Тамбоўскі гісторык Уладзімер Дзячкоў прапанаваў кананізаваць Зою Касмадзям’янскую. 13 верасьня ёй споўнілася б 85 гадоў. На думку тамбоўца, яна адпавядае ўсім прыкметам, па якіх залічаюць да сьвятых.

Праз пару дзён пецярбурскі пратаярэй Георгі Мітрафанаў выступіў катэгарычна супраць гэтай прапановы:

«Мучаніцкай царква прызнае сьмерць спавядальніка праваслаўя, хрысьціяніна, за ягоную веру. Гібель Зоі Касмадзям’янскай, якая была актыўнай камсамолкай і сталіністкай, ня можа разглядацца як сьмерць за веру, — перадае праваслаўнае інфармагенцтва «Вада жывая». — Зоя Касмадзям’янская — унучка сьвятара, забітага бальшавікамі й кананізаванага Расейскай праваслаўнай царквой. Можна толькі ўражвацца, як унучка сьвятарнамучаніка магла жыць гэтак далёка ад жыцьця царквы».

Сьвятар таксама дадаў, што ад дзейнасьці групы Касмадзям’янскай цярпелі ня столькі немцы, як цывільныя насельнікі.

Зоя Касмадзям’янская нарадзілася ў 1923 годзе ў Тамбоўскай вобласьці ў сям’і спадчыннага сьвятара. Ейны дзед быў утоплены бальшавікамі ў сажалцы за тое, што хаваў у царкве контрарэвалюцыянэраў, а бацька рэпрэсаваны. У школе ў яе выявілі нэрвовую хваробу. Яшчэ вучаніцай 10-й клясы ў кастрычніку 1941 году яна ўступіла ў зьнішчальны партызанскі атрад. У лістападзе 1941 году ў часе выкананьня заданьня па зьнішчэньні вёскі ў тыле ворага ў Маскоўскай вобласьці яе схапілі гітлераўцы й пасьля жорсткіх катаваньняў павесілі. Між тым кіраўнік дывэрсійнай групы, у якой была Касмадзям’янская, у 1942-м быў расстраляны саветамі за здраду радзіме. У Менску імем Зоі Касмадзям’янскай названая вуліца ў прыватным сэктары.

Зою Касмадзям’янскую вядуць на расстрэл.Здымак жаўнера вэрмахту.

Зою Касмадзям’янскую вядуць на расстрэл.
Здымак жаўнера вэрмахту.

Цытата па тэме:

Ніхто не прыніжае яе гераізму, але ж мы ведаем і тое, што рыхтавалі такіх, як яна, разведчыкаў-дывэрсантаў на працягу паўтара месяца, а потым закідвалі ці пасылалі проста ў тыл, каб там яны што-небудзь падпалілі, узарвалі. Здаецца, каля трох тысяч чалавек было падрыхтавана ў той школе разьведчыкаў-дывэрсантаў, але, наколькі я ведаю, палова з іх загінула, так нічога і не зрабіўшы..
Аляксей Дудараў, «Культура».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?