18.10.2017 / 10:33

Ляжаць, сядзець, апорт… Як выхоўваць сабаку, каб ён зрабіўся вам сябрам 5

Нядаўна мы пісалі, як абраць сабаку, які пасуе для вашага ладу жыцця, ды на што звяртаць увагу пры выбары пса. У каментарах да таго матэрыялу многія чытачы прасілі «працягнуць тэму».

Таму «Наша Ніва» з інтэрнэт-парталам тавараў і паслуг для жывёл Zooqi.by (Зукі) вырашылі асвятліць больш аспектаў, датычных сумеснага існавання сабакі і чалавека. У дадзеным матэрыяле распавядаем пра асаблівасці выхавання і дрэсіроўкі пса. Прафесійнымі рэкамендацыямі з намі традыцыйна дзеліцца старшыня рады Беларускага кіналагічнага аб’яднання Яўген Кобец.

З якога ўзросту пачынаць выхоўваць сабаку?

Адказ: ад моманту яго з’яўлення ў вашым доме.

Калі вы нарэшце саспелі з рашэннем ды ў вас дома з’явілася шчаня, не трэба пракрастынаваць з яго выхаваннем. З першага дня вам належыць прывучаць гадаванца да камандаў і патрабаванняў, а таксама да прыбіральні і ўласнага месца ў доме. Памылка многіх людзей у тым, што яны прыводзяць у дом шчанюка ды першай справай думаюць, чым яго пакарміць і якія зрабіць прышчэпкі, а на выхаванне сабакі часта зусім забываюцца.

Тым часам, адна з адметнасцяў сабачай псіхалогіі ў тым, што сабака, як зграйная жывёла, вашу сям’ю будзе атаясамліваць з уласнай зграяй, і калі вы (або нехта з іншых чальцоў сям’і) своечасова не праявіце сябе як аўтарытэтны важак, пёс возьме гэтую місію на сябе, будзе паводзіцца — ды яшчэ і спрабаваць выхоўваць вас — у адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі. І куды прасцей ды мэтазгодней папярэдзіць гэтую праблему, чым разбірацца з ёй постфактум. 

З чаго пачынаць?

Перадусім у справе выхавання сабакі стаяць навыкі, звязаныя з асноўнымі патрэбамі жывёлы: сон, прагулкі, харчаванне і г.д. Але гэтак жа важна і абучэнне асноўным камандам. Каб не нарабіць недаравальных памылак, варта звярнуцца да спецыялістаў у справе дрэсіроўкі. Таксама добра было б самому азнаёміцца з адмысловай літаратурай. Аднак і літаратурныя крыніцы маюць быць правераныя ды якасныя.

Як патрапіць на добрага дрэсіроўшчыка, а не на прафесійнага махляра?

Калі ў вас першы сабака і вы маеце намер выхаваць яго адпаведна з вашымі чаканнямі, лепш звярніцеся да прафесійных кінолагаў. Наіўна меркаваць, што вы ўласнымі сіламі здолееце выдатна выдрэсіраваць першага ў сваім жыцці гадаванца-пса. Які б высокі ў вас ні быў каэфіцыент інтэлекту і ўзровень любові да жывёлаў, заняткі з сабакам — гэта мора тонкасцяў і нюансаў, прапусціўшы якія, вы можаце забяспечыць сябе непажаданымі сюрпрызамі ў паводзінах вашага гадаванца ў будучыні.

У сваю чаргу, і трэнера для сабакі трэба абіраць пільна, каб не нарвацца на махляра. Майце на ўвазе, што для базавага выхавання сярэднестатыстычнага пса звычайна дастаткова двух-чатырох месяцаў трэніровак, у залежнасці ад пароды. Трэніроўка не мусіць працягвацца больш за гадзіну (або паўтары гадзіны, з перапынкам на дваццаць хвілін), бо пасля сабака становіцца няздольны ўспрымаць матэрыял, таму такія неапраўданыя перагрузкі могуць прывесці да неўрозаў і агрэсіі. Таму, калі вам заяўляюць, што заняткі доўжацца па дзве гадзіны — ёсць імавернасць, што гэта робіцца з мэтай выцягнуць з вас паболей грошай.

Фінансавыя страты — не адзіная праблема, якая можа напаткаць вас у выніку некарэктнага падбору спецыяліста: калі вашага гадаванца сапсуюць падчас дрэсіроўкі, работа па выпраўленні рэакцый можа ісці гадамі. Таксама раім даведацца, ці ёсць у трэнера, да якога вы звяртаецеся, уласны пёс, якога ён выгадаваў па методыцы, якую прапануе іншым. Калі гэтага няма, лепей пашукайце іншага дрэсіроўшчыка. Тое самае рэкамендуем зрабіць і ў тым выпадку, калі вы прывялі на заняткі ўмоўнага той-тэр’ера, а трэнер, з нейкіх суб’ектыўных сваіх уяўленняў, кажа вам, што гэтая парода не прыдатная да навучання. На самай справе, усе пароды сабак паддаюцца дрэсіроўцы, а калі дрэсіроўшчык сцвярджае адваротнае, гэта сведчыць пра яго сумнеўную кампетэнцыю ў сваёй справе.

Натуральна, чым болей вы будзеце займацца сваім сабакам, тым лепш зможаце з ім паладзіць ды справіцца з яго выхаваннем. Спецыялісты рэкамендуюць апроч заняткаў у школе на пачатковым этапе, займацца з гадаванцам па 15 хвілін штодзень дома.

Невялікая рэмарка для тых, хто імкнецца рабіць дабро ды бярэ жывёл з прытулку. Каб мінімізаваць патэнцыйную рызыку негатыўных паводзін, лепш бярыце з прытулку маладых сабачак — узростам да аднаго года, — у якіх найменшы жыццёвы досвед: іх будзе прасцей (пера)выхаваць і пазбавіць шкодных звычак, якія ўжо паспелі з’явіцца. Каб падтрымаць людзей, якія імкнуцца ратаваць сабак, забіраючы іх з прытулку, БГСКА прапануе ім бясплатныя заняткі ў асобных групах.

Чым кіравацца пры выхаванні пса?

Не сакрэт, што хатнія гадаванцы шмат у чым паўтараюць паводзіны і манеры сваіх гаспадароў. Таму, калі вы хочаце выхаваць сабаку, спачатку як след трэба выхаваць сябе.

Па-першае, засяродзьцеся на фармаванні рэжыму дня, і для вас, і для сабакі. Не забывайцеся на тое, што ваш улюбёнец фізічна не можа выказваць свае жаданні, таму часта вы можаце не разумець, з чым звязана раптоўнае скавытанне: ці то прагаладаўся пёсік, ці то просіць за вушкам пачасаць. Выразна акрэслены штодзённы рэжым дапаможа сабаку адчуваць сябе ўпэўнена, вызваліўшы вас ад неадназначнага жаласлівага скуголення. У сваім дзённым графіку вы мусіце акрэсліць і дакладна выконваць пункты, што датычацца сну і ежы, трэніровак і камунікацый з іншымі сабакамі, гульняў і прагулак і г.д.

Па-другое, у вашай сям'і ад пачатку мусяць быць выразна размеркаваныя ролі: сабака не павінен уяўляць сябе лідарам «сваёй зграі». Нават у дзецях пёс мае адчуваць моцную волю, каб не апынулася так, што сабака выхоўвае дзіця і зусім не слухаецца яго падчас прагулак. І хаця гаспадар — ён галоўны і адзіны, аднак і астатнім чальцам сям'і сабака мусіць падпарадкоўвацца, іначай усе клопаты пра гадаванца лягуць цалкам на гаспадара.

Урэшце, ад рэгулярнасці правядзення дрэсіроўкі залежыць тое, як хутка і надзейна пёс засвоіць неабходныя каманды («сядзець», «ляжаць», «побач», «фас» і г.д.). Калі не шкадаваць часу і сіл, гадаванец ўжо вельмі хутка будзе радаваць вас сваімі выдатным паводзінамі і ідэальнай паслухмянасцю.

Пуга ці пернік… Што недапушчальна пры выхаванні сабакі?

У выхаванні не абыходзіцца без пакарання. Але тут важна не перагнуць палку ды цвёрда памятаць пра некаторыя абмежаванні.

Не карайце шчанюка пасля таго, як паклікалі яго да сябе.

Сабакі — разумныя ды адчувальныя жывёлы, якія могуць утойваць на гаспадара крыўду, страх і нават нянавісць. Для пса падыход да чалавека па камандзе «да мяне» — гэта дэманстрацыя даверу і адкрытасці. У выпадку, калі сабака падышоў да вас, — нават калі да гэтага ён правінаваціўся — не карайце і не біце яго. Гэта рызыкуе справакаваць разрыў вашай сувязі з гадаванцам, ён можа затаіць на вас крыўду і страх на ўсё жыццё.

Не карайце шчанюка несвоечасова.

Усё ж у сабак не такая добрая памяць і кемлівасць, як у чалавека. Таму вы мусіце памятаць, што гадаванца мае сэнс караць толькі тады, калі ён правінаваціўся на вашых вачах. У гэтым выпадку вы створыце рэфлекс на тое, што менавіта за такія паводзіны ён атрымае пакаранне.

Нельга караць сабаку шляхам пазбаўлення вады ці ежы.

На жаль, гэта разумеюць не ўсе, хаця такі падыход проста бесчалавечны для гаспадара і шкодны для здароўя сабакі.

Не пакідайце надоўга сабаку ў адзіноце.

Як ужо адзначалася, сабака — жывёла зграйная, таму працяглае існаванне ў адзіноце негатыўна адбіваецца на псіхіцы пса.

ZOOQI.by (Зукі) — гэта першая ў Беларусі пляцоўка, дзе сабраныя ўсе тавары і паслугі для хатніх гадаванцаў.

 

 ТАА «Какаду Дэвэлапмэнт» УНП 192022139

ГК

0
Маша / Адказаць
17.10.2017 / 10:04
Все ок, только не согласна с категоричным советом, - что лучше брать молодую собаку до года, если из приюта. Дорогие мои, это верно отчасти, совсем!  Даже у нас не редко берут взрослых собак у волонтеров, не говоря уже за границей! И спасибо этим настоящим людям, и они счастливы вместе. Бездомные животные - очень благодарные и самые преданные существа.
1
Артур / Адказаць
17.10.2017 / 11:38
Корги забавные и Бультерьеры, фото зачет) А статья полезная, спасибо, все думаю про хаски, но понимаю насколько непросто его содержать в городе
2
Мулла Омар / Адказаць
17.10.2017 / 14:15
Маша, старую собаку новым трюкам не обучишь. Пословица.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру