19.10.2017 / 22:19

Яшчэ адна гістарычная кніга, напісаная па прынцыпе «галаву заменьваюць мандатам» 15

Піша Аляксандр Пашкевіч.

Навуковыя выданні я звычайна пачынаю гартаць з канца, зазіраючы найперш у спіс крыніц ды літаратуры. За апошнія гадоў з дзясятак прыняў удзел у падрыхтоўцы да друку шматлікіх кніг і артыкулаў па самых разнастайных тэмах, таму проста інстынктыўна рукі і вочы цягнуцца паглядзець, ці аказаліся яны ў выніку кімсьці запатрабаваныя.

У свежавыдадзенай выдавецтвам «Беларуская навука» навуковай манаграфіі «Национальные общности на территории Беларуси в годы Первой мировой войны (1914—1918 гг.)» аўтарства Вольгі Дзмітрыевай перадусім вочы нацэліліся праверыць наяўнасць сярод выкарыстаных крыніц і літаратуры манаграфіі Уладзімір Ляхоўскі «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915—1918 гг.», што выйшла ў нашым выдавецтве ў далёкім ужо 2010 годзе. Як ні дзіўна, яе там няма, і ў раздзеле з аглядам гістарыяграфіі па праблеме таксама ані згадкі. А гэта не нейкая малазначная публікацыя — гэта найбольш аб'ёмнае і грунтоўнае ранейшае даследаванне па адным з аспектаў разгляданай аўтаркай тэмы.

Стаў глядзець тое-сёе іншае, мне знаёмае — і з таго таксама шмат чаго сярод выкарыстанага адсутнічае. Ды і ўвогуле спіс літаратуры кволенькі, усяго на 182 пазіцыі, з чаго нямала выданняў агульнага характару ці такіх, якія выходзяць за храналагічны абсяг працы.

А кніжка, між іншым, падрыхтаваная на аснове кандыдацкай дысертацыі — аўтарка за яе два гады таму навуковую ступень атрымала.

Што ж, нічога асабліва дзіўнага. Відавочна, што аўтарка надта ў тэму не заглыблялася, цікавіў яе не працэс навуковага пазнання, а выключна атрыманне «корачкі» з бонусамі, якія з таго вынікаюць. Так у нас бывае цяпер, відаць, часцей, чым наадварот. Аднак жа зусім не ў аўтарцы тут праблема. Яна то паставіла перад сабой прыземленую мэту і паспяхова яе дасягнула, асабліва не замарочваючыся. Бо

сапраўды, навошта напружвацца, калі так званай акадэмічнай супольнасці ўсё па барабане?

Паводле прынятых працэдур, перад абаронай дысертацыю павінны былі чытаць і выказваць па ёй заўвагі навуковы кіраўнік, эксперты ды апаненты разнастайнага калібру на розных этапах абмеркавання, члены савета па абароне. Пры падрыхтоўцы манаграфіі да друку ў галоўным навуковым выдавецтве краіны яшчэ і навуковы рэдактар мусіць быць, і рэцэнзенты (яны і былі, і пазначаныя). Карацей, агулам беручы, як мінімум дзясятак-другі чалавек павінны былі з навуковай працай сур'ёзна азнаёміцца, усе яны пагалоўна кандыдаты ды дактары гістарычных навук. Але пры гэтым

ніводзін з іх не звярнуў увагі, што пры падрыхтоўцы працы не выкарыстана найбольш грунтоўнае айчыннае манаграфічнае даследаванне, датычнае дадзенай тэмы, не кажучы пра шэраг іншых, таксама важных.

Затое не забыліся выданне перад друкам забяспечыць усялякімі грыфамі і значкамі на вокладцы ды тытульных старонках. І «Нацыянальная акадэмія навук Беларусі» тут, і «Інстытут гісторыі», і «Год навукі 2017». Да таго ж «издание подготовлено в рамках выполнения Государственной программы научных исследований…». І ўсе рулявыя сучаснага гістарычнага афіцыёзу тут жа пры нагодзе памянутыя як кіраўнікі гэтай праграмы.

Бывае, карацей, і з нашым братам, што галаву заменьваюць мандатам. Выдалі чарговую халтуру, і кожны сабе запіша адпаведны пункт ва ўласны паслужны спіс. І наўрад ці пры гэтым хоць каму сорамна. Было б сорамна — не паўтаралася б такое раз за разам з незайздроснай (у дадзеным выпадку) рэгулярнасцю. Ці лечыцца неяк хвароба, якая зайшла так далёка — чорт яго ведае. Калі і лечыцца, то яўна не тэрапеўтычнымі метадамі.

3
knot / Адказаць
19.10.2017 / 23:11
кланавая сістэма, дзе галоўнае - мандат, а сапраўдная вартасць, хаця і вядомая, не ўплывае на афіцыйны статус мандатаносца...
4
Ахрэм / Адказаць
19.10.2017 / 23:44
Спіс літаратуры на 182 пазіцыі - мала ? А колькі трэба ?
0
Ігар Лялькоў / Адказаць
20.10.2017 / 00:01
Рэд. Выдалена.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру