У адной мэдыцынскай канторы кажуць: «Што б Вы хацелі выпіць пасьля працэдуры — каву ці гарбату?» Хм. Нічога не хацела б. Па-першае, нашча, а па-другое, пытаньне ўводзіць мяне ў ступар. Я ўзгадваю, як некалі такая мода пачалася ў салонах прыгажосьці (калі аўтаматаў яшчэ не было) і трэба было піць, нават калі піць не надта хацелася. 

Як ставіцца да таго, што «дармавы» (у двукосьсі, бо кошт працэдуры аплочвае каву-гарбату некалькі разоў) напой прапаноўваюць у медыцынскай лабараторыі, я не ведаю. З аднаго боку, гэта прагрэс і «цывілізацыя», з іншага боку, гэта рэгрэс, бо я не ў салоне прыгажосьці і «старасьць не радасьць». 

За прапанову я дзякую, але ад напою адмаўляюся: не магу сябе ўявіць у 7.30 раніцы расьпіваючай каву нашча пасьля аналізу крыві. 

А некаторы б напісаў: «І вось я замовіў каву, а ў мяне якраз быў пры сабе ноўтбук, і пакаціў сюжэт, а калі я ачуняў, то быў ужо вечар і адміністратарка прапанавала мне каву ў парцалянавай філіжанцы…» 

Толькі ў маім выпадку канцоўка была б, як у японскім квайдане: «І болей у гэнай вёсцы ніхто не жыве». Бо сэндвічы засталіся б не запечанымі, гарбата ад кашлю не заваранай, урокі праспаныя, а шалік на шыі не завязаны слабкім а слабкім, як у нас гавораць, вузлом пад дзікія крыкі «А-а-а! Ён мяне душыць! Ты злая». 

Ну вядомая справа.

Так што каву я папіла дома. Што ж мне, зладзейцы, застаецца рабіць?

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?