Усё пачалося ў ЗША у далёкім 1945 годзе. Інжынер кампаніі Raytheon, якая спецыялізавалася на вытворчасці ваеннай тэхнікі, Персі Спенсер даследаваў сканструяваны ім выпраменьвальнік звышчастотных мікрахваляў, якія прызначаліся для радара супрацьпаветранай абароны. Пасля некаторага перыяду працы Спенсер вырашыў падсілкавацца шакаладнай цукеркай, што была ў ягонай кішэні. Нечакана навуковец заўважыў, што цукерка нагрэлася і пераўтварылася ў шакаладную пасту. Так пачалася гісторыя развіцця СВЧ-печаў.

Узрушаны Персі Спенсер пачаў дэманстраваць унікальныя ўласцівасці мікрахваляў сваім калегам: ён награваў кукурузныя зярняткі і ператвараў іх у папкорн, а эксперымент з курыным яйкам не атрымаўся — яно выбухнула.

8 кастрычніка 1945 года Персі Спенсер зарэгістраваў патэнт на апарат для прыгатавання ежы пры дапамозе электрамагнітных хваляў. Першыя печы важылі больш за 300 кг, былі вышынёй з чалавека і прызначаліся для выкарыстання ваеннымі ўстановамі.

А праз два гады, калі канструкцыя была ўдасканаленая, кампанія Raytheon пачала прадаваць свае мікрахвалевыя печы ўсім ахвочым па кошце 3000 даляраў.

Персі Спенсер і яго першая мікрахвалёўка

Персі Спенсер і яго першая мікрахвалёўка

Наступныя паўтара дзесяцігоддзя над удасканаленнем мікрахвалёўкі працавалі спецыялісты японскай фірмы «Шарп». Іх першая серыя СВЧ-печаў з'явілася ў продажы ў 1962 годзе. Гэтая ж фірма у 1966 годзе распрацавала спецыяльную талерку, якая круцілася, каб страва магла разагрэцца раўнамерна з усіх бакоў. У 1979-м «Шарп» увяла мікрапрацэсарную сістэму кіравання, а ў 1999-м вынайшла першую ў свеце печ з выхадам у інтэрнэт.

Першая мікрахвалёўка ад фірмы «Шарп»

Першая мікрахвалёўка ад фірмы «Шарп»

Справы ў СССР

Тым часам распрацоўкай мікрахвалевых печаў займаліся і ў Савецкім Саюзе. Ужо ў далёкім 1978 годзе маскоўскі завод «Плутон» распачаў іх серыйную вытворчасць.

Савецкія мікрахвалевыя печы «Электроніка» і «Дняпранка» набылі шырокую папулярнасць сярод прадстаўнікоў наменклатуры. Выкарыстоўваліся таксама і ў рэстаранах.

Адкуль жа з’явіліся чуткі пра тое, што СВЧ-печы былі забароненыя ў СССР? Напэўна, справа ў тым, што выраблялася іх настолькі мала, што ў людзей складалася ўражанне, што іх наогул няма. Ды і каштавалі яны дужа дорага — наўрад ці шараговы савецкі грамадзянін мог дазволіць сабе такую рэч.

Што ўнутры?

Праца СВЧ-печы заснаваная на трох асноўных кампанентах: магнетроне, хваляводзе і трансфарматары.

Магнетрон — гэта вакуумны прыбор, што генеруе высокачастотныя хвалі, якія і з'яўляюцца асновай любой мікрахвалёўкі.

Магнетрон мікрахвалевае печы. Фота: Вікіпедыя

Магнетрон мікрахвалевае печы. Фота: Вікіпедыя

Але для выпрацоўкі мікрахваляў звычайнага напружання 220В недастаткова, таму сілкаванне магнетрона ажыццяўляецца праз трансфарматар.

Для астуджэння магнетрона канструктары дадалі вентылятар, які бесперапынна абдзімае магнетрон паветрам.

Пасля магнетрона хвалі накіроўваюцца ў хвалявод — канал з металічнымі сценкамі, якія адбіваюць выпраменьванне. Потым яны праходзяць праз фільтр з лушчаку і трапляюць ва ўнутраную камеру печы, дзе і ўздзейнічаюць на ежу, награваючы яе.

Сучасная мікрахвалёўка прэміум-сегмента з функцыяй грылю

Сучасная мікрахвалёўка прэміум-сегмента з функцыяй грылю

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?