Вынікі даследавання спецыялістаў з некалькіх навуковых цэнтраў Францыі апублікаваныя ў часопісе Sleep.
У эксперыменце ўдзельнічалі 232 чалавекі рознага ўзросту і полу. У большасці былі паводніцкія праблемы, звязаныя са сном, - у стане глыбокага сну яны вялі сябе неспакойна, хадзілі або пакутавалі ад кашмараў, таму часцей, чым здаровыя людзі, размаўлялі ў сне. Навукоўцы на працягу некалькіх начэй адсочвалі, што менавіта і як яны прамаўляюць.
Даследчыкам удалося разабраць амаль тры з паловай тысячы слоў. Самым папулярным з іх выявілася слова «не». У цэлым размовы ў сне былі агрэсіўнымі - людзі з кімсьці канфліктавалі, высвятлялі адносіны, камусьці пагражалі. Да 10% фраз утрымлівалі брудную лаянку, прычым у мужчын - значна часцей, чым у жанчын.
Пры гэтым у сне ўдзельнікі ўслых выкарыстоўвалі ненарматыўную лексіку і праяўлялі слоўную агрэсію значна вальней, чым падчас няспання. Ветлівыя словы і фразы ў размовах у сне сустракаліся параўнальна рэдка.
У той жа час, нягледзячы на эмацыйнасць, гаворка удзельнікаў была граматычна і сінтаксічна правільнай, з сэнсавымі націскамі.
Падчас ўяўнай спрэчкі з кімсьці людзі нават рабілі паўзы, як быццам даючы суразмоўцу магчымасць адказаць на абвінавачванні, што кажа пра тое, што мозг у гэты час актыўна працуе, адзначылі даследнікі.
Жорсткі, агрэсіўны характар размоваў у сне можа быць адлюстраваннем сапраўдных негатыўных пачуццяў, што з нейкіх прычынаў засталіся ўтоенымі, не выказанымі ўслых днём, мяркуюць аўтары даследавання.