22.10.2017 / 10:49

Трамп паабяцаў абнародаваць дадзеныя аб забойстве Кэнэдзі 3

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абверг інфармацыю пра тое, што ён нібыта зьбіраецца заблякаваць публікацыю дакумэнтаў аб забойстве 35-га прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі ў лістападзе 1963 году, паведамляе «Радыё Свабода».

«Пасьля атрыманьня адпаведнай інфармацыі я як прэзыдэнт зьбіраюся дазволіць адкрыць заблякаваныя і засакрэчаныя дакумэнты па Джону Кэнэдзі», — напісаў Трамп ў сваім твітэры.

Раней выданьне Politico са спасылкай на неназваных прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа паведаміла, што кіраўнік Белага дома зьбіраецца заблякаваць публікацыю часткі дакумэнтаў, прысьвечаных забойству Кэнэдзі, паколькі яны могуць нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы.

У 1992 годзе Кангрэс ЗША прыняў закон аб тым, што матэрыялы па забойстве Джона Кэнэдзі могуць быць рассакрэчаныя праз 25 гадоў — у 2017 годзе. Некаторыя дакумэнты былі дададзеныя ў гэты архіў праз шмат гадоў пасьля «злачынства стагодзьдзя», якое адбылося 22 лістапада 1963 году ў Даласе, штат Тэхас.

Гісторыя забойства Джона Кэнэдзі зьяўляецца адной з самых загадкавых у 20 стагодзьдзі і да гэтага часу выклікае шмат пытаньняў.

46-гадовы прэзыдэнт Кенэдзі памёр на працягу паўгадзіны. Сьведка, які бачыў снайпэра, перадаў яго апісаньне паліцыі. На працягу наступных гадзіны з паловай падазраваны Лі Гарві Освальд застрэліў паліцыянта, які спрабаваў спыніць яго, схаваўся ў кінатэатры, дзе ўрэшце быў знойдзены і арыштаваны. Ён сьцьвярджаў паліцыі, што невінаваты, але лябараторныя дасьледаваньні пацьвердзілі, што гэта ён страляў з забойчай зброі.

Праз два дні, калі паліцыя выводзіла Освальда з паліцэйскага ўчастка, падазраванага забойцу застрэліў Джэк Рубі, уладальнік начнога клюбу з крымінальнымі сувязямі. Такім чынам Освальд ніколі не паўстаў перад судом.

Шматлікія камісіі расьсьледавалі забойства Кэнэдзі і самая вядомая ўрадавая камісія Ўорэна ў 1964 годзе прыйшла да высновы, што Освальд дзейнічаў у адзіночку. Іншую выснову зрабіў у 1978-м годзе Спэцыяльны камітэт па тэрарызму, заявіўшы, што гэта была верагодна змова. Але камітэт ня мог вызначыць ніводнага іншага яе ўдзельніка акрамя Освальда.

Для мільёнаў амэрыканцаў сёньня пытаньне застаецца адкрытым. Апытаньне, праведзенае сёлета інфармацыйным агенцтвам AP паказала, што больш за 59 працэнтаў амэрыканцаў лічаць, што гэта была змова.

24-гадовы Лі Гарві Освальд, былы марскі пяхотнік ЗША, у 1959-м годзе эміграваў у СССР, правёў некалькі гадоў у Менску і вярнуўся ў Злучаныя Штаты ў 1962-м.

1
Н. / Адказаць
22.10.2017 / 15:44
1961-й год,палац белсавраф i гэты шустрык амеыкашка заусегдаты танцавальнх вечароу,якiя ладзiлiся заужды пасьля лекцый аб,агрэсiуных памкненнях iмперыялiстау...
0
Пратэй Няптунаў / Адказаць
23.10.2017 / 12:17
А таварыш Шушкевіч усё маўчыць.
3
Пятро / Адказаць
23.10.2017 / 12:18
Перакруцяць пераверцяць i усяадно прауды не скажуць , мастакi фальсiфiкацый усю гicторыю скаверкалi , на сваю карысць .
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру