоўцам патрэбна было пагружацца пад ваду, каб паназіраць за марскім жыццём. Цяпер гэта робіць спецыяльны прыбор

Генетыка піявак і дафній — тое, над чым зараз збіраюцца працаваць біёлагі Антарктыкі.

Расліны і жывёлы выжываюць у Антарктыдзе ў экстрэмальных умовах. Цікава зразумець, як і чаму.

Чысціня навакольнага асяроддзя Антарктыкі абараняецца жорсткімі рамкамі Канвенцыі. Яе падпісваюць усе, хто займаецца тут палярнымі даследваннямі.

Ці можна адкапаць пад вечнай мярзлотай даўнішні смяротны вірус?

З пункту гледжання навукі, Юрый Гігінюк не выключае гэтага.

Бліжэй да цэнтру Антарктыкі знаходзіцца возера «Усход», дзе пад трыма кіламетрамі вечнага ільду хаваецца цёплая вада. Расейцы намагаюцца прабурыць мярзлоту, каб узяць пробы.

«Але ж ніхто не ведае, што можна дастаць адтуль. Магчыма, нейкую заразу, якую лепш не чапаць яшчэ мільёны гадоў. І наадварот, пры ўмяшальніцтве можна занесці заразу ў возера, і ад таго загіне ўнікальная экасістэма».

Агулам жа, па словах палярніка, уплыў чалавека на навакольнае асяроддзе ў Антарктыдзе заўважны. Напрыклад, часта кідаецца старая тэхніка, якую вельмі дорага і складана вывозіць. Згодна з Канвенцыяй аб ахове рэсурсаў Антарктыкі, усё смецце ад жыцця экспедыцый павінна сартыравацца і вывозіцца з Антарктыды, але так атрымліваецца не заўсёды. То няма месца на караблі, то ён не можа падысці блізка праз лёд.

Фанатыкі вялікай мярзлоты

Удзельнікаў экспедыцыі верталётам перамяшчаюць з карабля на зямлю Антарктыды. 

Удзельнікаў экспедыцыі верталётам перамяшчаюць з карабля на зямлю Антарктыды. 

У кабінеце Юрыя ў Акадэміі навук усе сцены аблепленыя фотаздымкамі з Антарктыды — з сябрамі, паплечнікамі і з пінгвінамі. Побач сядзіць ягоная дачка Ірына, яна таксама кандыдатка навук і працуе разам з татам.

«Канешне, мы хвалюемся яго адпускаць. Збіраем кожны раз вельмі ўважліва, складаем аптэчку, рукой падпісваем на кожным леку «ад галавы», «ад жывата». Але паспрабуй яго не пусці, паглядзіце на яго!», — кажа Ірына і ўсміхаецца.

Але Юрый кажа, што зараз у людзей рамантызм датычна палярных падарожжаў меншае. Для многіх гэта ўжо проста праца, магчымасць зарабіць грошы.

«Прыехаў — пабудаваў. Узяў у вечары ноўтбук, пачытаў нешта, або фільм паглядзеў. Гэтым рэзка адрозніваюцца навукоўцы, асабліва біёлагі. Заўсёды ідуць, збіраюць нешта, вочы гараць, тут лішайнік, там казулечка нейкая. Бо калі ты трапляеш туды, ты здзіўляешся гэтай прыродзе, гэтым раслінам. Кусочак адшчыкнуць, прывезці сюды і тут сядзець над ім. Увесь час у пошуку. Гэта незвычайнае месца на зямлі, і хоць ты працуеш там па 10-15 гадзінаў, але імчыш туды ізноў і зноў, праз гэтыя мары-акіяны», — распавёў біёлаг-палярнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?