20.10.2017 / 17:59

У Шатландыі заканадаўча забароняць шлёпаць дзяцей 4

У Шатландыі заканадаўча забароняць фізічнае пакаранне для дзяцей, пацвердзілі мясцовыя ўлады. Шатландыя такім чынам стане першай часткай Злучанага Каралеўства, дзе шлёпанне дзяцей будзе абвешчанае незаконным, паведамляе ВВС.

Getty

Дэпутат парламента ад Шатландскай партыі зялёных Джон Фіні ўнёс адпаведны законапраект, які, як чакаецца, будзе прыняты — міністры шатландскага ўрада ўжо заявілі, што маюць намер увасабляць яго ў жыццё.

Згодна з прапановамі Фіні, якія абмяркоўваліся ўсе лета, дзеці атрымаюць такую ж прававую абарону, як і дарослыя.

Цяпер шатландскія бацькі з прававога пункту гледжання могуць у сваё апраўданне сказаць, што фізічны гвалт у дачыненні да дзіцяці быў «апраўданым». Хоць выкарыстоўваць для фізічнага пакарання якія-небудзь прадметы або біць дзіця па галаве забаронена і цяпер.

Такіх забаронаў няма ў Англіі, Уэльсе або ў Паўночнай Ірландыі. Бацькам дазваляецца выкарыстоўваць «разумнае пакаранне». Аднак ім могуць выставіць абвінавачванні, калі на целе дзіцяці ёсць сінякі, ацёкі, парэзы, ранкі або драпіны, якія з'явіліся ў выніку прымянення сілы. Ва Уэльсе цяпер ідзе кансультацыя з нагоды заканадаўчай забароны фізічнага пакарання дзяцей.

Фіні ўнёс законапраект у шатландскі парламент з каментаром, што практыку «апраўданага пакарання» неабходна спыніць і даць дзецям роўную абарону ад гвалту з дарослымі.

«Мы не можам лічыць Шатландыю найлепшым месцам для выхавання дзяцей, пакуль наш закон дае ім менш за ўсіх у грамадстве абароны ад гвалту», — заявіў Фіні.

Шатландскае Таварыства па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі назвала гэты крок «пачаткам шляху насустрач справядлівасці і роўнасці для дзяцей».

Аднак гэты крок ухвалілі не ўсе. Святар свабоднай царквы Шатландыі Дэвід Робертсан паскардзіўся на тое, што з-за забароны нават добрых бацькоў могуць абвінаваціць у злачынстве за тое, што тыя проста ляпнуць дзіця па руцэ.

Некамерцыйная арганізацыя Be Reasonable ва Уэльсе збірае подпісы супраць законапраекта, сцвярджаючы, што ў ім лёгкае шлёпанне прыраўноўваецца да збіцця дзяцей. Ініцыятары сцвярджаюць, што з дапамогай закона ўлады ўмешваюцца ў тое, як бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей.

У водгуку шатландскага ўрада гаворыцца: «Мы падтрымаем заканадаўчыя ініцыятывы Джона Фіні па забароне ўсіх формаў фізічных пакаранняў».

«Мы лічым, што фізічнае пакаранне можа мець негатыўны эфект, які доўжыцца больш, чым фізічны боль. Мы падтрымліваем пазітыўнае выхаванне», — заявілі шатландскія ўлады.

У падтрымку сваёй ініцыятывы Фіні дадаў, што фізічнае пакаранне дзяцей прызнанае незаконным ўжо ў 52 краінах, і яго прапановы дазволяць дзецям расці ў здаровым асяроддзі і будаваць больш моцныя адносіны адно з адным і з бацькамі.

1
Мордехай В. / Адказаць
20.10.2017 / 18:36
Так, ня трэба  біць. Трэба даваць дзіцёнку меч і выстаўляць за вароты замка. І каб без каня, меха грошай і жонкі не вяртаўся, bloody little twit.
А што рабіць, калі ў вас дзяўчынка? Выстаўляць за вароты замка чужых трагладытаў!
1
вау / Адказаць
20.10.2017 / 19:48
А што рабіць, калі дзіця не слухае словаў, лезе ў небяспечнае месца, скажам, на дарогу?Трэба прымяніць прымус, а будзе нельга.
1
неабыЯкаў / Адказаць
20.10.2017 / 19:49
Наперад дэбілізацыя. Далоў Выхаванне- перажытак мінулага. Усе прошлыя пакаленні, гэта памылкі выхавання. Даеш новага чалавека.... Т.д.іт.п.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру