На ўчастку адказнасці памежнай заставы «Маладзечанская» на літоўскім кірунку дзяжурны з дапамогай інтэграванай сістэмы аховы мяжы зафіксаваў незвычайнага парушальніка, паведамляецца на сайце ДПК.

«Нягледзячы на тое, што на асноўных сцежках міграцыі жывёл у сігналізацыйнай сістэме агароджы прадугледжаныя спецыяльныя лазы для бесперашкоднага перамяшчэння лясных жыхароў, загараджальны плот на трываласць праверыў лось. Цару ляснога гушчару тэрмінова спатрэбілася перайсці ў бок суседняй краіны. Не выключана, што «парушальнік без дакументаў» сабраўся на вадапой на бліжэйшую раку Вілія. Менавіта па ёй у гэтым раёне і праходзіць дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Літвой», — распавялі ў ведамстве.

Характэрна, што штучны інтэлект інтэграванай сістэмы аховы мяжы прааналізаваў характар пераадолення і не падаў сігнал трывогі на заставу, беспамылкова выключыўшы ўздзеянне чалавека. Смаргонскія памежнікі з дапамогай камер сачылі за рашучымі дзеяннямі «парушальніка», для якога двухметровая агароджа не стала сур'ёзнай перашкодай на шляху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0