14.10.2017 / 20:25

Чалавек, які прайшоў праз Печы, рашыўся на прызнанне: Мяне апускалі тварам у г…о. Афіцэры ўсё гэта бачылі 86

Сцяпан Кульчанка быў у Печах у вучэбцы, пасля служыў у Мар'інай Горцы. Пасля службы працаваў у міліцыі, але зразумеў: гэта не ягонае. І пайшоў рабіць звычайным рабочым на хімзавод. Цяпер ён працуе ў прыватным бізнэсе. Калі стала вядома пра смерць салдата Коржыча ў Печах, 36-гадовы Сцяпан вырашыў: трэба расказаць, як яго ламалі ў Печах, расказаць, што гэта не выпадковасць, а сістэма. «У Мар'інай Горцы служылася зусім інакш, як на курорце», — падкрэслівае ён. А ў Печах было пекла.

Сцяпан Кульчанка служыў у Печах 6 месяцаў, з сярэдзіны 2000-га да пачатку 2001 году. Цяпер яму 36 гадоў, прызываўся ён ва ўзросце дзевятнаццаці. Сцяпан ніколі публічна не расказваў пра тое, што зь ім адбывалася падчас службы пад Барысавам. 

Радыё «Свабода» са скарачэннямі публікуе ўспаміны былога салдата тэрміновай службы.

Грошы для прапаршчыка на марожанае

«Нас прывезлі ў Печы з Мінска яшчэ ў «гражданцы». Размеркавалі ў казармы на ноч. Лёг спаць, заснуў. Прачнуўся ад таго, што накінулі на шыю рэмень, ударылі пад дых. Малады сяржант. Крычыць: «Дай грошы прапаршчыку на марожанае!» А нас там такіх 200 чалавек. Усе з провадаў толькі, пры грашах».

«Другі дзень у Печах у мяне таксама быў не вельмі добрым. Выдалі абутак са словамі: «Каб табе добра хадзілася па савецкай зямлі». Гэта значыць, на адзін памер меншы. Я пайшоў да прапаршчыка скардзіцца, а ён мне кажа: «Хочаш мітынгаваць? Я вось табе зараз дам плакат, фарбы. Малюй лозунг і хадзі вакол казармы, мітынгуй». Тое самае мне потым сказаў камбат. Гэта ўсё яны мяне перавучвалі, бо на маёй асабістай справе было чырвоным фламасцерам напісана — БНФ. Я сам бачыў. Шэсць месяцаў я ў такім абутку адхадзіў і кросы бегаў. Калі перавёўся ў Мар’іну Горку, абутак памянялі ў першы ж дзень».

«Потым «суботнікі» пачаліся. «Суботнік» — гэта калі з атрыманых салдатамі грошай яны скідваюцца сяржантам на дзяўчат. Дзяўчат прыводзілі проста ў казарму, нас зганялі ў адзін кут на некалькі гадзінаў, а з дзеўкамі ўжо ў другім былі яны.

Хто бліжэй аказваўся, мог усё бачыць. Проста на вачах сяржанты гэта рабілі. Мноства дзяўчат праходзіла там. Некаторых мы ўжо ведалі. Былі і жанчыны. «Суботнікі» па начах праходзілі».

«Грошы давалі сяржантам не ўсе. Я не даваў. Іншыя хлопцы супраціўляліся. Не магу сказаць, што было поўнае падпарадкаванне. Былі выпадкі, калі хлопцы аб’ядноўваліся і разам супрацьстаялі сяржантам. Пры мне пінскія трымаліся разам, я нават здзівіўся, што яны так арганізаваліся самі. Але калі нехта не плаціў, то былі «санкцыі».

«У прыбіральні любілі зачыніць. Насыплюць туды хлоркі і зачыняюць салдата. Уначы маглі падняць. Гадзіна ночы, а сяржант каманду «пад’ём» дае. Гэта як мінімум. Хто працягваў супраціўляцца, таму дужкай па нырках білі. Накрывалі на ложку матрацам і білі. Гэта каб слядоў не заставалася. Слядоў не відаць, але ў мяне дагэтуль пасьля такіх «працэдур» спіна баліць. І ныркі хворыя».

«У аднаго хлопца — здаецца, ён з Барысава быў — грошай проста не было. Бедная сям’я, ён не мог папрасіць. Яму даставалася больш за іншых. Яго больш крыўдзілі, адпраўлялі на брудную працу на ферму».

«Лісты ўсе чыталі нашы. Ведалі, што грошы прыйшлі. Адзін ты ня мог ісці на пошту, толькі з сяржантам. Ну і ён на месцы таксама праcіў прапаршчыку на марозіва».

«Рытуал» дзедаўшчыны ў адной з часцей Барысава.

Любоў да радзімы ў прыбіральні

«Асабіста мяне вучылі «любіць Радзіму». Адбывалася гэта ў прыбіральні. Замыкалі ўначы і загадвалі 12 разоў запар праспяваць гімн БССР. Менавіта БССР, а не сучасны. Чамусьці ім ён больш падабаўся. Пакуль не праспяваеш 12 разоў, адтуль не выпускалі. Я супраціўляўся. Тады заходзілі і ў г… тварам апускалі».

«Ад настрою сяржантаў шмат што залежала. Нават магчымасць паесці. Мы маглі абедаць, толькі калі сяржанты сядзяць за сталом. Яны ўсталі — і ўсё, ежы больш не даюць. Часам мы проста не паспявалі атрымаць сваю порцыю. Гэта нармальным лічылася, калі чалавек дзесяць не паабедалі альбо не павячэралі».

«Бывала так, што салдаты хадзілі скардзіцца да кіраўніцтва часткі. Такіх потым на смех падымалі. Маўляў, ты не мужык. А гэта ж абраза. Вы падумайце, толькі ў маёй роце 80 чалавек. А ніхто не расказвае. Які мужык вам раскажа, што яго тварам у г… апускалі?».

«Помсцілі прапаршчыкам і сяржантам збольшага па дробязі. Загадае боты пачысьціць — яму там дзірку зробяць. Такі быў супраціў. А што ты зробіш? Прыходзілі ў казармы ідэалягічныя супрацоўнікі. Альбо спецыялісты па выхаванні. Дык яны нічым не адрозніваліся ад нашага камбата».

«На другі месяц службы шмат у каго дах ехаў. Асабліва ў людзей з вышэйшай адукацыяй. Ім зусім цяжка было. Яны маральна не былі гатовыя да здзекаў. Не маглі паверыць, што ўсё гэта рэальна адбываецца. Уявіце, што чалавек з вышэйшай адукацыяй можа лезці ў бак са сьмецьцем і шукаць там кавалкі хлеба, якія сяржанты не даелі і свінням выкінулі. Слёзы цякуць, а чалавек есць».

«Сістэма дзейнічае таму, што адбор ідзе з самага пачатку. Ніводны сяржант ці афіцэр не раскажа вам праўды аб Печах. Яны сабе людзей падбіраюць з ліку курсантаў. Выбіраюць найбольш нахабных, пакідаюць у частцы, робяць сяржантамі. Потым гэты сяржант ідзе ў школу прапаршчыкаў… Гэтыя людзі робяць з навічкамі тое самае, праз што прайшлі некалі самі. Яны нічога не будуць спыняць».

Фота Сяргея Гудзіліна.

Мы жылі думкамі пра перавод у іншую частку

«У мяне не было думак пра самагубства. Магчыма, таму, што я адразу настройваўся на горшае. Але я бачыў, як фізічна моцныя хлопцы ў Печах падалі духам. Чуў, што людзі абмяркоўвалі магчымасць адсекчы палец сякерай альбо страўнік перцам спаліць. Каб з войска камісавалі».

«Я не магу дакладна cказаць, што адбылося з Аляксандрам Коржычам. Забойства гэта, самагубства ці давядзенне да самагубства. Ведаеце, тут усё можа быць. У сяржантаў у Печах дах едзе, яны багамі сябе адчуваюць, не могуць спыніцца. Давесці некага там да самагубства — гэта вельмі проста».

«Я вырашыў пра ўсё расказаць, бо баюся, што справу Коржыча спішуць на некалькіх сяржантаў, магчыма прапаршчыка, і ўсё. Знойдуць некага. Але ў казарме ўначы павінен быць таксама афіцэр. У нас было так, што праз сцяну ад прыбіральні быў пакой афіцэра. І яны заходзілі ў прыбіральню па сваіх справах проста падчас здзекаў, спраўлялі патрэбу і сыходзілі. Часта п’яныя былі… Я бачыў таксама, што камбат біў сяржанта за тое, што ён слаба на нас цісне».

«Мы жылі тым, што нас перавядуць у іншыя часткі. Калі я з Печаў трапіў у Мар’іну Горку, то гэта была нібы Турцыя, курорт. Афіцэры іншыя. Крыкаў не было, ціску. Мяне камбат у першы дзень да сябе паклікаў, папрасіў, каб было «без палітыкі», і ўсё. Ніякіх праблем больш не было. Салдаты маглі нешта паміж сабой усчаць, нейкі канфлікт. Але камандаваньне часткі іх адразу спыняла».

2
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
14.10.2017 / 16:16
Болей бы такіх апавяданняў. І скласці з іх белую (а мо і чорную) кнігу.
1
Васіль Астрэйка / Адказаць
14.10.2017 / 16:18
Дзякуй, Сцяпан, што расказаў праўду.
1
каментар / Адказаць
14.10.2017 / 16:21
А як прозвішчы мучыцеляў, ці Вы ім даравалі?
Паказаць усе каментары/ 86 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру