Прырост запасаў нафты ў Беларусі да 2020 года складзе 3 млн т, паведаміў у інтэрв'ю БЕЛТА міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.
«З улікам праведзеных геолага-разведачных работ чакаецца, што да 2020 года прырост запасаў нафты складзе 3 млн т і будуць выяўлены новыя ўчасткі, перспектыўныя для здабычы вуглевадароднай сыравіны», - сказаў Худык.
Ён адзначыў, што пошук радовішчаў нафты - працяглы і затратны працэс. «Далёка не ўсе пошукавыя свідравіны прыводзяць да адкрыцця залежаў нафты. Па статыстыцы, на тры-пяць «сухіх» свідравін прыходзіцца адна паспяховая. Свідраванне адной свідравіны займае ў сярэднім паўгода. Да таго, як знайсці радовішча нафты з дастатковымі запасамі, неабходна правесці пошукавыя работы, гэта значыць знайсці нафтаносную структуру і падрыхтаваць яе да глыбокага свідравання. Магчымыя выпадкі, калі пасля рассвідравання структура не пацвярджаецца, бывае, структура ёсць, а калектар адсутнічае. Гэта — задача з многімі невядомымі, прагназаваць, будзе нафта ці не, немагчыма», — дадаў міністр.