Джоан Роўлінг. Фота diletant.media.
Яе заробак склаў $95 млн. Сярод крыніц даходу — адлічэнні ад фільма «Фантастычныя стварэнні і дзе яны пражываюць», знятага паводле рамана пісьменніцы, а таксама продажы кнігі «Гары Потэр і праклятае дзіця». У жніўні Forbes назваў Роўлінг самым высокааплатным пісьменнікам свету.
Роўлінг апярэдзіла ў рэйтынгу футбаліста мадрыдскага «Рэала» Крышціяну Раналду ($93 млн). За мінулы год партугалец працягнуў кантракт з «Рэалам» на чатыры гады (штогод клуб будзе выплачваць яму па €50 млн), а таксама падпісаў пажыццёвы рэкламны кантракт з Nike — форвард будзе атрымліваць ад вытворцы спартыўнага адзення і абутку па $24 млн штогод.
Трэцяе месца ў рэйтынгу Forbes займае брытанскі поп-рок-гурт Coldplay ($88 млн). Асноўная частка заробку калектыву Крыса Марціна прыпадае на грошы ад выступаў у межах канцэртнага турнэ ў падтрымку альбома A Head Full of Dreams.
Чацвёрты радок таксама займае музыка з Вялікабрытаніі — спявачка Адэль за 12 месяцаў зарабіла $69 млн. Замыкае першую пяцёрку швейцарскі тэнісіст Роджэр Федэрэр ($64 млн). На пачатку 2017 года ён упершыню амаль за пяць гадоў выйграў турнір «Вялікага шлема» — Australian Open.
Шостае і сёмае месцы дзеляць брытанцы: музыка Элтан Джон і тэлевядоўца-кулінар Гордан Рамзі за год зарабілі па $60 млн. Першы за год даў каля 100 канцэртаў, а другі запусціў яшчэ два тэлевізійныя шоу са сваім удзелам.
На восьмым месцы размясціўся сэр Пол Макартні, даход якога склаў $54 млн. У дзясятку таксама ўвайшлі гальфіст Роры Макілрой ($50 млн) і брытанскі дыджэй Келвін Харыс.