Беларус Васіль Парфянкоў — чалавек няпростага лёсу. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Мінску. Працаваў аўтаслесарам. Да нацыянальнага руху далучыўся маладым, быў актывістам незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды.

У 2002 годзе Парфянкоў быў сярод тых, хто бараніў Курапаты, калі праз урочышча хацелі пракласці мінскую кальцавую дарогу. Калі вясной таго года падпалілі ў Курапатах намёт, то Парфянкоў выратаваў двух чалавек.

Парфянкоў быў затрыманы падчас Плошчы-2010. Асуджаны да 4 гадоў зняволення. Папрасіў аб памілаванні ў Лукашэнкі, таму на волю выйшаў сярод першых — у жніўні 2011. Пасля гэтага Парфянкова накіроўвалі на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

У 2014 годзе ён эміграваў ва Украіну. Уступіў у батальён АУН, браў удзел у баявых дзеяннях.

Ва Украіне Васіль засвяціўся ў некалькіх дзіўных гісторыях. У лютым ён удзельнічаў у разгроме кіеўскага офіса расійскага «Альфа-банка». Ёсць відэа, як хлопец распраўляецца з вазонам спатыфілума. Сёлета 9 мая паліцыя зноў затрымлівала Парфянкова, АУН планаваў сарваць марш «Несмяротны полк» у Кіеве.

Цяпер Васіль уляпаўся ў новую гісторыю. У суботу 21 кастрычніка паліцыя арыштавала лідара АУН Міколу Каханоўскага. Ён пабіўся са сваім паплечнікам Русланам Качмалай каля станцыі метро «Акадэмгарадок», калі вярталіся з пахавання свайго пабраціма.

Каханоўскі ў запале выхапіў траўматычны пісталет і стрэліў. Хутка з’явілася паліцыя, якая і павязала буяна. Дакументаў на права нашэння з сабой пісталета Каханоўскі не мае.

У панядзелак над Каханоўскім пачаўся суд, дзе абіралася мера стрымання для камандзіра АУН. І тут пачалося самае цікавае. Шматлікая група падтрымкі Каханоўскага стала будаваць у судзе барыкады, біць шыбы.

«Свядомыя людзі грамяць суд, дзе адбываецца бясчынства», — напісаў у сацыяльных сетках Багдан Ціцкі. Калі да будынку стала пад’язджаць паліцыя, то АУНаўцы заклікалі людзей прывозіць да суда шыны і «пачынаць Майдан».

Сярод тых, хто будаваў у судзе барыкады і біўся з сілавікамі, быў і Васіль Парфянкоў. На адным са здымкаў бачна, як Васіль папраўляе крышку стала, умацоўваючы барыкады.

Прыхільнікі АУН трымалі абарону ўсю ноч, вытрымалі тры штурмы. Толькі раніцай спецназаўцы змаглі выкінуць іх з залы, найбольш заўзятых затрымалі. Васіль Парфянкоў аказаўся ў іх ліку.

Дэпутат Антон Герашчанка назваў гэтыя падзеі «вандалізмам». «Асобы, якія разграмілі суд, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», — сказаў ён.

Затрыманым інкрымінуюць наўмыснае псаванне маёмасці, блакаванне працы суда і хуліганства. Усяго затрымана каля 30 чалавек.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?