Асноўным кампанентам паперы з'яўляецца цэлюлоза. Для атрымання дарожна-будаўнічага матэрыялу туалетную паперу спачатку праганяюць праз цыкл перапрацоўкі, дзе яе фільтруюць, чысцяць і стэрылізуюць пры вельмі высокіх тэмпературах. У выніку на выхадзе атрымліваецца пухнаты матэрыял або матэрыял у гранулах, які можна выкарыстоўваць для вытворчасці асфальту.
Большасць вытворцаў туалетнай паперы ў Нідэрландах вырабляюць толькі высакаякасны прадукт, які мае высокае ўтрыманне цэлюлозы, што, у сваю чаргу, дазваляе ствараць і больш якасны будаўнічы матэрыял пасля яе перапрацоўкі. У звычайным жа выпадку выкарыстаную паперу, як і іншыя адкіды, проста спальваюць на спецыяльных заводах па перапрацоўцы.
Выкарыстанне такой перапрацаванай паперы — гэта эфектыўная эканамічная мадэль, заяўляюць у кампаніі CirTec.
«У межах перапрацоўкі вы пазбаўляецеся ад усяго лішняга і на выхадзе атрымліваеце прадукт высокай каштоўнасці, які можна прадаць», — кажа кіраўнік CirTec Карлайн Лахай.
Некаторую частку гэтай цэлюлозы кампанія экспартуе ў Вялікабрытанію, дзе яна выкарыстоўваецца ў якасці аднаго з матэрыялаў для вытворчасці біякампазітаў. Астатняя ж цэлюлоза выкарыстоўваецца для вытворчасці іншых прадуктаў ці далейшай перапрацоўкі.
«Для людзей нават дзіўна думаць, што на дарозе ёсць туалетная папера, — кажа Мішэль Шрыр, губернатар правінцыі Фрыслэнд. — Але калі яны едуць па гэтай дарозе, то ўсё, што яны могуць бачыць, — гэта звычайны асфальт».
Пакуль яшчэ занадта рана казаць пра тое, ці стануць прадукты з перапрацаванае туалетнай паперы прымяняцца паўсюдна, але, прынамсі, у Нідэрландах у іх відавочна добрая будучыня.