15.09.2008 / 07:28

Горадня: дзьве васьмёркі, нуль 2

У сабачае надвор’е ўлады адзначылі гадавіну гораду, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.

Прызнацца, мне самому больш падабецца назва “Гармата для канфэці”, але называю гэты тэкст інакш, каб прыцягнуць вочы магчымага чытача. Гармата для канфэці была ці не найбольш незвычайнай на сьвяце 880-годзьдзя, хоць і не сапраўднай, але вельмі маскараднай нават побач зь ня вельмі натуральным карагодам удзельнікаў гістарычнага спэктаклю. Хай гэта ўвогуле якоесьці дзіцячае прызнаньне, але сам я ўпершыню ўбачыў яе на свае вочы, прычым зблізку, і яна мне вельмі спадабалася.

Калі гэта краіна сьнежных гарматаў, чаму б ёй урэшце ня стаць краінай гарматаў для канфэці? Якой яна ўжо робіцца: краінай суцэльных музбазараў, фолькшэсьцяў, рэтрашлягераў, карнавальнай страляніны рулькамі туалетнай паперы з рыцарскіх гарматак, выбухаў канфэці, халодных, як бэнгальскія агні, афіцыйных і цяплейшых — вясельных фэерверкаў, рымскіх агнёў кітайскай вытворчасьці… Якаясьці гарадзенскай атмасфэра канца 18-га стагодзьдзя, дальбог. Маўклівы парлямэнт, сьлёзы караля.

Першае ўражаньне шэрага сьвяточнага дня: панылыя ручаіны школьнікаў пад парасонамі з абавязковым шарыкам у руцэ, што сьцякаліся на “парад” працоўных, дзяцей, моладзі, нямецкіх рэксаў і міліцыянтаў пры іх з калахамі. Закаркаваная спыненым да каманды парадам пешаходная вуліца. Рыцарская гульня для начальства, астатняя публіка магла бачыць яе дзякуючы навінцы — лічбаваму табло над галовамі.

Асобы з гарадзенскай гісторыі, нечакана вельмі падобны, шатамі, барадой Стэфан Баторы, каралева Бона таксама бадай выглядала досыць па-каралеўску. Трэба сказаць, затое, дамы прыдворныя ў лепшым разе здаваліся куртызанкамі. Апошняга караля я асабіста папросту не пазнаў, выглядаў болей на фарэйтара ад карэты, зь якой выходзілі дамачкі ў парыках. Знаеце, у тэатры часам ставяць штось з Мальера, якіясьці камзолы ў гардэробе ў наяўнасьці. Але відавочным стала: у каралеўскім горадзе нічога каралеўскага ў рэпэртуары, пагатоў з Бонай Сфорцай, Баторыем і г.д. няма. Леташні прэм’ерны “Голы кароль” — у разьлік браць няможна.

З рэксамі ўсё нармальна, з калахамі таксама, нават з гарматай для канфэці. А вось Мальер наш маланатуральны, бо гэта зусім не Мальер каралеўскіх часоў, які трапіў у Горадню напрасткі з Парыжу, прынамсі праз Варшаву. Не, гэта Мальер маскоўска-пензенскі, на савецкіх дражджах, двойчы імпартаваны. Хаця гасьцям спадабалася прынамсі само зьяўленьне сярод узвода а-ля салдат Вялікай айчыннай, ды іншых абаронцаў савецкай радзімы, актораў у камзолах і парыках. Я таксама адчуў крыху культурны шок, калі, халера, Станіслаў наш Аўгуст Панятоўскі ўпершыню не па-польску, а па-беларуску загаварыў, не камплексуючы лішне. Малойца! Дый польскі начальнік зь Беластоку не абразіўся, наадварот, пахваліў, прызнаўся, што глядзеў відовішча з ўзрушэньнем. Калі вы ўсе гэтак любіце свой горад, заўтра абавязкова будзе цяплей, закончыў ён свой выступ. І што вы думаеце? Сапраўды наступнага дня вызірнула сонца.

Сяргей Астравец

0
Вясковец / Адказаць
15.09.2008 / 08:54
Цудоўны артыкул.. Падкажыце, а Мальер быў праездам у Вялікім Княстве, ці гэта такая прыгожая мэтафара? ;-)
0
MShmel / Адказаць
15.09.2008 / 10:13
Думаю, Сяргей хацеў сказаць пра творы Мальера, якія раней траплялі да нас з Парыжа ці праз Варшаву, а цяпер - праз Маскву.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру