23.10.2017 / 15:11

Універсітэт МІТСО заклікае студэнтаў прыходзіць на паказ прапагандысцкага фільма «Крым» 44

У суполцы ўніверсітэта МІТСО (былы Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў) у сацыяльнай сетцы «Укантакце» з’явілася абвестка для студэнтаў: запісвацца на прагляд фільм «Крым», які пройдзе 26 кастрычніка ў Доме Масквы ў Мінску. На імпрэзу спецыяльна прыедзе рэжысёр стужкі Аляксей Піманаў.

«Кінакарціна расказвае аб гістарычных падзеях 2014 года. Невядомыя падрабязнасці крымскай вясны і каласальныя намаганні па перадухіленні ваеннага канфлікта», — так апісваецца фільм на старонцы МІТСО.

Запіс на прагляд адбываўся ва ўпраўленні выхаваўчай работы і моладзевых ініцыятываў універсітэта.

Адметна, што «Крым» і Піменава ў Мінск прывозіць арганізацыя «Русь маладая». Тая самая, якую ўзначальвае Сяргей Лушч. Мы ўжо падрабязна пісалі пра гэтага персанажа. Лушч прытрымліваўся неанацысцкіх поглядаў, быў язычнікам, змагаўся з «юда-хрысціянскай акупацыяй». Цяпер жа ён выступае як распаўсюднік «рускай культуры ў Беларусі». Лушч ужо прывозіў у Мінск пісьменніка-чарнасоценца Старыкава.

Мастацкі фільм «Крым» — гэта ўслаўленне анексіі паўвострава расійскімі вайскоўцамі ў сакавіку 2014 года.

«Больш подлай вайны, чым тая, якая цяпер ідзе ў Данецку, я не ведаю. На сваёй уласнай тэрыторыі войскі з цяжкага ўзбраення страляюць па мірных людзях. Калі мужыкам трэба разабрацца, ідзіце і разбярыцеся: пабудуйце бліндажы, акопы, ваюйце на фронце! Але тут б'юць па мірных жыхарах, па сваіх суграмадзянах», — казаў Піманаў у адным з інтэрв’ю.

Беларускія кінатэатры адмовіліся браць фільм «Крым» у пракат, хаця трэйлеры і дэманстраваліся перад іншымі стужкамі.

«Наша Ніва» дазванілася да першага прарэктара МІТСО Аляксандра Плашчынскага і папрасіла яго патлумачыць пазіцыю ВНУ.

«Мы ж будуем дэмакратыю, таму маем права абіраць любыя фільмы, якія хочам. Бачылі, што ў Расіі зладзілі з нагоды выхаду «Мацільды»? Ну і што? Гэта выбар кожнага, калі не хоча ісці, то няхай не ідзе. Я ніякай пазіцыі тут не займаю. Мы свабодныя выбіраць у рамках закона, што глядзець. Калі гэта супярэчыць закону, то тады глядзець не варта. Ніхто нікога не прымушае і не гоніць на прагляд», — запэўніў Аляксандр Плашчынскі.

Зрэшты, варта адзначыць, што абвестка з суполкі МІТСО вельмі хутка знікла.

Трэба адзначыць, што рэктарам МІТСО з’яўляецца былы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Станіслаў Князеў, які раней служыў у органах КДБ. А адным з намеснікаў рэктара з’яўляецца былы міністр абароны Леанід Мальцаў.

МІТСО — гэта недзяржаўны ўніверсітэт, які дзейнічае ў Мінску ад 1992 года. Да гэтага часу на базе цяперашняга МІТСО дзейнічала Вышэйшая школа прафсаюзнага руху Беларусі.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Зміцер Панкавец

2
?? / Адказаць
23.10.2017 / 15:23
А з чаго складаецца праца намесніка рэктара, былога мінабароны Л.Мальцава? Там платная адукацыя і студэнты ўтрымліваюць усё, што ім падсоўваюць?
4
ЩЩЩ / Адказаць
23.10.2017 / 15:25
показ этого "фильма" - это не демократия, а сползание в имперскую русскую чушь и враньё....ты, пименов, ещё сними фильм про Грузию, Приднестровье, прибалтийскую оккупацию
2
спадар / Адказаць
23.10.2017 / 15:37
Гэтыя калі ім зручна, ці калі адчуваюць слабасць пазіцыі, заўсёды ўспамінаюць дэмакратыю. Ды глядзіце вы сваё кіно, калі ласка, але студэнтаў не агітуйце.
Паказаць усе каментары/ 44 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру