Агулам у жанчыны чацвёра дзяцей, але двое ўжо паўналетнія (дачка жыве асобна, сын — у войску). Двое малодшых жывуць з Аленай.

Алена Мікуліч з малодшай дачкой. Фота «Белсат».

Алена Мікуліч з малодшай дачкой. Фота «Белсат».

Два гады таму, калі ўсе дзеці былі яшчэ непаўналетнімі, сям’я атрымала 4-пакаёўку — сацыяльнае жыллё.

Але ўвесь час сям’ю пераследавалі праблемы. У 2015 годзе дачцэ Алены прысудзілі 11 месяцаў у спецустанове для непаўнагадовых у Петрыкаве — скрала жаночую сумку.

У пачатку 2016 года, калі Алена позна вярталася дадому, яе затрымала міліцыя. Быў складзены адміністратыўны пратакол («Нібыта я неадэкватна сябе паводзіла», — узгадвае Алена). Пасля гэтага ў жанчыны забралі дзяцей, а сама яна атрымала штраф памерам 2 базавыя. Праўда, праз тры месяцы рашэннем суда дзяцей вярнулі.

Далей пачаліся незразумелыя падзеі.

«Сацыяльныя службы павінны былі правяраць, як жывуць дзеці. Тры месяцы ніхто не прыходзіў, а пасля пачаўся пераслед, органы апекі пачалі ламіцца да нас. Я пачала хавацца, жыла ў знаёмых, у сяброў», — кажа Алена.

Навошта яна хавалася, жанчына ўцямна патлумачыць не можа. Малодшая дачка не хадзіла ў садок, пакуль сям’я «хавалася», старэйшы сын прапускаў школу.

Алена страціла працу на мясцовым прадпрыемстве «Спецкамунтранс». Яе звольнілі за беспрычынныя прагулы, але сама жанчына кажа, што была звольненая беспадстаўна і збіраецца судзіцца з прадпрыемствам.

Натуральна, пачаліся праблемы з грашыма. Ад сакавіка Алена не плаціць за камунальныя паслугі. Доўг складае ўжо амаль $1000.

Алена падпрацоўвае то тут, то там — капала агароды, даглядала чужых дзяцей — але грошай мала. 16-гадоваму сыну плацяць пенсію за страту кармільца (бацька траіх старэйшых дзяцей памёр), апроч таго, часам дае грошай бацька малодшай дачкі.

«На аліменты я не падавала, бо ён папярэдзіў, што буду атрымліваць ад яго толькі па законе 150 рублёў. А так ён то 200 рублёў можа даць, то 300, — кажа Алена. — Увогуле, спачатку ён не прызнаваў дачку, цяпер, здаецца, хоча мірыцца, ізноў з намі жыць».

Кожны месяц выходзяць розныя сумы. Апошні раз у Алены было каля 600 рублёў на месяц. Яна раздала даўгі, на камуналку не хапіла.

Прадаць кватэру жанчына таксама не можа — жыллё сацыяльнае.

Сама яна кажа, што гатовая прыняць дапамогу, просіць, каб ёй пералічылі грошы на мабільны тэлефон. Пасля, кажа Алена, яна закрые нумар і аператар дазволіць ёй зняць грошы, якія будуць на рахунку.

Тым часам 4 кастрычніка камісія па справах непаўналетніх вырашыла, што дваіх дзяцей забяруць з сям’і. На пасяджэнне Алена не пайшла.

«У 16-гадовага сына быў гіпертанічны крыз, я выклікала хуткую, — кажа жанчына. — Цяпер у камісіі мяне вінавацяць, нібыта я спецыяльна не прыйшла і прыкрылася дактарамі».

Дзеці пакуль што з Аленай — да рашэння суда яны будуць з ёй. Калі будзе суд, невядома.

Цікава, што пры ўсіх пытаннях да Алены Мікуліч і яе гісторыі ў камісіі па справах непаўналетніх гаварыць пра яе не хочуць. Намесніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх Чыгуначнага раёна Гомеля Марына Асадчая паведаміла «Нашай Ніве», што адмаўляецца каментаваць гэтую тэму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?