15.09.2008 / 07:25

Канец шасьцідзясятніцкіх ілюзій 14

Камунізм, у сэнсе ліквідацыі перажыткаў і поўнага дабрабыту, надышоў не ў 1980 годзе, а недзе ў 2005-м, і не ва ўсім Савецкім Саюзе, а толькі на тэрыторыі сувэрэнннай Рэспублікі Беларусь. І тады выявілася, што людзям не патрэбная ўся праўда. І нават каліўца яе не патрэбна, калі ім жывецца добра. Піша Віталь Тарас.

Камунізм, у сэнсе ліквідацыі перажыткаў і поўнага дабрабыту, надышоў не ў 1980 годзе, а недзе ў 2005-м, і не ва ўсім Савецкім Саюзе, а толькі на тэрыторыі сувэрэнннай Рэспублікі Беларусь. І тады выявілася, што людзям не патрэбная ўся праўда. І нават каліўца яе не патрэбна, калі ім жывецца добра. Піша Віталь Тарас.

Сьмешны анахранізм

У дзяцінстве многія словы падаюцца сьмешнымі. Мне, напрыклад, падавалася забаўным слова «анахранізм». Адкуль было ведаць у дзяцінстве, што анахранізм як зьмяшэньне эпохаў, як несупадзеньне твайго індывідуальнага адчуваньня часу з гістарычным – гэта жахлівая рэч. За часам Хрушчова пад анахранізмам разумеліся, звычайна, «перажыткі» – царква, народныя звычаі, мова. Усё тое, што перашкаджала савецкім людзям на шляху да камунізму. Пэрсанальна Хрушчову (свайго роду Пуціну 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя) на гэтым шляху заміналі ўсе нацыянальныя мовы – у тым ліку, беларуская, якія павінны былі хутка адмерці. Першы сакратар ЦК КПСС, ён жа – Старшыня Прэзыдыюму Савету Міністраў СССР, крыху памыліўся ў тэрмінах. Камунізм, у сэнсе ліквідацыі перажыткаў і поўнага дабрабыту, надышоў не ў 1980 годзе, а недзе ў 2005-м, і не ва ўсім Савецкім Саюзе, а толькі на тэрыторыі сувэрэнннай Рэспублікі Беларусь. Праўда, РБ як бы ўваходзіць у склад «саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі», але гэта толькі даводзіць справядлівасьць яшчэ аднае тэзы – камунізм сатрэ ўсе межы.

Справа не ў абстрактным прынцыпе: «ад кожнага паводле здольнасьцяў, кожнаму – паводле патрэбаў». Справа ў практычнай рэалізацыі мараў савецкага чалавека. Хочаш аўтамашыну, ды яшчэ імпартную – калі ласка! Хочаш кватэру ў горадзе ці пабудаваць дом – і гэта мажліва яшчэ пры тваім жыцьці, а не ў «цудоўнай далечыні». Ёсьць мабіла апошняй мадэлі, зь якой можна пасылаць ммс з выявамі шчасьлівага жыцьця, ёсьць гарэлка, ёсць бульба з салам, ёсьць піва «Аліварыя» і «Кока-Кола»,
зробленая ў Беларусі. Усё на любы густ і смак. Пра што можна яшчэ марыць!

Вось, скажа нехта, яшчэ адзін стары корч будзе бурчэць пра тое, што ў маладосьці дрэвы былі зелянейшыя і сонца ярчэйшае. У апошнім зусім ня ўпэўнены, калі меркаваць па зьменах клімату. А вось што мары ў майго пакаленьня былі нейкія іншыя, і адчуваньне часу...

Гарачыя клявішы

Пісаць пра пачуцьцё «дэжавю» ў гісторыі ўжо зрабілася штампам, агульным месцам. Падзеі на Каўказе, караблі НАТО ў Чорным моры, савецкія стратэгічныя бамбавальнікі ў Вэнэсуэле (гэта не абмылка – яны ж былі вырабленыя яшчэ ў СССР). А там і флягман расейскіх ВМС «Пётра Вялікі» падплывае да Карыбаў. І вось ужо ўсе пачалі згадваць Карыбскі крызіс, 1962 год, сьвет на парозе Трэцяй усясьветнай вайны…

А ўсё-ткі, дальбог, ня цягне Буш-малодшы на Джона Кэнэдзі, а Робэрт Гэйтс (ня блытаць зь Білам Гэйтсам!) на Джона Макнамару. І «нацыянальны лідэр» цяперашняй РФ на ролю Мікіты Хрушчова ня цягне. Ну, ня цягне, нягледзячы на мускулісты торс, валоданьне дзюдо, нямецкай мовай і ўменьне ўстаўляць у свае выступы падрыхтаваныя загадзя фірмовыя нарыхтоўкі кшталту «мачыць у сарціры«, «размазваць соплі», «зробім абразаньне»...

Іншая справа, што і Сарказі – не дэ Голь, і Сара Пэйлін – зусім ня Маргарэт Тэтчэр, хоць кандыдатку ў віцэ-прэзыдэнты ЗША пачалі параўноўваць ужо з жалезнай лэдзі…

Калі малапісьменны Хрушчоў заяўляў з трыбуны: «мы вас закапаем» («сацыялізьм закапае капіталізьм»), на Захадзе з рэальным жахам разумелі, што СССР можа гэта зрабіць – адправіць увесь сьвет у апраметную. У ЗША 45 гадоў таму ўсур’ёз рыхтаваліся да ядравай вайны. І дзеці там разьвітваліся са сваімі бацькамі, кладучыся спаць, — «назаўсёды». Бо заўтра магло не наступіць ніколі.

Парадаксальна, але сёньня такога адчуваньня ўжо няма. (Вось характэрны жарт з папулярнага сайту bash.org: у інтэрнэт-краме пабачыў кнігу «Ядравыя кнопкі. Прыёмы эфэктыўнай працы з выкарыстаньнем гарачых клявішаў». Гэта як? Калі вам лянота выбіраць па адной краіне са спісу, націсьніце Ctrl+A і Enter?) Ядравая зброя ўжо не падаецца гарантыяй неразьвязваньня сусьветнай вайны. Узаемнае гарантаванае зьнішчэньне? А можна ж ваяваць і без ужываньня ядравай зброі і пры гэтым усё адно «забіць шмат людзей», як жартавалі амэрыканскія генэралы ў добрыя старыя часы.

Спробы Расеі заявіць пра свае імпэрскія амбіцыі і прынцыпы (не лезьце ў НАША мора і на НАШ Каўказ, і мы не палезем у ВАШУ Атлянтыку) заснаваныя не на тым, што ваенна-прамысловы патэнцыял краіны вырас у разы за кошт звышпрыбыткаў ад нафты й газу. А на тым, што да ўлады прыйшлі прадстаўнікі рэваншу. І ня проста так прыйшлі – яны, выглядае, былі запатрабаваныя масамі.
Раскол у грамадзтве (аб гэтым пісаў Артур Тойнбі) праходзіць не паміж багатымі і беднымі, не паміж клясамі, як гэта даводзілі марксісты, а празь сем’і, праз сэрца і мазгі кожнага чалавека. І сумленная, думаючая частка грамадзтва, як гэта часьцей за ўсё здараецца ў гісторыі, засталася ў безнадзейнай меншыні. Нават людзі бездакорнай рэпутацыі, тонкага літаратурнага густу – прэзыдэнт Расейскага ПЭН-цэнтру Андрэй Бітаў і Фазіль Іскандэр, аўтар знакамітых аповесьцяў «Сандро з Чэгэму» і «Трусы й удавы» – ня вытрымалі, паставілі свае подпісы пад тэкстам антыамэрыканскай праклямацыі ў духу хрушчоўскага часу. Бітаў, праўда, свой подпіс адклікаў. Але агульнай карціны шчырай падтрымкі замежнай палітыкі Крамля гэта не зьмяніла. Нават у перадачах расейскай службы радыё «Свабода» з удзелам праваабаронцаў вы практычна не пачуеце галасоў тых, хто асуджае дзеяньні Расеі ў Грузіі. Агульнае меркаваньне: «у НАС не было іншага выйсьця». Сумняваюцца ў гэтым пастуляце адзінкі. І гэта пры тым, што паводле дакументальных сьведчаньняў назіральнікаў Human Rights Watch, у Цхінвалі падчас канфлікту былі разбураны 5 адсоткаў будынкаў, а ў навакольных грузінскіх всёках – да 50 адсоткаў і больш, прычым большасьць дамоў былі падпаленыя і разрабаваныя.

Што ж, дзьве тысячы гадоў таму натоўп, як мы ведаем, крычаў: «Распні яго»! Гэта пра тое, што большасьць заўсёды мае рацыю.

Падвойная праўда

Размовы пра мараль сёньня здольныя выклікаць хіба толькі раздражненьне. Эпоха 60-х і шасьцідзясятніцтва як такое яна скончылася на на нашых вачах, з адыходам Быкава. У Беларусі засталіся некалькі мастадонтаў, якіх трэба было б узяць пад ахову дзяржавы. А іх, наадварот, улады цкуюць паводле старой памяці
(дакладней, пвінуючыся жывёльнаму інстынкту), не дазваляюць запрашаць у дзяржаўныя СМІ, нават згадваць у тытрах фільмаў пры паказе на БТ. Ім, «мастадонтам», падавалася, што трэба людзям гаварыць праўду, усю праўду і нічога акрамя праўды – і людзі вызваляцца, ачысьцяцца, стануць іншымі. «Жыць не ў ілжы» заклікаў Салжаніцын, барукаючыся з камунізмам. Камунізму ня стала. Мана засталася.
Выявілася, што людзям не патрэбная ўся праўда. І нават каліўца яе не патрэбна, калі ім жывецца добра.
Альбо людзям так падаецца, бо іншага жыцьця яны ня ведалі й ведаць ня хочуць. І што азначае ўся праўда? Ці вядомая яна самім праўдалюбцам? Альбо нехта прапануе сябе ў ролі мэсіі? Дык у гэтай ролі зручней пачуваецца кіраўнікам дзяржаваў. Ім і веры больш – бо на іх баку моц.

Але самае кепскае палягае на тым, што пятнаццаць апошніх гадоў дэмапазыцыя несла слова Праўды (менавіта так, толькі зь вялікай літары), раскрываючы людзям вочы на ўладу і яе злоўжываньні, трымаючы яшчэ адну маленькую праўду – для сябе. Грантык, паездку за мяжу, магчымасьць уладкаваць сына ці дачку ў замежны інстытут па праграме Каліноўскага. Нічога асаблівага. Усе мы людзі, з сваім клопатам, асабістымі праблемамі, усім трэба карміцца. Хто сам без граху, хай першым кіне камень...

Толькі вось гэтая падвойная праўда – адна для сябе, другая для грамадзтва – яна непазьбежна вяла сваіх носьбітаў да раздвоенай сьвядомасьці, да свайго роду грамадзкай шызафрэніі. Вынікі яе мы сёньня маем шчасьце назіраць падчас сёлетняй выбарчай кампаніі. Сёньня – толькі байкот! Заўтра – удзел з мэтай тлумачэньня выбарцам бессэнсоўнасьці ўдзелу (!) у выбарах. Што будзе заўтра, ніхто нават ня хоча думаць. Тыя, хто патрапіць у палату, напэўна, стануць звысок глядзець на тых, хто туды не патрапіў. А тыя, хто не патрапіў, будуць байкатаваць тых, хто атрымае дэптутацкія «корачкі», абвінавачваць іх у здрадзе. У здрадзе чаму, якім ідэалам? У любым выпадку, новая сытуацыя пойдзе ў нейкім сэнсе на карысьць грамадзтву.

Калі ў парлямэнт патрапіць хоць частка дэмакратычных кандыдатаў, гэта паскорыць разлажэньне апазыцыі старога прызыву. Бясконцае корпаньне ў дробных унтрыпартыйных і міжасабовых праблемках ніяк не дае ёй узьняцца да асэнсаваньня агульнанацыянальных праблемаў на тле глябальных зьменаў, падземнае гудзеньне якіх мы адчуваем ужо амаль фізычна.

А вось ці прыйдзе на месца старой апазыцыі новая – вялікае пытаньне.

Крута быць тупым

Ня варта думаць, што моладзь заўсёды нясе з сабой нешта новае і перадавое толькі таму, што яна – моладзь.

Ня будзем засяроджвацца на тым, што адбылося з маладым пакаленьнем, якое вырасла за Лукашэнкам. Ёсьць, так бы мовіць, глябальныя тэндэнцыі, якія закранулі і Беларусь.

Нядаўна ў Нямеччыне выйшла кніга Анны Вайс і Штэфан Бонэр пад назвай Generation Doof. («Пакаленьне тупіцаў».)

“Паглядзіце розныя тэлешоў, пасядзіце ў Інтэрнэце, прыгледзьцеся да людзей на вуліцы – здаецца, што ўсе навокал сталі дурнаватымі”. (Тут і далей цыт. паводле часопісу «Знание – сила», № 8, 2008, ст. 5-9.) “Можна дамагчыся посьпеху ў жыцьці, не навучаючыся нічому, не абцяжарваючы сябе ні розумам, ні ведамі, ні здольнасьцямі. Не чалавек – мера ўсіх рэчаў, і ня Бог, а Шчасьлівы Выпадак. Мы – усяго толькі рабы, прыкутыя да Кола Фартуны, і ня трэба парыцца, прыкладаць намаганьні на навучаньне ці нешта яшчэ – лепей адразу стаць мільянэрам”. (Дадамо ад сябе – выйграць у Супэрлато.) Асноўная выснова кнігі Вайс і Бонэр – Dumb is the new cool! Быць тупым цяпер крута!

У кнізе С’юзэн Джэйкабі «Эпоха амэрыканскай неразумнасьці» (The Age of American Unreason), якая выйшла ў сьвет летась, прыводзяцца такія зьвесткі. «Хто такі Адольф Гітлер? Нямецкі кайзэр? Гандляр зброяй? Прэмьер-міністр Аўстрыі? Райхсканцлер Нямеччыны? Амаль чвэрць маладых амэрыканцаў ня можа адказаць на гэтае пытаньне. Каля паловы амэрыканцаў не змаглі адказаць, калі ў іх краіне адбылася грамадзянская вайна, кожны чацьвёрты лічыў, што Калюмб адкрыў Амэрыку пасьля 1750 году”. І гэта пры тым, што ў ЗША цяпер працуюць 4200 вышэйшых навучальных установаў, у якіх вучацца 15,7 мільёна студэнтаў.

Гэтая Амэрыка, дарэчы, будзе выбіраць паміж Маккейнам і Абамам.

Зрэшты, веды школьнікаў у Расеі ці ў большасьці краінаў Эўропы (за выключэньнем Фінляндыі, дзе конкурс у пэдунівэрсытэты складае 10 чалавек на месца, бо прафэсія пэдагога лічыцца там самай прэстыжнай) не нашмат вышэйшы. Усё гэта вядзе ў дарослым жыцьці да ўсеагульнай прафанацыі – навукі, літаратуры, мастацтва, журналістыкі, палітыкі...

Успамінаючы Шпэнглера

У савецкага кінарэжысэра Міхаіла Рома, акрамя славутай дакумэнтальнай стужкі «Звычайны фашызм» быў яшчэ адзін дакумэнтальны фільм, цяпер незаслужана забыты. Праўда, ён яго ня скончыў, і за яго працу над фільмам спрабаваў завершыць рэжысэр Грыгоры Чухрай, які назваў стужку «І ўсё-ткі я веру...» Найбольш каштоўную яе частку, на мой погляд, складае пачатак, які пасьпеў змантажаваць і агучыць сам аўтар. Ром, падсумоўваючы вынікі Першай сусьветнай вайны, у сваім закадравым тэксьце згадвае нямецкага філёзафа Освальда Шпэнглера, аўтара забароненай у Савецкім Саюзе кнігі «Захад Эўропы» (1918—22 г.).

Шпэнглер прадказваў, што праз дваццаць гадоў пачнецца новая ўсясьветная вайна, бо за гэты час у Эўропе вырасьце новае пакаленьне, якое ня зьведала жахаў вайны і якому абавязкова захочацца паваяваць. Філёзафу ня верылі. Ягоныя словы здаваліся анахранізмам. Потым наступіў 1939 год...

Калі я ўспамінаю фільм Рома, дзеля якога зьбягаў з урокаў у кінатэатар «Новости дня» і які нікога не цікавіць сёньня, бо даўно разабраны яго калегамі на кінацытаты, дык адчуваю сябе шкаляром, якія заблукаў у цемры часу.

Засталіся жывыя моманты, – яркія, як фотаўспышка – адбітыя ў шматлікіх кадрах: Праская вясна, маладзёвы бунт у Парыжы, «Бітлз». Тыя кадры паступова зрабіліся свайго роду музэйнымі фотаэкспанатамі за пыльным шклом (я і сам сябе адчуваю такім экспанатам). «За шклом», між іншым, называўся супэрпапулярны раман Рабэра Мэрля, прысьвечаны падзеям у Парыжы 1968-га. Ці хто перачытвае цяпер той бэстсэлер?

А ў Расеі ўжо амаль вырасла новае пакаленьне, якое ні дня не жыло ў Савецкім Саюзе, але якому ўсе апошнія гады ўводзяць у вушы, што распад СССР быў найвялікшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя. А старэйшае савецкае пакаленьне – у большасьці як тыя Бурбоны ў эпоху рэстаўрацыі, якія ні на што не забыліся і нічому не навучыліся.

Астатнім застаецца моўчкі назіраць за новым захадам Эўропы?

Віталь Тарас

0
Адлеглы / Адказаць
15.09.2008 / 09:22
Ну, «захад Эўропы» прадказвалі даўно, той жа Шпэнглер, але ўсё раней часа. Мне здаецца, што адна з перавагаў дэмакратычных сыстэм можа быць менавіта ў здольнасьці ўнутранай рэгенерацыі... Мадэль германскага рэйху, напрыклад, не адрадзілася, а такія краіны як Францыя, Брытанія і скандынаўская краіны - існавалі і існуюць і ўсіх інышх у Эўропе пераўтварылі на свой (ліберальна-дэмакратычны) прыклад. Але гэта цікавае пытаньне: «А вось ці прыйдзе на месца старой апазыцыі новая – вялікае пытаньне.» Не, пытаньне перш-наперш у тым, *якая* апазыцыя магла бы прыйсьці на месца старой. Што гэта ня будзе нейкая апазыцыя на глебе «маральных ідэялаў», ужо зразумела. Але ці ўвогуле запатрабавана такая зьява, як апазыцыя, грамадзтвам? Магчыма, можна знайсьці нейкія іншыя шляхі эфэктыўнага і задавальняючага вырашэньня праблем, чым палітычны працэс па мадэлі «Улада-апазыцыя»? Я, напрыклад, прапаную «апрывачаньне» усяго грамадзкага лада (уключна з адукацыяй і медыцынай, і нават, магчыма, ахова правапарадка на мясцовым узроўні - рэальна можна наняць як падрадчыка камэрцыйныя структуры!), увогуле ўход дзяржаўнага сэктару з большасьці сфэраў жыцьця грамадзяніна...
0
Шпэнглер / Адказаць
15.09.2008 / 12:45
Сп-р Тарас, паглядзіце на рэчы шырэй! Калі бы "атупенне" пачалося ў элітах, тады будуць падставы непакоіцца за Захад ці Усход, але нічога падобнага не назіраем. Што да мас, дык 100-200 гадоў назад гэта былі, ўвогуле, непісьменныя сяляне, рамеснікі і пралетары. Пасля, розныя таталітарныя рэжымы гвалтам іх адукавалі для вырашэння сваіх ваенных задач і абслугоўвання сваіх (ваенна-)прамысловых патрэб. Але чалавек, паводле сваёй прыроды, істота, якая найлепш рэагуе на змены умоў існавання. Калі з'явілася (і так доўга, як будзе існаваць) магчымасьць задавальняюча пражыць, не напружваючы мозг, мозг напружваць ніхто ня будзе. Гэта магчымасць аднак не датыцыцца эліт, якія выконваюць кіруючыя функцыі ў эканоміцы і грамадзтве. Адзінае, з чым Вам трэба разьвітацца, гэта з ілюзіяй аб прагрэсе да "роўнасьці" ў гэтым пытанні, якой быць ня можа. Проста, колішнім сялянска-пралетарскім масам ізноў дадзена магчымасьць жыць так, як умеюць, ну і пакіньце іх у спакоі. (Пра мноства амэрыканскіх ўнівераў ня трэба і прыгадваць, там амаль кожны можа заснаваць камерцыйную структуру ды назваць яе "унівэрсытэт").
0
Ганна / Адказаць
15.09.2008 / 17:31
Колькі гадоў гэтаму ментару? І каго ён вучыць жыць? Паслаць бы яго лесам са сваёй праўдай жыцця.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру