15.10.2017 / 09:31

Радзіма Касцюшкі: Мерачоўшчына ці ўсё ж Марачоўшчына?  19

Піша Алесь Зайка з Заполля (Івацэвіцкі раён).

Сёння, 15 кастрычніка — 200 гадоў з дня смерці нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Францыі і ЗША Тадэвуша Касцюшкі.

Назву ўрочышча, былога фальварка і сядзібы, дзе нарадзіўся вядомы ўсяму свету Тадэвуш Касцюшка, даследчыкі яго жыцця пішуць па-рознаму. Адны — Марачоўшчына, другія — Мерачоўшчына.

Польскі «Слоўнік геаграфічны» (Варшава, т.4, ст.259, 1885 г.) фіксуе найменне фальварка, дзе нарадзіўся Касцюшка, у форме Mereczowsciznа і перакладаецца па-беларуску як Мерачоўшчына.

Польскія біёграфы Тадэвуша Касцюшкі такія, як Т.Корзун, Ф.Канечны, Т.Раеўскі, З.Сулек, Б.Шындлер, Л.Ратайчык і інш аднадушна пагаджаюцца з гэтай назвай… Айчынныя даследчыкі жыцця і дзейнасці славутага земляка дружна паўтараюць за палякамі назву Мерачоўшчына. А вядомы знаўца біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі гісторык Уладзімір Емяльянчык у кнізе «Нарадзіўся я літвінам…», якую напісаў у сааўтарстве з Язэпам Юхо, фіксуючы назву месца народзін Касцюшкі як Марачоўшчына, ужо ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» ў артыкуле пра Касцюшку ўжывае тапонім Мерачоўшчына.

Якая з гэтых двух форм напісання правільная? Давайце звернемся да гістарычных крыніц, якія могуць праліць святло на спрэчнае пытанне.

Першае ўпамінанне фальварка датуецца 23 кастрычніка 1597 года, калі быў складзены інвентар маёнтка Косава, запісаны ў актах Слонімскага земскага суда.

Чытаем «Фальварак Косаўскі на Марачоўшчыне…» і далей пералічваецца падрабязна нерухомая маёмасць фальварка. У дакуменце назва фальварка падаецца і яшчэ ў іншых формах: «…пашні фальварка Марачоўскага,…агароднікі таго фальварка Марачэўскага».

Адзначым, што ўжо ў XVI стагоддзі ў назве фальварка праяўляецца характэрная асаблівасць сучаснай беларускай мовы — поўнае аканне, што якраз і не ўласціва польскай мове. Вось чаму яны былі вымушаны пісаць «Меречовшчызна». 

І, на нашу думку, асабліва важна: польскія мовазнаўцы абсалютна ігнаравалі вусную форму бытавання гэтага тапоніма. Адтуль, з сівой даўніны і да сёння, увесь ваколічны люд называе гэтае месца Марачоўшчынай. І толькі так. Гэтая назва і павінна быць замацавана ў гістарычнай навуцы.

Што датычыць лексічнага значэння тапанімічнай назвы Марачоўшчына, то ў аснове яго ляжыць старабеларускі апелятыў марочна, які азначае — балота, дрыгва, балоцістая мясцовасць. Вось што піша пра гэты тэрмін у сваёй кнізе «Славянская геаграфічная тэрміналогія» Мікіта Талстой: «Тэрмін марочна прымяняецца ў адносінах да пінскіх вялікіх балот з беднай расліннасцю… на такім марочным балоце не косяць, а збіраюць журавіны. Марочнае балота павінны, відаць, этымалагізаваць як змрочнае, цёмнае балота».

І сапраўды. Кожны, хто знаёмы з мясцовам ландшафтам, пагодзіцца з такім тлумачэннем назвы. Глыбокая ўпадзіна, якая пачынаецца недзе каля вёскі Жамайдзякі, цягнецца праз само мястэчка Косава ажно да рэчкі Грыўда. Гэтую ўпадзіну разразае рэчка. Некалі яна называлася Рудаўка, што значыць рудая, цёмная. Даўней вада яе круціла ажно колы трох млыноў. Берагі яе былі дрыгвяністыя, гіблыя, марочныя. І да гэтага часу там працякае рака. Толькі цяпер яна мае іншую назву — Муцвіца, і на шляху яе плешчуцца рукатворныя азёры, якія звязаны з рэчкай Грыўдай прамой плыткай канавай…

* * *

Алесь Зайка — этнограф, краязнаўца. Выкладае ў школе ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна. Аўтар кніг «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», «Населеныя пункты Івацэвіччыны».

1
Майк Вэ / Адказаць
15.10.2017 / 09:39
Недалёка ад бабiнага сяла е вёска "Марачы".
1
Мік-цвік / Адказаць
15.10.2017 / 09:59
Шчыры дзякуй за важнае і прынцыповае ўдакладненне! Бо назвы ўласныя на беларускай зямлі павінны быць беларускімі, а не польскімі ці расійскімі (Новогрудок-Наваградак, Бжэшч-Берасце, Грудно-Гародня, Вільнюс-Вільно-Вільня)!!!Адсёння -толькі Марачоўшчына
0
Аляксей Хадыка / Адказаць
15.10.2017 / 10:04
Пры жыцці Емельяновіч быў Емельянчыкам
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру