Прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў апублікаваў артыкул «Хто судзіць сёння беларускае войска», у якім рэзка адказаў былому міністру абарону Паўлу Казлоўскаму. Той у інтэрв'ю «Радыё Рацыя» заклікаў вайскоўцаў біць у званы і агалошваць факты дзедаўшчыны, каб не паўтарыліся новыя трагедыі.
Уладзімір Макараў.
Павел Казлоўскі.
Макараў запэўнівае, што падчас кіравання Казлоўскага злачыннасць у войску дасягнула рэкорднага ўзроўню.
«І толькі пасля спадара Казлоўскага, дзякуючы неймаверным намаганням афіцэрскага складу ў другой палове 1990-х гадоў удалося забяспечыць радыкальнае зніжэнне злачынстваў і здарэнняў. Калі ў 1994 годзе каэфіцыент злачыннасці ў арміі (колькасць злачынстваў у разліку на тысячу вайскоўцаў) складаў 10,9, то ў 2016 годзе — 1,58», — сцвярджае ён.
Па яго інфармацыі, колькасць загінулых ў 1993-1994 гадах перавышала 100 чалавек штогод.
«Таму варта даць параду спадару Казлоўскаму — не трэба раіць «грукаць» сёння — гэта ў бытнасць экс-міністра варта было біць у званы, калі кожныя тры дні ў войску гінуў беларускі ваяр», — падсумоўвае прэс-сакратар Мінабароны.