Факты без палітычнай вагі і складаюць сапраўдны істотны зьмест рэальнага функцыянаваньня самакіраванага грамадзтва. Піша Андрэй Павач.

Як жахліва абышоўся прэзідэнт Качынскі з Валэнсам, не запрасіўшы яго на ўрачыстасьці, прысьвечаныя 30-й гадавіне ўзьнікненьня свабодных прафсаюзаў; ці ператварылася ўжо Эўропа ў калёнію Расіі, ці гэта адбудзецца налета; ці прапаноўваў міністар Сікорскі выкарыстоўваць у Аўганістане забароненыя касэтныя бомбы — ад тэмаў штодзённай палітыкі, якія няспынна абмяркоўваюць камэнтатары на польскім радыё, у тэлебачаньні і газэтах, у прызвычаенага да «ўсеагульнага дабрабыту і супакою» беларуса хутка пачынае балець галава.

Празь некалькі дзён, калі прывыкаеш да бесьперапыннага мільганьня назваў палітычных партый і блёкаў, разнастайных аналітычных арганізацый і каляпалітычных суполак, пачынаеш задумвацца: «Ці ж гэта і ёсьць тая славутая дэмакратыя, якой мы сабе хочам?»
Ад гэтай думкі становіцца сьмешна, бо абсалютна ясна, што любы з маіх старэйшых суседзяў ці знаёмых адразу скажа: «Не, лепш Лукашэнка з Ярмошынай на пару, чым слухаць штодзень па радыё, як «мочацца» якія-небудзь мясцовыя Туск з Качынскім».
Але менавіта тады выхопліваеш з польскай рэчаіснасьці факты, здаецца, на першы погляд, куды менш значнай «палітычнай вагі», аднак якія, насамрэч і складаюць сапраўдны істотны зьмест рэальнага функцыянаваньня самакіраванага грамадзтва.

У апошні дзень школьных канікул дырэктарцы адной невялікай местачковай школы паведамілі, што школа зачыняецца, а дзеці пераводзяцца ў суседнюю, да якой будуць дабірацца цэлую гадзіну. Школьнікі і іх бацькі абурыліся і запатрабавалі, каб настаўнікі пачалі навучальны год. Тыя, аднак, пад пагрозай звальненьня, вымушаны былі адмовіцца. І тады кінутых школьнікаў пачалі вучыць… мясцовыя настаўнікі-пэнсіянэры. Без падручнікаў сямідзесяцігадовыя старыя вучаць малых польскай мове, матэматыцы і гісторыі і амаль адназначна выйграюць. Школа ў мястэчку будзе існаваць далей.

Хітры журналіст патэлефанаваў у адзін з ваяводзкіх гарадоў вельмі высокапастаўленаму чыноўніку і, прадставіўшыся адказным супрацоўнікам міністэрства сельскай гаспадаркі, папрасіў уладкаваць на працу свайго сябра. Той адказаў: «Няма праблем» і ўжо на наступны дзень застаўся бяз працы, бо ягонае выказваньне надрукавалі ўсе польскія газэты.

Навіна аб тым, што ў многіх польскіх школах фактычна існуе сэгрэгацыя па маёмасным прынцыпе, калі ў адны клясы адпраўляюць дзяцей заможных бацькоў а ў другія — бедных (а ў нас хіба інакш у вялікіх гарадах?), наагул узарвала польскую прэсу. У цэлым увага да пытаньняў дзіцяці і школьнага навучаньня тут адразу кідаецца ў вочы.

Пасьля бурлівага абмеркаваньня было вырашана выдаткаваць для школьнай адукацыі дадатковыя сродкі і ўжо ў 2010 г. кожны польскі школьнік атрымае ноўтбук для выкарыстаньня ў навучальным працэсе.

Што думаў, калі слухаў гэтыя навіны. Вядома, не аб марных спробах паказаць Беларусь як аазіс спакою пасярод мора «дэмакратычнага хаосу».

Думалася аб тых мужных людзях, не палітыках і не афіцыйных лідэрах беларускай апазыцыі, а звычайных грамадзянах (прадпрымальніках, студэнтах, інвалідах, настаўніках і ўсіх іншых) якія часта ахвяруючы ўласным дабрабытам спрабуюць расказаць людзям праўду аб становішчы ў краіне
і тым самым закладаюць падмурак грамадзтва, якое не на выбарах, а ў штодзённым адстойваньні сваіх правоў дакажа дзяржаве, што «не народ для ўраду, а ўрад для народу». Бо менавіта такі штодзённы выбар простага паляка ў абароне сваіх правоў, а ня сваркі польскіх палітыкаў і ёсьць галоўным рэзультатам эпохі «Салідарнасьці».

А яшчэ ўспамінаў заплаканы твар маці аднаго забітага ў беларускім войску салдата, якая гэтым летам нейкім цудам трапіла на беларускае ток-шоў «Выбар» (эх, і атрымаў пасьля за яе Хрусталёў ад Зімоўскага). Жанчына крычала, што даведаецца праўду аб тым, хто забіў яе сына, дойдзе да прэзыдэнта… Мабыць, шукае яе дасюль. А мне дасюль сорамна перад ёй, сорамна і за сябе і за ўсіх нашых дэмакратаў, свабодных журналістаў, праваабаронцаў, што не знайшлі яе, не дапамаглі. Менавіта так трэба. Дзеля таго, што глыбока перакананы:

толькі калі кінем абстрактныя развагі наконт удзелу ці няўдзелу ў выбарах, калі перастанем вымяраць сваю грамадзкую актыўнасць «Днём Волі» ці «Чарнобыльскім Шляхам», а калі паможам звычайным людзям, нават не дапаможам, а проста працягнем да іх руку, пакажам, што яны не адны ў змаганьні зь дзяржаўным левіяфанам за права спакойна займацца прадпрымальніцтвам, жыць у сваім доме ці вучыцца ў нармальнай школе, Беларусь пачне зьмяняцца хутчэй.
І больш пэўна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?