Фота Сяргея Гудзіліна.
«Шукаю цябе», «Прызнавашкі», «Разумніцы», «Курыцы», «Самыя прыгожыя людзі», «Пахабны», «Знаёмствы»… У дзясятках паблікаў людзі абменьваюцца навінамі, знаёмяцца, крытыкуюць і даюць адно аднаму парады. Плюс у тым, што для кожнага беларускага горада ёсць свая суполка, таму лёгка быць у курсе таго, што адбываецца ў тваім раёне ці вобласці, нават калі ты ў гэты момант жывеш за мяжой.
Сярод іншых асабліва вылучаюцца старонкі са шматтысячнай аўдыторыяй «Падслухана», дзе людзі ананімна дзеляцца сваімі жыццёвымі гісторыямі.
Права не называць сваё імя, а, значыць, і не несці адказнасць за свае словы, дазваляе свабодна выказвацца на тэмы, якія не заўсёды агучыш нават псіхолагу. Тым больш, у інтэрнэце дадуць бясплатную параду, праўда, не факт, што гэта дапаможа.
Мы прааналізавалі самыя папулярныя паблікі «Падслухана» шасці абласных беларускіх цэнтраў і зрабілі высновы, што найбольш хвалюе нашых суграмадзян. Усходняя частка краіны ў гэтым плане выглядае найбольш актыўнай.
Падпісанты магілёўскага пабліка заўсёды ў курсе апошніх навін, яны абмяркоўваюць іх пастаянна. Яны жадаюць адно аднаму добрай раніцы, раздаюць котак і сабак, шукаюць згубленыя пярсцёнкі і кашалькі, падбіраюць кампаніі, каб разам наведаць трэнажорную залу, танцы ці проста прагуляцца ўвечары.
Магілёўцаў раздражняюць голыя торсы мужчын у транспарце і смецце, якое гараджане любяць выкідаць то з вокнаў, то сабе пад ногі.
А яшчэ шмат мясцовых не хочуць служыць у войску. Каб адкасіць, прапануюць паляжаць у «вар'ятні», набіць на твар татуіроўку ці часова стаць геям. Карацей, народ у нас просты.
Для жыхароў Віцебска ў 21 стагоддзі ўсё яшчэ актуальныя пошукі добрай варажбіткі.
Мясцовыя кабеты вучаць зямлячак сядаць хлопцам на калені, калі тыя не саступаюць месца ў транспарце. Усе разам, як і ў Мінску, лаяцца на аўтамабілістаў, што паркуюцца не па правілах (нядаўна праз такіх вось малайцоў у двор аднаго з віцебскіх дамоў не змагла праехаць пажарная машына).
Гамельчукі з зайздроснай перыядычнасцю абмяркоўваюць медыцыну: заклікаюць наведнікаў бальніц не заходзіць у кабінеты, калі там некаму робяць рэнтген ці хтосьці сядзіць у гінекалагічным крэсле. Плюс у мясцовых да гэтага часу не знік азарт, звязаны з калекцыянаваннем бонсцікаў.
У Гродне часцей за ўсё абмяркоўваюць закупы прадуктамі і адзеннем у краінах-суседках, але цяпер іх паблік «Падслухана» амаль заглух. Тое самае можна сказаць і пра Брэст. Чамусьці ў заходняй частцы краіны паблікі з маналогамі не прыжыліся.
Што тычыцца мінчукоў, то яны незадаволеныя маруднымі тэрміналамі, маленькімі заробкамі, цыганамі, якія ліпнуць на вуліцах, тым, што людзям з інваліднасцю складана працаўладкавацца, а ў метро трэба саступаць месца нахабным бабулям.
Але больш за іншае жыхароў усіх абласных гарадоў хвалююць адносіны і сэкс — менавіта гэтаму прысвячаецца кожны другі пост.
— Як знайсці новага мужа, калі ты развялася, але маеш дзіця?
— Што рабіць, калі табе 27, усе аднакласнікі маюць сям’і, а ты ўсё яшчэ без адносін?
— Чаму хлопцаў прывабліваюць «ТП»?
— Што рабіць, калі муж хавае тэлефон і не дае пачытаць свае паведамленні?
— Што рабіць, калі жонка адмаўляе ў сэксе ў якасці маніпуляцыі?
— Чаму жанчын цікавяць толькі грошы?
— Як развесціся з мужам і пакінуць на яго дзіця?
Кожны дзень у пабліках з’яўляецца новая нешчаслівая (радзей — наадварот) гісторыя. У каменты адразу ж набягаюць усёзнайкі-псіхолагі. Прапануем азнаёміцца з самымі вогненнымі, што з'явіліся ў апошні час (як лічыце, ці ёсць сярод іх фэйкі?).