Бігборды з рэклямай нацыянальнай літаратуры ня рэдкасьць у Львове.

Бігборды з рэклямай нацыянальнай літаратуры ня рэдкасьць у Львове.

У Львове рамантуюць дарогі, праз гэта вакол заторы. Львоў рыхтуецца да «Эўра-2012». Але я прыехала не на футбол, а на кніжны кірмаш, які мае назву Форум выдаўцоў і праводзіцца сёлета 15-ты раз.

Яшчэ да пачатку Форуму журы ў складзе 80 чалавек на працягу дня мусіла выбраць найлепшыя украінскія кнігі, выдадзеныя за год. Гэта была цяжкая задача, напрыклад, для мяне. З прадстаўленымі на конкурс 400 кнігамі мусіла азнаёміцца на працягу некалькіх гадзін... Па-мойму, мой выбар найлепшых украінскіх кніг выклікаў лёгкае зьдзіўленьне маіх калег зь пісьменьніцкай групы журы. Яны выбіралі найлепшыя кнігі, арыентуючыся на якасьць ці грамадзянскую вартасьць тэкстаў, рэдактуры, паліграфіі, можа, —падсьвядома — на рэпутацыю выдавецтваў...

Маю ж увагу прыцягалі найбольш кнігі, якія немагчыма ўявіць выдадзенымі зараз па-беларуску ў Беларусі: «Электронны перанос у паўправадніках і паўправадніковых структурах», Чак Палагнюк «Байцоўскі клюб»...

Спрэчку на фінальным паседжаньні журы, калі рэйтынгавым адкрытым галасаваньнем трэба было выбраць найлепшыя з кніг, якія набралі аднолькавую колькасьць галасоў, выклікаў «Нацыянальны атлас Украіны». «Нацыянальны атлас — гэта як герб і сьцяг. Ён павінен быць у краіне», — пераконвала я сваю суседку справа, пісьменьніцу і вядучую тэлеканалу «1+1» Ларысу Дзенісенку. «Ды не буду я за яго галасаваць! Я ж яго нават не падыму — ён таўшчэзны і фармату паўмэтру на мэтар! Што за гігантаманія!» — абуралася яна. Бурныя спрэчкі... Дзіўна ўсё гэта мне, звыклай да беларускіх рэалій усеагульнага адабрамсу зьверху вызначай лініі партыі...

А Гран-пры заваяваў «Гамлет». Шэксьпір У., «Гамлет», пераклад на украінскую Юр’я Андруховіча, з выдатнымі ілюстрацыямі Ўладзіслава Ерка, кіеўскага выдавецтва «А-ба-ба-га-ла-ма-га».

І гэта падалося паказальным. Украіна выбірае Гамлета па-ўкраінску.

Шуміць ды гудзе Львоўскі форум выдаўцоў. Мне цікава параўнаць яго з кніжнымі кірмашамі ў Менску, Маскве, Варшаве. У параўнаньні зь Менскімі міжнароднымі кірмашамі ён большы разоў у дзесяць і абсалютна іншы па якасьці.

Цікавасьць да яго з боку чытачоў вялізная. Ідуць і ідуць бясконцым патокам, і выходзяць з поўнымі пакетамі кніжак. Кніжкі амаль выключна па-украінску. «Дык што, вы па-расейску нічога не выдаяце?» — цікаўлюся ў мэнэджэра харкаўскага выдавецтва «Фактар». «Выдаем, але сюды стараемся не прывозіць», — сьмяецца ён. «Мы выдаем кнігі па-расейску, — удакладняе уладальнік вельмі пасьпяховага кіеўскага выдавецтва «А-ба-ба-га-ла-ма-га» Іван Малковіч. — Але на кожнай такой кнізе, выдадзенай па-расейску і для расейскага рынку, пазначана: «Кніга ня можа прадавацца на тэрыторыі Украіны».

Назіраю, як вядзе бізнэс-перамовы з выдаўцамі львоўская перакладчыца Бажэна Антаняк. За старонку перакладу дзіцячай кніжкі зь верхнялужыцкай ёй прапануюць 4—6 даляраў. Мусіць, дзесьці такія расцэнкі на пераклад і ў Менску. Толькі ў Менску не перакладаюць з верхнялужыцкай на беларускую, а тое, што перакладаюць зь якой ангельскай на расейскую, будзе праілюстравана абсалютна інакш. «Мы стараемся адысьці ад расейскай традыцыі ілюстраваньня, намацаць сваё, арыгінальнае» — кажа Мар’яна Саўка, уласьніца львоўскага «Выдавецтва Старога Льва». І сапраўды, ілюстрацыі украінскіх дзіцячых кніжак вельмі адметныя.

Да слова, кнігі «ВСЛ» атрымалі на Форуме спэцыяльны прыз украінскага МУС.

Міністар унутраных справаў, выступаючы на адкрыцьці Форуму, давёў да ведама прысутных, што Міністэрства закупіць кніг на нейкую астранамічную суму для таго, каб іх чыталі міліцыянты і падвышалі свой культурны ўзровень...
У мяне няма слоў для камэнтару, а вось тэлежурналісты (а ва Ўкраіне каля 50 тэлеканалаў) у гэты ж вечар цікавіліся на вуліцах у міліцыянтаў, што тыя чытаюць зараз і рабілі пра гэта рэпартажы.

Спрэс праходзяць аўтограф-сэсіі пісьменьнікаў. Ажыўлена праходзяць. Але найбольшая чарга ля стэнду львоўскага выдавецтва «Піраміда», дзе падпісвае кнігі Марыя Маціёс. Пані Марыя — каралева украінскай літаратуры. Смуглявая і чарнавокая, бездакорная прычоска, палевы касьцюм туга аблівае паставу, манеры каралевы.

Вялізныя бігборды з рэклямай новай кнігі Маціёс «Маскаліца», выдадзенай накладам 25000 асобнікаў, стаяць па ўсім Львове.
«На украінскім рынку дзьве пісьменьніцы атрымліваюць незвычайна вялікія аўтарскія ганарары, — гаворыць львоўскі прафэсар Анатоль Іўчанка. — Гэта Джаан Роўлінг — 28 % роялці і Марыя Маціёс — 20 %». Гэта ўражвае, калі ўлічыць, што звычайны аўтарскі ганарар — 6—8 %.

Я на Форуме таксама маю дзьве, як тут кажуць, «акцыі». Сустрэча з чытачамі на стэндзе выдавецта «Зялёны пёс», дзе неўзабаве мае выйсьці мой раман «Рыбін горад», і парныя чытаньні з Ларысай Дзенісенкай у тэатры «Уваскрасеньне». На свае «акцыі» я не паленавалася прыперці цэлую торбу выданьняў з сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва». Шчыра кажучы, была гатовая да таго, што прыйдзецца іх перці назад у Менск. Але амаль усё разышлося. Першымі разабралі «Лісты з лесу» Севярынца. Ва Ўкраіне цікавяцца Беларусьсю, хаця інфармацыі пра нас тут няма амаль ніякай.

«Магчыма, гэта такая маркетынгавая пазыцыя уласьнікаў інфармацыйных сродкаў, — гаворыць Рыгор Гусэйнаў, галоўны рэдактар аўтарытэтнага, хоць і не сталічнага літаратурнага часопісу «Кур’ер Крыўбасу». — Расея прысутнічае на нашым інфармацыйным полі найперш сваімі тэлеканаламі. А паколькі Беларусь успрымаецца нейкім ценем Расіі, то нашы СМІ ўвагі ёй не надаюць. Прыбалтыка, краіны Эўропы — гэта цікава шараговаму украінцу, а Беларусь — не».

Спадар Гусэйнаў — ляўрэат найбольш прэстыжнай украінскай прэміі імя Шаўчэнкі. І ён адзіны зь ляўрэатаў, хто не скарыстаў прэмію на свае патрэбы, а паклаў на спэцыяльны рахунак, і з працэнтаў штогод, у сваю чаргу, дае прэмію 15000 грыўняў (гэта каля 3000 даляраў) таму ўкраінскаму пісьменьніку, якога лічыць найбольш вартым падтрымкі. «Ну што, выдаткаваў бы я гэтыя грошы на свае патрэбы, купіў бы сабе там новы аўтамабіль, ці што, але навошта мне гэта? Мне не бракуе на жыцьцё, — сьмяецца спадар Рыгор і дадае: — Зараз украінская літаратура находзіцца на спадзе. Але гэта натуральны працэс. Пасьля спаду неадменна будзе пад’ём. Магчыма, і мая прэмія паспрыяе гэтаму — хоць трошкі».

Мяркуючы па ўсім, за будучыню ўкраінскай літаратуры моцна хвалявацца не даводзіцца. А за нас крыўдна. Бо

ў нацыянальнай літаратуры, нацыянальным кнігавыданьні, падалося, адсталі мы ад Украіны на нямераную колькасьць парсекаў...

Украінцам ужо не трэба самім сабе даказваць, што могуць чытаць Гамлета і Пушкіна ды глядзець фільмы па-ўкраінску. Па-ўкраінску выдаваць падручнікі па электроніцы. Што украінская пісьменьніца можа быць цікавай ня менш за ангельскую.

Але мы таксама гэта хутка дакажам, праўда?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?