14 верасьня каталікі як бізантыйскага, так і лацінскага абраду сьвяткуюць Узвышэньне Пачэснага і Жыватворчага Крыжа. У грэка-католікаў Крыжаўзвышэньне ўваходзіць у лік двунадзясятых сьвятаў.

Пачатак сьвяту Крыжаўзвышэньня дало асьвячэньне храма Гасподняга Уваскрасеньня ў Ерусаліме, які пабудаваў на Гальгоце рымскі імпэратар Канстанцін Вялікі. Асьвячэньне мела месца 13 верасьня 335 года, а на наступны дзень адбылося ўрачыстае ўзвышэньне адшуканага сьвятога крыжовага дрэва. Пад час узвышэньня прысутныя шматразова ўсклікалі: «Госпадзе, зьмілуйся». Шматразовае паўтарэньне гэтай кароткай малітвы лягло ў аснову розных адмысловых абрадаў узвышэньня крыжа, якія адпраўляюцца ў час сьвяточных богаслужбаў у цэрквах усходняй традыцыі.

Другое ўрачыстае ўзвышэньне крыжа адбылося 14 верасьня 618 года пасьля таго, як бізантыйскі імпэратар Гераклій, перамогшы персаў, вярнуў сьвяты крыж у Ерусалім з 14-гадовай пэрсыдзкай няволі.

Паколькі сьвята Крыжаўзвышэньня нагадвае пра ўкрыжаваньне і сьмерць Хрыста і прыраўноўваецца да Вялікай пятніцы, з даўніх часоў Царква наказвае ў гэты дзень прытрымлівацца строгага посту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?