28.10.2017 / 12:19

Ад Налібакаў да Смаргоні. У пошуках беларускіх брукаванак. Спецпраект НН  53

Восень — пагод восем. Але нам на час падарожжа дасталася толькі адна — дождж, які ліўся, падаў і проста вісеў у паветры.

Мы едзем у бок Валожына, Налібоцкай пушчы, а таксама ахопім ваколіцы Смаргоні і Свіры. Гэта другое падарожжа серыі. Пра першае чытайце тут: «Гэта дарога вечная». У пошуках беларускіх брукаванак. Спецпраект НН

Што гэта за праект

У 2011 годзе на заклік фатографа «НН» Сяргея Гудзіліна чытачы з усёй краіны дасылалі нам інфармацыю пра свае брукаванкі. Складалася база. Але ён мог бы і застацца ў катэгорыі прыгожых ідэй, калі б не Volkswagen у Беларусi.

У некалькіх публікацыях мы пакажам вам гэтыя старыя дарогі і месцы, якія маглі б стаць выдатнымі турыстычнымі маршрутамі. 

Volkswagen у Беларусi даў нам для тэст-драйву дынамічны Volkswagen Polo GT.

* * *

Volkswagen Polo GT

Рухавік: бензінавы, 1,4

Магутнасць: 92 Квт/к.с.

Абсталяванне:

Пакет «Media»: аўдыясістэма RCD 330G, мультыфункцыянальнае скураное рулявое кола ў спартовым дызайне з клавішамі кіравання аўдыясістэмай, камера задняга віду Rear View.

Пакет «Comfort»: электрападагрэў лабавога шкла, цэнтральны падлакотнік спераду, круіз-кантроль, электракіраваныя, электраскладальныя і электраабагравальныя наружныя люстэркі задняга віду з указальнікамі паваротаў

Пакет «Technic»: парк-пілот спераду і ззаду, салоннае люстэрка з аўтаматычным зацямненнем, датчык дажджу, аўтаматычнае ўключэнне фар (Coming/Leaving Home).

Адаптыўны Bi-Xenon: фары з газаразраднымі лямпамі для бліжняга і дальняга святла; дадатковыя святладыёдныя агні для павелічэння бяспекі руху ў светлы час сутак; дынамічнае рэгуляванне дальнасці святла фараў; абмывальнік фараў.

* * *

Сюрпрызам была аўтаматычная 7-ступенчатая каробка перадач. Я за 10 гадоў стажу кіроўцы сядзеў у машыне з «аўтаматам» толькі раз, аднак, як выявілася, адаптацыя адбываецца цягам першых кіламетраў. Пад'язджаючы да Ракава, я ўжо ўрубіў манеўраны спартовы рэжым.

Прысталічча і кукурузныя палі

Першая брукаванка чакае нас на поўнач ад гродзенскай трасы, у вёсцы Дубашы. Асаблівасць усяго падмінскага арэала: палова вясковых хат перамянілася на сімпатычныя катэджыкі мінчукоў. Мінск, у якім сабралася пятая частка насельніцтва краіны, паступова распаўсюджваецца і на пятую частку тэрыторыі.

Адпаведная ствараецца інфраструктура. Таму брукаванак пад Мінскам засталося мала. Яны пад асфальтам. Хіба адзінкавыя рэлікты, як у Дубашах.

Тут брук пачынаецца пасля катэджнай часткі, ад паловы вёскі, і нясе нас, угнуты цяжкімі трактарамі, да руінаў калгаснага складу. (Хочацца сказаць «ладу».) Самы круты катэдж у Дубашах, дарэчы, належыць былому вайскоўцу, які забагацеў, служыўшы аж на Камчатцы.

У Дубашах захаваўся цікавы звычай — набіваць на сцены хат невялікія драўляныя крыжыкі.

«Гэта каталікі так рабілі. У мяне дзед быў — Дамінік», — расказвае 56-гадовы Андрэй, які жыве тут з братам і глядзіць 97-гадовую маці.

Ёсць у вёсках такая катэгорыя людзей — немаладыя халасцякі, што жывуць пры бацьках. Ці бацькі пры іх? У Андрэя сын у Мінску, і жонка была. Але куплялі ўчастак у Ракаве, фармальна развяліся — а пасля і сапраўдны развод з таго выйшаў. «Жонка цяпер заве да сябе, але я сказаў: не паеду, пакуль маці жывая», — расказвае ён. У пальцах круціць цыгарэту, з далікатнасці не закурвае.

Наступныя нашы брукаванкі будуць ляжаць на івянецкай дарозе. І вось мы ўжо едзем кукурузнымі палямі між вёскамі Міхалова і Навіны, як паказаў нам найкарацейшы шлях анлайн-навігатар. У горадзе восень не так адбіваецца на мабільнасці: што такое для Мінска тры кіламетры — калі ты не ў заторы на кальцавой, канечне? А тут наш спартовец-Volkswagen ідзе амаль на халастых, трохі набіраючы хуткасць, калі трэба пераадолець па краёчку асабліва вялікую лужыну. Паскараецца аўто дынамічна, лёгкім націскам на педаль газу.

У Навінах таксама адчуваецца подых Мінска: брукаванка на старой вуліцы разбітая не сельгастэхнікай, а МАЗамі з пяском і блокамі, якія сноўдаюць туды-сюды ў будаўнічы сезон. Старая вуліца акупаваная дачнікамі. Адзін нават трымае курэй, хоць і жыве ў Мінску. А каб іх не пакралі ў яго адсутнасць узмужалыя за лета каршуны, расцягнуў над усім дваром маскіровачную сетку.

* * *

Новае слова ў будаўніцтве дарог: сеткі базальтавыя, поліэфірныя…

Калісьці брукаванкі былі апошнім словам дарожнага будаўніцтва. Пра тое, што цяпер у мэйнстрыме, расказаў Уладзіслаў Штабінскі, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута.

«Мы цікавімся ўсім новым, што ў свеце робіцца, спрабуем прымяняць у нас, — кажа спадар Уладзіслаў. — Пачалі ў свеце выкарыстоўваць у дарожным будаўніцтве поліэфірныя, базальтавыя сеткі, геатэкстыльныя праслойкі — мы глядзім, як гэта ўвесці ў нашым дарожным будаўніцтве. Шукаем вытворцаў, распрацоўваем тэхналогію, тэхнічную дакументацыю».

Геатэкстыльныя праслойкі кладуцца пад пясчаную падсыпку дарогі, асабліва там, дзе дарога ідзе па гліністай аснове. Гэта робіцца, каб гліна не змешвалася з пяском, не забруджвала яго. Бо гліністыя глебы пучыністыя ўзімку — гэта значыць, падымаюцца пад уздзеяннем нізкіх тэмператур, — і, калі гліна пранікае ў пясок, падсыпка будзе менш эфектыўнай.

З дапамогай поліэфірных сетак гэтаксама аддзяляюць пясчаную падсыпку ад асновы — шчэбню, перашкаджаючы ім змешвацца.

Ёсць яшчэ базальтавыя сеткі, сеткі на аснове шкловалакна — імі арміруюць асфальтабетонны слой падчас рамонтаў.

Такія сеткі выкарыстоўваліся падчас рэканструкцыі магілёўскай трасы М5, цяпер іх кладуць на гродзенскай трасе М7.

* * *

Падневічы — Гуды

На пальцах можна пералічыць месцы ў краіне, дзе брук застаўся як дарога, а не як вясковая вуліца. Такі ўнікальны ўчастак трапляецца нам каля вёскі Падневічы, дзе жыве стваральнік «вышымаек» Павел Белавус.

Брукаванка пачынаецца ад скрыжавання з магазінам і ідзе далёка за вёску, некалькі кіламетраў. Не асфальт, канечне, але падвеска Volkswagen глушыць дробныя няроўнасці бруку, можна разагнацца кіламетраў да 60-70 у гадзіну.

Бяжыць міма вялізнага калгаснага саду, дзе трасуць антонаўку шабашнікі на машыне з магілёўскімі нумарамі, і сканчаецца каля фермерскай сядзібы, каля павароткі на Гуды. Дарэчы, хто не ведаў, «гуды» — гэта старадаўняя балцкая назва беларусаў, паходзіць ад слова «готы».

* * *

Гуды

Назвы кшталту Гудаў, Гудзішак, Гудагая не маюць дачынення да Робіна Гуда. Гудамі балцкае насельніцтва называла суседзяў-славянаў. Імаверна, слова прыжылося ў IV—V стагоддзях, калі на поўдзень ад балтаў з Балтыкі да Чорнага мора рухаліся ваяўнічыя готы.

* * *

Дунін-Марцінкевіч

Ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцінкі пахаваны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

(1808—1884) — паўстанец, пісьменнік, драматург. Аўтар камедый «Пінская шляхта» і «Ідылія» («Сялянка»). Апошняя з музыкай Станіслава Манюшкі стала першай беларускай операй і была пастаўленая ў Мінску ў 1852.

Вяртаемся да Падневіч і заязджаем з іх у іншы бок, у Пральнікі. Гэту вёску варта наведаць, каб пабачыць знакамітую Мікалаеўскую царкву-ратонду. Раней гэта была пахавальня мясцовых паноў Ратынскіх.

«У Беларусі ўсяго дзве такія ёсць», — з гонарам сказалі нам супрацоўнікі завода «Холад», які тут жа, побач з царквой, робіць прамысловыя лядоўні. А бруку ў Пральніках больш няма. «У нас раней увесь калгас быў забрукаваны. Пасля вайны быў старшыня, Сяргей Паўлавіч Супрон, ён гэта арганізаваў».

Брукаванкі захаваліся ў паўднёва-ўсходняй частцы Валожыншчыны, бліжэй да Волмы.

Там, паводле пральніцкага меркавання, мясціны глушэйшыя. Праз гэта і моладзі болей — цяжэй у Мінск выехаць.

На выездзе сустракаем аўталаўку. Малады кіроўца расказвае, што за дзень аб’язджае вёсак 13—15. Апошнім часам з аўталаўкай канкуруюць у дастаўцы ежы на вёску адна мінская гандлёвая сетка і адна мясцовая валожынская, «але яны болей па вялікіх вёсках… да хутароў іх мікрааўтобусам не даедзеш». У той момант мы мала ўвагі звярнулі на гэтую фразу.

Дарога да Суднікаў па ўзгорыстай лясістай Валожыншчыне надзвычай прыгожая ўвосень. Колеры якраз такія, у якія традыцыйна фарбуюць хаты ў гэтым баку Беларусі.

Нібы людзі хацелі схапіць і пакінуць з сабою на ўвесь год гэтую залаціста-зялёную пару.

Брукаванка ў Судніках вядзе ўніз па старой вуліцы і сканчаецца балацінай, аблямаванай падрослым баршчавіком. Рызыкнём? І наш Volkswagen сядае правым пярэднім колам у гразь. Не дзіва: гэты ўчастак мог бы пераадолець хіба красовер. Трэба будзе ў наступны раз узяць поўнапрывадны Volkswagen Tiguan. Ідзём па хатах, смяшлівая бабуля пазычае нам шуфаль.

Адзін з міфаў пра «аўтамат» — яго немагчыма «раскачаць», калі трэба выбрацца з балота ці снегавога заносу. Але наш GT памалу вырульвае з пасткі.

Гэта не апошняя такая прыгода: наступная напаткала, калі навігатар вёў нас да вёсак Сурціны і Лявонцы.

Раптам гравійка ператварылася ў гразкую палявую дарогу, высака над якой луналі сытыя каршуны-падлаеды. Капітулюем і разварочваемся. Тут нам прыдалася камера задняга віду: калі б не яна, мы падчас развароту здалі б назад яшчэ сантыметраў дваццаць і надзейна селі абодвума коламі ў канаву, поўную гразі.

Вёска Дудка па дарозе да Івянца.

Абедаем у цэнтры Івянца ў кавяраньцы каля сельсавета. Дзённае меню — булён з рысам, макарона з кетчупам і катлетай.

Бацька ўсіх брукаванак

Ён ляжыць у вёсцы Камень на Валожыншчыне. Валун памерам з невялікую хату. Згодна з паданнем, гэта і была хатка шаўца, які звязаўся з нячыстай сілай дзеля падвышэння прадукцыйнасці працы. І быў так пакараны.

Камень знаходзіцца на ўзвышэнні, над рэчкай Каменкай.

Побач, канечне ж, жывёлагадоўчая ферма. Раней, сведчаць фоткі пяцігадовай даўніны, вакол яго была агароджа, стаяў слуп з ахоўнай таблічкай. Цяпер нават дарожак няма. 

А месца намоленае: нават далёкі ад акультызму пазітывіст адчуе каля каменя нейкую наэлектрызаванасць.

Налібоцкая пушча

За Каменем пачынаецца Налібоцкая пушча. Гэта светлы, чысты лес з імшанікамі і старымі хвоямі. Любаваліся ім, пакуль была магчымасць і асфальт.

Пасля гладкае дарожнае пакрыццё хільнула ўправа, да фальварка Дзяржынава, радзімы Жалезнага Фелікса, а мы да Рудні Пільнянскай стукалі зубамі па рабрыстай гравійцы. І на брукаванку ўз’ехалі з пачуццем глыбокага задавальнення.

У гэтай вёсцы можна пабачыць хаты з густоўнымі аканіцамі, руіны двухпавярховага цаглянага млына на рацэ Усе. Людзей не відаць.

У Налібаках людней. Тут працуюць крамы і адміністратыўныя ўстановы. У цэнтры вёскі, насупраць сельсавета, — валун на свежым пастаменце. На ім фарбай крывы надпіс: «Агонь вораг леса». Аказалася, будзе помнік налібоцкім габрэям — ахвярам фашызму. Толькі камень, узяты з лесу, яшчэ не паспелі адмыць і табліцы з надпісам пакуль няма.

Яшчэ тут цікавая архітэктура: у цэнтры стаяць дамы з крытымі ганкамі, разьблёнымі калонамі. Будавалі гэта ўсё пасля вайны. У вайну Налібакі цалкам згарэлі.

Брукаванка, якая помніць трагедыю 1943 года, знаходзіцца ў самым канцы вуліцы Ліпеньскай, у кірунку на Кромань.

У Дзераўной з густоўным белым касцёлам на гары брукаванкі не знаходзім. Дзве гаманлівыя бабулі, якіх мы падвезлі, скіроўваюць нас у Ніўнае.

* * *

Ці вядзецца ўлік брукаванак?

Статыстыкі па брукаванках, іх даўжыні і колькасці, ніхто не вядзе, кажа Уладзіслаў Штабінскі. Улічваюцца асфальтабетонныя дарогі, бетонныя, а брукаванкі трапляюць у раздзел «іншыя».

* * *

Унучатая пляменніца Крапівы

Там на доўгай, павыбіванай тэхнікай брукаванцы нам трапляецца стары «Фольксваген Гольф». «Трыццаць гадоў машыне, — ляпае па капоце далонню гаспадар, 50-гадовы Казімір. — Гэта рабочы конік.

Бывае, 150 кіламетраў за дзень зраблю. Ёсць БМВ, але на ёй жа ні ў лес не паедзеш, ні па вёсках». А ездзіць прыходзіцца. Казімір працуе на Стаўбцоўскай цагельні аж у Аталезі, а яго жонка Людміла — страхавы агент, яна абслугоўвае тры дзясяткі вёсак.

Людміла і Казімір запрашаюць нас на гарбату.

Беларусы непрадказальныя: заходзіш у абкладзеную сілікатам хату а ля 1980-я, а там — цёплыя падлогі, падвесныя столі. Чысціня ў прыхожай такая, што можна кідаць мокрыя курткі проста на падлогу — заадно і пасушацца.

Разам з бацькамі жывуць дарослыя дачка і сын.

На стол выстаўляецца ваза яскравых івянецкіх цукерак — «Свежанькія!»

Людміла родам з Мінска. З маладым ветэрынарам Казімірам пазнаёмілася, калі прыехала на лета да бабулі ў вёску.

Лячыць жывёлу муж даўно кінуў: «Няма ў калгасе ўмоваў для ветэрынара. Дый у турму можна сесці», — кажа загадкава. На цагельні робіць дваццаць гадоў, начальнік брыгады. Там жа і сын, у аддзеле рэалізацыі. Будучыня няпэўная: завод працуе два месяцы на год: няма збыту. Перастала браць цэглу Расія — там крызіс, другі вялікі кліент — Баранавічы — адышоў, калі збыт заводу абмежавалі Мінскай вобласцю. А тут цяжка канкураваць з Радашкавічамі, якія выдаюць сем мільёнаў цаглін у год і стаяць пад самым Мінскам.

«Ды нам печ нагрэць да тысячы градусаў трэба паўтара тыдні, — абураецца Казімір. — Як тут рабіць два месяцы!

Прыязджала да нас Баніфацыеўна з райвыканкама, зачытвала спіс вакантных працоўных месцаў: паляводы, ферма. Што я — пайду каровам хвасты круціць? Я сваю брыгаду дзесяць год збіраў!»

Цагельня прыватная. Сярод інвестараў — дырэктары Гарадзейскага цукровага камбіната, Мінскага маторнага завода, па пары акцый ёсць і ў рабочых. Нядаўна паставілі новага дырэктара, але што з таго будзе?

На перспектыву развалу цагельні энергічная Людміла глядзіць як на праблему, але не як на трагедыю. Яе прынцып — «зарабляць трэба на ўсім». Сям’я афармляе залы для вяселляў і ўрачыстасцяў, прадае пахавальныя вянкі, здае грыбы-ягады ў сезон, сын здымае для расійскага спартовага сайта футбольныя гульні гарадзейскай каманды… Падчас гутаркі высвятляецца, што Людміла — унучатая пляменніца Кандрата Крапівы.

Праўда, класіка-байкапісца сама яна не бачыла: але мама, як была ёй цяжарная, хадзіла «на прыём»… І Крапіва, згодна з сямейнай легендай, дапамог маладой сям’і з кватэрай.

Да Смаргоні і Свіры

Пасля гасцінных Казіміра і Людмілы паспяваем яшчэ заехаць у Заброддзе. Цямнее. Колы адчуваюць брук. Volkswagen аўтаматычна запаліў адаптыўныя біксенонавыя фары, асвяціўшы да канца цёмнае Заброддзе.

На ўсёй вуліцы свецяцца два акны.

На выездзе ў прыцемку перад машынай скача заяц. Выключаем фары, якія, відавочна, гіпнатызуюць касога, не даючы збочыць. Заяц спыняецца ў нерашучасці, чакае працягу шоу…

Урэшце неяк удаецца размінуцца з ім.

Снегавой хмарай цямнее злева ад трасы Налібоцкая пушча.

Мы кіруемся на начлег у Вайнідзеняты (націск на «і»), пад Смаргонь, дзе нас пагадзіліся прыняць мастак Андрэй Анро і журналістка Святлана Станкевіч. Яны любоўна аднаўляюць прадзедаўскую хату са старой мэбляй. Цымус хаты — дубільны цэбар памерам з невялікую ванну пад падлогай: прадзед вырабляў скуры.

Пасля першага артыкула пра брукаванкі чытачы накідалі нам у каменты процьму адрасоў. Шкада, нельга дацягнуцца да ўсіх. 

Далёка ад гэтага нашага маршруту ляжыць брукаваны ўчастак Альгердавага шляху пад Глыбокім, Малыя Свіраны на Астравеччыне. Самай паўночнай кропкай падарожжа была Свір. 

Тут, у мястэчку, дзе раней жылі і беларусы, і палякі, і габрэі, і стараверы, пара метраў брукаванкі, проста насупраць замчышча, у тупіку-спуску да возера.

Свір газіфікавалі ў апошнія гады. Асабліва гэта заўважна на стараверскай вуліцы: тоўстыя жоўтыя трубы пітонамі віюцца ўздоўж платоў.

У гэтай частцы Беларусі можна заўважыць і зусім новую асаблівасць ландшафту: шырачэзныя просекі з лініямі электраперадач, якія неўзабаве пагоняць ток ад Астравецкай АЭС.

А перад Свірам, у вёсцы Дубатоўка, мы адцемілі для сябе новы від сучаснага масавага мастацтва: скульптура з пенаблока. Адзін гаспадар заставіў гэтай прыгажосцю ўвесь двор.

«Служыў у Германіі, пабачыў, які там парадак», — ухвальна кажа пра яго сусед. Сусед таксама не ўцярпеў і паставіў на дварышчы кічовага сабачку з чырвоным бантам. За ім хлявы, стажкі, на фоне ходзіць конь. Глядзіцца гэта ўсё іншапланетна.

Стараста Раман

Затое якую аўтэнтыку ўдалося пабачыць у вёсцы Хведзевічы! Брамы ХІХ стагоддзя, хаты з кругляка, у кожным двары — клець. Вуліца вузкая, брукаваная, на каменне кідаюць першы руды ліст гонкія старыя дубы.

* * *

Клець

Кладоўка. Асобны будыначак у сялянскім двары, у якім захоўваліся прадукты ды рэчы. Пазнаць яго лёгка: на даху зроблены «накат» са шчыльна пакладзенага бярвення. Гэта не саламяная страха, якую злодзей мог прадзерці і лёгка дабрацца да запасаў. Яшчэ ў клеці звычайна клалі спаць маладых у першую шлюбную ноч.

* * *

Валіць дождж, наш GT едзе пустой вуліцай. Але тут удача: Каля адной хаты стаіць аўто, ходзяць людзі з паперамі — сімпатычная бялявая дзяўчына і строгага выгляду кіроўца. Аказалася, судовыя выканаўцы.

У вёсцы толькі адзін жыхар не на пенсіі, яго і шукаюць. Мусіць, зноў далі штрафу за браканьерства на возеры, а цяпер ганяюцца, каб распісаўся і заплаціў. А ён, кажуць суседзі, парадную калком падпёр, нібы яго дома няма, а сам праз заднія дзверы ў хату пранікае.

Да сваёй брукаванкі жыхары ставяцца з цеплынёй. 

Абураюцца, што яе псуюць цяжкія лесавозы ды трактары. «Вам Раман усё раскажа — ён у нас як стараста».

Раман і Таццяна — мінчукі, абаім пад сорак. Некалькі гадоў таму яны купілі ў Хведзевічах адну з векавечных хат. Цяпер тут не горш як у Швецыі: дзверы шкляныя, падлога цёплая, густоўна аздобленая «руская» печ. Частуюць кавай з кумпяком уласнага пасолу. «Адзін майстар нам печ перакладаў— пасля знік. Можа, золата знайшоў?» — расказвае Раман. Ён «трохі» літовец, нарадзіўся ў горадзе, але Хведзевічы іх з жонкай закахалі.

«Тут такія лясы, азёры! Да нас казулі прыходзяць у сад яблыкі есці. А вёска якая — імёны суседзяў паслухайце: Цэзар, Логін, Тарэса, Геня… Праўда, інфраструктуры ў наваколлі для турыстаў ніякай. Таму адпачыць тут можна, калі хапае душы на ўсё гэта».

Раман і Таццяна, мала што «дачнікі», актыўныя грамадзяне вёскі. Яны арганізавалі збор подпісаў пад калектыўным лістом начальніку раённага ДАІ — каб перад вёскай паставілі знак аб’езду для цяжкой тэхнікі, што псуе дарогу. Тым больш, што ёсць аб’язная палявая дарога. Але начальнік адмахнуўся — палявая дарога не на балансе, яе фармальна не існуе, таму знак ён ставіць не мае права. «Дастаткова было б, думаю, каб ён проста пазваніў кіраўніку СПК ды выказаў пажаданне — перасталі б ездзіць. Але такое начальства — усе ўсяго баяцца», — кажа Раман.

Дзень збору смецця. Да раздзельнага збору ў мясцовых ЖКГ яшчэ не дайшлі рукі.

Жодзішкі

Наступную брукаванку мы знайшлі аж пад Жодзішкамі, у вёсцы-спадарожніку Сачаняты.

На бруку сустракаем групу сур’ёзных хлопцаў у доўгіх чорных плашчах з капюшонамі.

Нібы ўдзельнікі нейкага злавеснага рытуалу. Злавеснасць у сітуацыі ёсць, але іншага плану: гэта маладыя міліцыянты, шукаюць па навакольных лясах 47-гадовага чалавека, які ўжо тыдзень як знік без звестак.

У саміх Жодзішках брукаванак не засталося. Затое ёсць бюст Леніна без подпісу на пастаменце і ўнікальны драўляны млын XVIII стагоддзя, рупліва адноўлены.

Глядзіш — і згадваюцца руіны на Вузле і ў Пільнянскай Рудні. Якія маглі б быць класныя турыстычныя ці інфраструктурныя аб’екты — абы ідэі і сілы мясцовага бізнэсу!

Хрысціна і Божая Маці

Адзнака гэтай мясцовасці — каплічкі. Драўляныя ці цагляныя, з фігурай Божай Маці ў акенцы-нішы, яны стаяць у цэнтры вёсак. Звычайна на іх заўважныя знакі доўгага жыцця. А вось у вёсцы Дзевятні нам трапляецца зусім новая, няскончаная, капліца, з чырвонай цэглы, яшчэ без дашка і фігуры.

«Што, можа, касцёл муруе?» — цікавімся ў людзей. І нам расказваюць.

Ставіць капліцу ўзялася зямлячка, Хрысціна. Яна тут не жыве: працавала ў Маскве бэбі-сітарам («чужых дзяцей глядзела»), пасля пераехала ў Амерыку па той жа спецыяльнасці і там выйшла замуж за мільянера. Цяпер мільянер памёр і ёй грошы пакінуў. Дык от ёй саснілася Маці Божая ў роднай вёсцы, і Хрысціна вырашыла на памяць пра гэты цуд змураваць капліцу.

Праўда, работа нешта стала, капліца ўжо другі год няскончаная.

Праехаўшы па брукаванцы ў вёсцы Маркоўцы, што стаіць на высокім беразе Вяллі, бачым у прылеску акуратны і сціплы нямецкі цвінтар часоў Першай сусветнай.

Сярод Куртаў, Альбертаў, Фрыцаў на цэментным крыжы раптам трапляецца: вахмістр Лысяк. Відаць, украінец, аўстрыйскі ці нямецкі падданы, склаў тут галаву на імперыялістычнай вайне.

Доўгая, гладкая брукаванка і ў вёсцы Рыбакі пад Смаргонню. Тут адчуваецца дух катэджнага прыгарада — не дзіва, Рыбакі стаяць над прыгожым выгінам Вяллі. На гары за вёскай — царква, таксама пастаўленая, паводле мясцовай легенды, на месцы з’яўлення Божай Маці.

Ад Рыбакоў да Смаргоні можна даехаць роварам — так і робіць мясцовая дачніца з кошыкам вінаграду.

Аб’ект нянавісці

Звычайна прыязджаеш у вёску з брукаванкай, а людзі зусім індыферэнтна да яе ставяцца. Дарога і дарога, што пра яе казаць. Можа, палякі рабілі, можа, так хто. Даўно. Вось і ўся размова. Не так было ў Свірыдавічах за Смаргонню. Там брук высякае іскры эмоцый.

«Хлопцы! Як добра, што вы прыехалі! Калі нам ужо дарогу нармальную зробяць?! Гэта ж ганьба! Пад самым горадам — а асфальту няма! Я яе кожны дзень мяту і раўняю! Напішыце!» — пенсіянер Мікалай з нянавісцю топча брукаванку.

Ён умомант арганізуе стыхійны мітынг з дваіх суседзяў, адзявае найлепшую шапку і пазіруе на бруку з той самай шчоткай, якой мяце. А брук тут досыць роўны, трэба сказаць. Толькі падпсаваў «круты» сусед, які вёў па дарозе камунікацыі да нядаўна купленага ўчастка з высокім плотам.

Унутраная Манголія

Апошняя наш пункт на Смаргоншчыне — вёска Слабада. Там, падказалі нам, ёсць брукаванка і жыве адзін-адзіны чалавек — апошні старавер Ананій.

* * *

Стараверы

перасяліліся ў Вялікае Княства Літоўскае з Маскоўскай дзяржавы ў XVII ст. У Расіі іх пераследавалі, а ў нашай краіне панавала верацярпімасць. Вялікія паселішчы старавераў з'явіліся на гомельскім Палессі, на Ветцы, на поўначы Беларусі, на Паазер'і, а таксама на Барысаўшчыне. Стараверы жылі закрытымі супольнасцямі. Беларусы называлі іх «кацапамі» або «маскалямі», але жылі без канфліктаў. Стараверы да нашага часу захавалі сваю веру і культурную адметнасць. Скажам, мужчыны-стараверы адрозніваліся ад навакольных беларусаў сваімі бародамі.

* * *

Да Слабады вядзе дарога, пазначаная на картах тонкай, як павуцінка, лініяй.

У рэальнасці яна аказваецца неблагой гравійкай. Проста ідэальнай, калі б не рэльеф. Як бы навучыцца пазнаваць яго на картах аўтамабільных дарог? Бо дажджы ідуць, пясок з гары плыве, утвараючы на дарозе прамоіны і зыбун у ніжнім пункце. Даводзіцца ехаць зігзагам, каб не буксануць і не завязнуць. Прыемна здзіўляе рухавік: пры лайтавым аб’ёме 1,4 ён цягне пад гару без праблем.

У лабірынце гэтай унутранай манголіі Смаргонскага раёна мы згубілі арыенцір і замест Слабады прыехалі ў суседнія Хвецевічы. І там — брукаванка.

Гаспадаркі ўсяго тры, затое ва ўсіх — коні. Яны тут яўна не раскоша, а сродак перасоўвання. Гладкія, здаравенныя, як лакаматывы. Адзін спалохана кідаецца ўбок і косіцца на нашу машыну — рэдка, відаць, бачыў легкавікі спартовага дызайну.

Хто сказаў, што старыя людзі адарваныя ад рэчаіснасці і жывуць у сваім свеце? На выездзе з Хвецавічаў спыняем бабульку, каб запытаць дарогу. Яна ў адказ ладзіць нам сапраўдны допыт: яе цікавіць наш аўтамабіль. Колькі каштуе машына? (Інфармацыю пра 29 270 рублёў яна ўспрымае без вялікага здзіўлення). Ці новая яна? Які прабег? Які рухавік? На колькі бензіну хапае?..

Атрымаўшы адказы, падказвае, што трапіць у Слабаду можна кругавой дарогай, праз Стымоні і Мелеўшчыну. І мы ад’язджаем здзіўленыя: ці не хоча спадарыня стаць дылерам Volkswagen у Хвецевічах?

У Слабадзе мы нікога не сустрэлі — відаць, Ананій падаўся ў заробкі да суседзяў. Прайшліся па зарослай вясковай вуліцы. Дзе-нідзе ад хат застаўся толькі падмурак з ганкам, а на ім — немаладыя ўжо бярозы. Джунглі глытаюць усё. Тут нават студняў няма, ваду Ананію прывозяць.

Ад Ляшчадкі да Бабровічаў

Адсюль мы павяртаем на Віленскую дарогу, у бок Валожына, каб іншай дарогай вярнуцца ў Мінск.

На заканчэнне нас чакае найдаўжэйшая з усіх сустрэтых за два падарожжы брукаванак. Яна ідзе паралельна гродзенскай трасе ад Ляшчадкі да Бабровічаў — міма Чэхаўшчыны, Яшкавічаў, Паморшчыны, Палікшчыны і Даўбеняў, каля дзесяці кіламетраў.

Гродзенскую трасу мадэрнізуюць, пашыраюць, робяць раздзельныя палосы, укладаюць у аснову палімерныя сеткі. А побач ляжыць старажытны шлях з Мінска на Валожын. Яго без усякіх стратаў можна было б паднавіць, мемарыялізаваць, зрабіць каштоўнасцю. Каб можна было паказваць дзецям, як выглядалі дарогі продкаў.

Ну і класіка жанру: якраз на гэтай брукаванцы, на апошніх хвілінах падарожжа, з-пад хмар на захадзе выблісквае сонца. 600 кіламетраў засталіся за спінай. Дахаты.

Наступная вандроўка будзе ў бок Нясвіжа і Наваградка.

Дзякуем Volkswagen у Беларусі за аўтамабіль для падарожжа.

* * *

Мастак Міхал Анемпадыстаў. Эстэтыка бруку

Брукаванка — функцыянальны матэрыял. Функцыяналізм вельмі важны. Ясна, што яна не для трас і галоўных вуліц. Але ёсць мясціны, дзе рух не настолькі інтэнсіўны. Там яе можна было б захаваць.

Эстэтычная каштоўнасць бруку — безумоўная. Брук — дэталізаваны матэрыял, ён мае фактуру, у адрозненне ад асфальту ці бетону.

Брукаванка таксама выконваю функцыю гістарычную і ў нейкім сэнсе функцыю аўтэнтызацыі асяроддзя. Яна мае шэраг якасцяў, якія розняць яе ад іншых шляхоў, дарог. Яна стварае пэўны настрой.

Варта абавязкова захоўваць фрагменты дарог, звязаных з гісторыяй. Як Альгердаў шлях ці дарогу на Гальшаны. Другі момант — каштоўнасць краявіду. Калі мы маем нейкі ўнікальны краявід і брукаванку — яго частку, упісаную ў яго. Трэці момант — дасягненні інжынернай думкі. Як трылінка на Палессі ці ўчасткі, выкладзеныя гродзенскай бетонна-гранітнай пліткай.

Самая старая брукаванка ў Мінску, дарэчы, да нядаўняга часу захоўвалася на Музычным завулку, вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Гэта быў адзін з першых брукаў XVII ст. У Еўропе амаль нідзе не заставалася такога старога. Цяпер заасфальтаваная.

Андрэй Скурко, фота Сяргея Гудзіліна

0
спадарыня / Адказаць
22.10.2017 / 20:11
Кавалачак брукаванкі ёсць у вёсцы Вялікая Ліпа (Нясвіжскі раён), дзе старыя "польскія могілкі" і разрабаваная каплічка Абуховічаў
1
Добрая справа / Адказаць
22.10.2017 / 20:25
Вось цікава мне: калі "гравий" па-беларуску - "жвір", то мо і дарога будзе не гравійка, а жвіроўка?
0
Ілья / Адказаць
22.10.2017 / 20:26
Дзякуй за праект. У гэтым маршруте пад Свірам ёсць такая вёска Дубнікі - паміж Засвірам і Болькавам.

Там, можа, 2 якія жыхары, ці ўвогуле ўжо няма нікога. Там мая бабуля раней жыла, і мама там вырасла. Вялікая была вёска. Там таксама брукаванка. Толькі, на жаль, яна перажыла сваіх жыхароў. Маладыя калісьці раз'ехаліся, а старыя памерлі
Паказаць усе каментары/ 53 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру