Сёння я прапаную напячы духмяных аладачак на смятане з яблыкамі і цынамонам. Дзякуючы смятане яны атрымаюцца больш пухнатыя, чым звыклыя аладкі на кефіры, а яблыкі мы будзем не рэзаць, а церці — тады яны прыгатуюцца адначасова з цестам. Падаваць іх можна са смятанай, варэннем, мёдам ці — як на фота — з кляновым сіропам.
Вам спатрэбіцца:
- 200 г смятаны
- 200 мл кефіру
- 1 яйка
- 5 ст.л. цукру
- дробка солі
- 0,5 ч.л. цынамону (можна болей, калі любіце)
- 1 ч.л. соды
- 2-3 яблыкі
- каля 1,5 шклянкі мукі
Як гатаваць:
1. Змяшаць смятану, кефір, яйка (яны павінны быць пакаёвай тэмпературы), дадаць цукар з соллю і злегку ўзбіць відэльцам.
2. Яблыкі пачысціць, нацерці на буйной тарцы. Дадаць у цеста разам з цынамонам, перамяшаць.
3. Паступова дадаць муку з содай, працягваючы перамешваць. Мукі можа спатрэбіцца больш (ці менш), чым пазначана: важна, каб цеста было густым, і не сцякала, а звальвалася з лыжкі, інакш аладкі не падымуцца як след.
4. Гатовае цеста пакінуць «адпачыць» на 15—20 хвілін.
5. Пячы аладкі на невялікай колькасці алею, на сярэднім агні да залацістага колеру: на адным баку пад накрыўкай, на другім — без.
Чытайце таксама: