21.10.2017 / 23:54

Праца над народам і яе памылкі: паражэнне беларускай рэвалюцыі вачыма Тамаша Грыба 18

Піша Антон Лявіцкі.

Тамаш Грыб — рэвалюцыйны лідар, муж Паўліны Мядзёлкі і Палуты Бадуновай, знакавая постаць беларускага левага руху пачатку ХХ стагоддзя.

З пазіцыі сённяшняга дня, са стогадовай адлегласці, найважнейшай падзеяй гісторыі Беларусі пачатку ХХ стагоддзя здаецца 25 Сакавіка 1918 года, калі ІІІ Устаўная грамата абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але для 23-гадовага на той момант сацыяліста-рэвалюцыянера Тамаша Грыба такой вехай ці, ужываючы ягонае слова, «тычкай» была не Дэкларацыя незалежнасці, а Усебеларускі з'езд. Грыб быў марксістам, і рэвалюцыя была для яго перадусім вялікім досведам «працы над людзьмі». А цэнтральнымі здаваліся падзеі, у якія былі ўцягненыя масы.

Тамаш Грыб нарадзіўся ў 1895 годзе на Віленшчыне. У 1917-м годзе далучыўся да рэвалюцыйнай палітыкі, уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, а пасля яе распаду ў маі 1918-га — у партыю беларускіх эсэраў. Пасля заняцця Беларусі бальшавікамі выехаў вучыцца ў Прагу. У асяродку беларускага студэнцтва належаў да левай плыні, процістаяў групоўцы Яна Станкевіча. Сюжэты «рэвалюцыйнага кахання» звязваюць яго з Палутай Бадуновай і Паўлінай Мядзёлкай. 

Том выбраных прац Грыба выйшаў сёлета ў бібліятэцы «Бацькаўшчыны».

Рэвалюцыя зблізку

Разважаючы пра само паняцце «беларускай рэвалюцыі», Тамаш Грыб проціпаставіў яго «рэвалюцыі на Беларусі» (гэта значыць, мясцовым падзеям расейскай рэвалюцыі). Не люты і не кастрычнік, але снежань — Першы Усебеларускі З'езд — з'яўляецца вялікімі рубяжом у гісторыі беларускага народу, — пісаў ён.

Для Грыба рэвалюцыя не была сацыялагічнай абстракцыяй. Зусім яшчэ малады (22 гады), ён апынуўся ў цэнтры падзей: быў дэлегатам І Усерасейскага з’езда Рад (так ён называе «саветы»), уваходзіў ва УЦВК Рад. Увосень 1917 года далучыўся да беларускага руху, быў выбраны ў Цэнтральную вайсковую раду. Менавіта яе Грыб прадстаўляў на Усебеларускім з’ездзе, дзе кіраваная ім фракцыя выставіла ідэю незалежнасці Беларусі. Пасля разгону з’езда Грыб застаўся ў апазіцыі да бальшавіцкай улады ў Менску: увайшоў у падпольныя органы з’езда, стаў дэлегатам на ІІІ Усерасейскі з’езд Саветаў і пратэставаў там супраць гвалту, учыненага ў Менску.

Усебеларускі з’езд, як і стварэнне Народнага сакратарыята, абвяшчэнне БНР у ІІ Устаўной грамаце ад 9 сакавіка 1918 года, — гэтыя гістарычныя эпізоды расказваюць пра паспяховае далучэнне да «беларускай справы» палітычных груп, раней да яе безуважных: прадстаўнікоў сялянства, нацыянальных меншасцей, мясцовага самакіравання. Паказальна ў гэтай сувязі, што на Усебеларускім з’ездзе панавала расейская мова; пра гэта без асуджэння ўспамінае Грыб.

ІІІ Устаўная грамата выпадае з гэтага шэрагу. Рызыкоўны крок, спроба паўтарыць украінскі і літоўскі поспех, яна разбурыла «лютаўскую» кааліцыю вакол БНР. Здаецца, менавіта таму яе зусім абмінае Грыб, які ўспрымаў рэвалюцыю як «працу над людзьмі».

Рэвалюцыйная ідэнтычнасць Грыба ў канцы 1910-х гадоў стварала іншае бачанне палітычнай сцэны таго часу, чым можа здавацца сёння. Ягонымі апанентамі былі перш за ўсё Алесь Гарун ці Вацлаў Іваноўскі. Таму Грыб мог заклікаць у публіцыстыцы 1919 года бараніць «сваю маладую радавую Беларусь», вітаць стварэнне «Беларускай Рэспублікі Рад» і чакаць «другі Усебеларускі з'езд сялянскіх і работніцкіх дэпутатаў» (першым ён лічыў Усебеларускі з'езд). 

У змаганні за вызваленне беларускіх працоўных грамад, такім чынам, хаўруснікамі Грыба ў нейкі момант здаваліся ўрад Жылуновіча і «Менская Рада работніцкіх дэпутатаў», якая «выставіла лёзунг: «Няхай жыве Радавая Беларусь!». Гэта прывяло Грыба і БПСР да безнадзейнай кааліцыі з бальшавікамі і Смаленскай угоды ў снежні 1919 года. Нездарма пазней, у эміграцыі, ён успамінаў лета 1920 года наступным — арыгінальным — чынам:

У ліпені 1920 г. Менск быў здабыты беларускімі рэвалюцыйнымі партызанамі. Была арганізавана беларуская народна-рэвалюцыйная ўлада — Беларускі Рэвалюцыйны Камітэт.

У гэты час у Беларусі, лічыў Грыб, эсэры, «абапіраючыся на рэвалюцыйную волю беларускіх працоўных грамад, фактычна здзяйсняюць народна-рэвалюцыйную ўладу на Беларусі». Гэта, безумоўна, скажэнне гістарычнай рэчаіснасці, але скажэнне невыпадковае; яно вынікала з работы памяці і сутыкнення розных узроўняў ідэнтычнасці Грыба (як рэвалюцыянера, народніка і нацыяналіста).

Пра савецкі лад як каланіялізм

Можна ўявіць сабе, што адчуў Грыб у пачатку 1920-х гадоў, калі ён — разам з эміграцыйным урадам Ластоўскага — канчаткова апынуўся на эміграцыі. Палітык і рэвалюцыянер, ён невыгодна пачуваўся ў ролі сумнеўнага дыпламата.

У новых умовах ён цалкам пераасэнсоўвае свае мэты: у 1922-м выходзіць з урада БНР і становіцца студэнтам Пражскага ўніверсітэта. Так пачынаецца ягоная акадэмічная кар’ера. Уласна, яе помнікам з’яўляецца выдадзены том. Гэта дасціпная і грунтоўная проза, у якой багатая не толькі беларуская мова, але і бягучы далягляд. Грыб працаваў у інтэлектуальным кантэксце тагачаснай Цэнтральнай Еўропы: ягоныя разважанні пра нацыю і савецкі каланіялізм лёгка лакалізаваць у тагачаснай навуковай прасторы.

Мусіць, няма патрэбы заглыбляцца ў гэтыя разважанні. Наогул, яны станавілі працяг рэвалюцыйнай палітыкі іншымі сродкамі. Устанаўленне аўтарытарызму ў БССР Грыб заўважыў не адразу, але потым свайго погляду не змяніў: яшчэ ў маі 1923-га ён асцярожна пытаўся, «ці прыдасца мая спецыяльнасьць у Менску», але пазней рэзка адмоўна паставіўся да беларускага «зменатычніцтва» (рас. «сменовеховство»), знішчальна крытыкаваў савецкі лад як каланіялізм. 

Для Грыба гэта азначала немагчымасць палітычнай і грамадскай барацьбы на бацькаўшчыне. Ён скіроўвае сваю энергію ў іншае рэчышча: ставіць пытанне аб стане гуманітарных даследаванняў аб Беларусі і знаходзіць яго жалю вартым. У сваіх артыкулах ён распрацоўвае самастойную праграму для новай беларускай інтэлігенцыі. Гэтая праграма была заснаваная на еўрапейскім пазітывізме — веры ў адкрыццё аб’ектыўных законаў грамадскага развіцця і ў магчымасць выкарыстання набытых ведаў для прагрэсу.

Марксізм і нацыя

Сацыялагічны рэалізм Грыба быў спалучаны з марксісцкай устаноўкай: «Хочам навуковую праўду выкарыстаць для нашых практычных мэтаў». Новае пакаленне беларускіх прафесіяналаў, якасна адрознае ад папярэдніх (якіх Грыб успрымаў вельмі крытычна), мусіла вярнуцца на «родныя палеткі» і выканаць сваю гістарычную місію.

Гэтую місію Грыб фармуляваў арыгінальна. Цікава, што яна вынікала ў тым ліку з ягонай дысертацыі — ён працаваў над тэмай «Праблема нацыі і народа (сацыялагічны аналіз народа)».

Як даследчык, Грыб адрозніваў нацыю і народ. Народ бачыўся яму «прыродным адзінствам». Нацыю ён разумеў у рэчышчы рэвалюцыйнай традыцыі, якая ўзыходзіла да французскага першаўзору: як самаарганізаваную грамаду «актыўных і сябеведамых адзінак». «Праблема нацыі — гэта ёсць праблема арганізацыі», разважаў Грыб.

Што ён меў на ўвазе, пішучы «праблема нацыі», у беларускім кантэксце лёгка зразумець. У навуковым даследаванні і фарміраванні класа інтэлігентаў Грыб бачыў новы шанец для «беларускага руху». Каланіяльнае паняволенне з Варшавы і Масквы мусіла стаць гісторыяй, у гэтым яго пераконвала ўяўленне пра прагрэс, якім кіруюць неадменныя заканамернасці жыцця. У такім выпадку беларускія працоўныя грамады складуць падмурак беларускай нацыі; але самастойна сяляне арганізавацца не могуць. Менавіта тут беларускія інтэлігенты — «інжынеры супольнага будаўніцтва» — павінны будуць «узяцца за працу, каб правільна наладзіць увесь гарадскі апарат».

Як узнікаюць рэчы і вартасці

Грыб быў марксістам, з гэтай прычыны ў ягоным асабістым слоўніку вялікую ролю грала паняцце праца. Ён класіфікаваў працу наступным чынам: праца над рэчамі, над людзьмі і над ідэямі.

Менавіта такая сістэма паняццяў дазволіла Грыбу іначай убачыць гісторыю беларускага нацыяналізму ў 1917—1920 гадах, вызначыўшы менавіта Усебеларускі з’езд як цэнтральную падзею беларускай рэвалюцыі.

Гэтыя паняцці дазвалялі Грыбу «перазаснаваць» сябе ў Празе, напоўніць сваё эміграцыйнае існаванне практычным сэнсам, супастаўным з удзелам у менскім «лютаўскім паўстанні 1918 г.» ці працай у паўстанцкім камітэце ў 1920-м. Яго раздражняла, што не ўсе беларускія эмігранты падзялялі ягоную схільнасць да «пазітыўнай працы»; ён з роспаччу пазіраў на правал культурных праектаў.

І рэвалюцыйная, і інтэлектуальная біяграфія Грыба паказваць важную рэч. Каланіяльны погляд на беларускую гісторыю часта ўнушаў непаўнавартасць, малазначнасць усяго, што адбывалася (ці адбываецца) у Беларусі. Калі нібыта ўсё заставалася «на паперы», не мела працягу ў «жывой рэчаістасці».

Грыб пражыў арганізацыю і самаарганізацыю народа Беларусі іначай — як «цяг» драматычных, самастойных падзей. У ягонай біяграфіі лёгка адчуць «рух гісторыі». Калі для савецкіх гісторыкаў 1918-ы быў годам акупацыі і «папяровай улады беларускіх нацыяналістаў», дык для Грыба — годам паўстанняў, калектыўных кампрамісаў і практычнай палітыкі. Уся беларуская рэвалюцыя была спробай стварэння «рэчаў і вартасцяў», вялікім досведам «працы над людзьмі»; гэтую рэвалюцыю Грыб працягваў, дапасоўваючы сваю «сацыятэхніку» да бягучых умоў, на выгнанні.

Сёння вельмі цікава чытаць гэтыя тэксты. Гэта таленавітая спроба не спыніць працы пасля, здавалася б, разгромнага паражэння. Такі быкаўскі аптымістычны песімізм: «супольнасць гістарычнае долі» як інтэлектуальнае здумленне і штодзённы досвед.

Выдатна, што постаць Грыба паўнаварта вяртаецца ў гісторыю беларускага нацыяналізму. Тое, што зрабілі Юры Туронак, Георгій Колас, Анатоль Сідарэвіч для сваіх герояў — Вацлава Іваноўскага, Янкі Купалы і Антона Луцкевіча адпаведна, — робяць Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч і Андрэй Буча для Грыба.

Антон Лявіцкі

0
Влад / Адказаць
22.10.2017 / 00:10
Классный беларус!
10
ага / Адказаць
22.10.2017 / 10:01
Іронія лёсу! Адна каханка Грыба працавала на чэкістаў, другая ад народзінаў была гістэрычкай і перасварылася з усімі, у тым ліку і са сваім грамадзянскім мужам, як гэта зараз называецца. Навоштя ляпіць зь іх герояў праз стагоддзе? Мо таму што ў гісторыі заўсёды павінны быць героі? Сумніўна... Што маем, тое і маем. І яшчэ гераічныя манаграфіі з апалагетычнымі крытычнымі эсэ.
0
Мінак / Адказаць
22.10.2017 / 11:28
Вельмі цікавыя думкі сугучныя цяперашняму часу. Заслугоўвае ўвагі і прачытання. ''Пазітыўная праца'', ''праца з людзьмі'', ''каланіяльная непоўнавартасьць'' і іншыя...
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру