Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН лідэр аргкамітэта па стварэнні Руху за Свабоду, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.

Тэме нармалізацыі адносінаў Беларусі і ЕС было прысвечана выступленне Мілінкевіча на міжнароднай канферэнцыі «Еўрапейская палітыка добрасуседства: ці будуць парламенцкія выбары ў Беларусі дэмакратычным выбарам?». Канферэнцыя праходзіла 5—8 верасня ў Вільні.

«Неабходная паслядоўнасць выканання ўзаемных крокаў і забавязаньняў абодвух бакоў», — мяркуе А. Мілінкевіч. Ён падкрэсліў, што 12 умоў ЕС па нармалізацыі адносінаў «як былі, так і павінны застацца». «Гэтыя ўмовы правільныя, іх выканання неабходна дабівацца, — заявіў палітык. — Але беларуская ўлада не ў стане выканаць іх усе адначасова, таму пачынаць трэба з трох асноўных».

У ліку такіх асноўных умоў А.Мілінкевіч назваў вызваленне палітзняволеных, свабоду СМІ і правядзенне дэмакратычных выбараў. «Палітзняволеныя ўжо вызвалены, але ўсё яшчэ ёсць «справа чатырнаццаці». Па сітуацыі з медыямі яшчэ нічога не рабілася. У выбарчым працэсе ёсць касметычныя змены, але выбары, па сутнасці, будуць ранейшымі, таму што ва ўчастковыя камісіі практычна не ўключаны прадстаўнікі дэмакратычных кандыдатаў», — зазначыў палітык.

Як лічыць А. Мілінкевіч, наладжваць адносіны Беларусі і ЕС трэба як мага хутчэй. «Залежнасць нашай краіны ад Расіі вельмі хутка расце. Гэтыя небяспечныя крэдыты, якія мы бярэм, праз пару гадоў могуць прывесці да катастрафічнай сітуацыі, калі ў нас не будзе эканамічнай свабоды, калі мы будзем у поўнай залежнасці ад Расіі», — заўважыў палітык.

Нармалізаваць адносіны з Еўропай неабходна яшчэ і таму, што, паводле слоў Мілінкевіча, «ЕС можа сур'ёзна дапамагчы ў рэфармаванні нашай эканомікі». «Пры выкананні Беларуссю 12 умоў Еўрасаюз у стане дапамагаць мадэрнізацыі нашай краіны і, тым самым, умацаванню незалежнасці краіны», — сказаў экс-кандыдат у прэзідэнты.

На думку А.Мілінкевіча, у якасці заахвочвання беларускіх уладаў да далейшых пераўтварэнняў ЕС можа «часткова або поўнасцю адмяніць санкцыі, паступова вярнуць прэферэнцыі, дапамагаць у правядзенні рэформаў». «А людзям, якія выступаюць супраць адмены санкцый, пабойваючыся таго, што на гэтым працэсы дэмакратызацыі могуць закончыцца, я вельмі спакойна скажу: санкцыі можна вярнуць зноў за адзін дзень. ЕС важна прадэманстраваць сур'ёзнасць сваіх намераў, каб у беларускіх уладаў недавер змяніўся на веру ў тое, што гэты працэс з'яўляецца пазітыўным для нашай краіны», — заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?