Фота Хаўера Барбанча, Ройтэрз.

Фота Хаўера Барбанча, Ройтэрз.

Іспанская паліцыя арыштавала кіраўнікоў найбольшых недзяржаўных арганізацый Каталоніі. У турму Мадрыда змешчаны кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Каталоніі Жордзі Санчэс і Жордзі Куісарт, старшыня таварыства Òmnium Cultural, паведамляе барселонская газета «Вангуардыя».

Òmnium Cultural (вымаўляецца як «Омніум културал», перакладаецца як «Культурная супольнасць») — таварыства, якое па сваіх задачах падобнае да беларускага Таварыства беларускай мовы ці кампаніі «Будзьма беларусамі». Яно мае за мэту спрыяць распаўсюду каталанскай мовы і культуры. Яно было створана інтэлігенцыяй яшчэ пры дыктатуры Франка ў 1961 годзе. Ад 1990-х яно стала выступаць за незалежнасць Каталоніі. Штогод яно арганізоўвае «Свята за свабоду» — аналаг беларускага Дня Волі. «Омніум культурал» налічвае каля 65 тысяч актывістаў, прытым што ў Каталоніі жыве 7,5 мільёнаў чалавек.

Assemblea Nacional Catalana была створаная ў 2011 годзе як непартыйная асамблея, што лучыць прыхільнікаў незалежнасці. У яе ўваходзіць 41 тысяча сяброў і яшчэ 36 тысяч валанцёраў.

Менавіта Òmnium Cultural і Assemblea Nacional Catalana стаялі за апошняй хваляй незалежніцкіх дэманстрацый. Гэта яны мабілізавалі людзей на абарону выбарчых участкаў, калі Мадрыд адправіў спецназ, каб сарваць рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі.

53-гадовы ўніверсітэцкі прафесар Санчэс і 52-гадовы прадпрымальнік Куісарт рабілі стаўку на негвалтоўнае змаганне. Іх арышт ставіць каталонскіх незалежнікаў перад неабходнасцю выбару новай тактыкі дзеяння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?