У Беларусі кожны чацвёрты работнік арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту, — 27% — атрымлівае даплату да мінімальнай заработнай платы, паведамілі ў Федэрацыі прафсаюзаў. Па дадзеных маніторынгу, у асноўным гэта тычыцца абслуговага персаналу - прыбіральшчыкаў памяшканняў, кладаўшчыкоў, гардэробшчыкаў, санітарак, малодшых медыцынскіх сясцёр, кухараў ды іншых.
Па дадзеных Федэрацыі прафсаюзаў, сёння не выконваецца абавязацельства па забеспячэнні паслядоўнага набліжэння стаўкі 1-га разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і прыраўненых да іх па аплаце працы да ўзроўню бюджэту пражытковага мінімуму.
- У бюджэтнай сферы складваецца недапушчальная сітуацыя, - сказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. - Чалавек адпрацаваў 22 дні па восем гадзін у дзень, і яму па сённяшніх тарыфах налічваюць заработную плату менш за «мінімалку». І такім людзям даводзіцца даплочваць да мінімальнай зарплаты, якая складае 265 рублёў. Прычым дадзеная праблема тычыцца досыць вялікай колькасці занятых у бюджэтнай сферы. Гэтую сістэму трэба ў корані змяняць (я маю на ўвазе тарыфную сетку). Мы спадзяемся, што сацыяльныя партнёры падтрымаюць нашы прапановы, паколькі ўжо наспела неабходнасць прымаць прынцыповыя рашэнні па гэтым пытанні.