Справу разглядаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Кіроўца хуткай быў прызнаны вінаватым, аднак з рашэннем суда ён не пагадзіўся і падаў апеляцыю.
Аварыя са смяротным вынікам адбылася ў Гродне 20 красавіка каля 21.45.
Хуткая з уключанымі пробліскавымі маячкамі сіняга колеру везла пацыента з інфарктам у правай паласе вуліцы Савецкіх памежнікаў.
З левага боку па пешаходным пераходзе ў напрамку прыпынку каля абутковай фабрыкі дарогу спрабавалі перабегчы дзве дзяўчыны: адна з іх паспела забегчы на тратуар, другую збіла машына. На наступную раніцу 28-гадовая пацярпелая памерла ў бальніцы.
— Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу - кіроўца падаў апеляцыю, — распавёў TUT.BY начальнік аддзела арганізацыйнага забеспячэння судовай дзейнасці Гродзенскага абласнога суда Павел Варэйка.
Суд першай інстанцыі 29 верасня прысудзіў кіроўцу да 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову — так званую «хатнюю хімію», і пазбавіў яго правоў на 4 гады.
З рашэннем суда кіроўца не пагадзіўся і падаў апеляцыйную скаргу, якую будзе разглядаць Гродзенскі абласны суд.