«У Беларусі засталіся 5800 расійскіх вайскоўцаў». Пасля вучэнняў закінуты новы фэйк
Украінскія сайты зноў пішуць: у Беларусі засталіся расійскія войскі пасля вучэнняў «Захад-2017».
На гэты раз цытуецца начальнік упраўлення верыфікацыі Генштаба УЗ Украіны Андрэй Гудзь.
Па словах Гудзя, «міжнародныя назіральнікі» «выявілі» на тэрыторыі Беларусі расійскіх вайскоўцаў, а беларускі бок і сам, маўляў, не робіць з гэтага таямніцы.
«Расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі ёсць. У Вене намеснік начальніка Генштаба, начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Муравейка агучыў, што створана групоўка сталага дзеяння, сумесная беларуска-расійская, колькасць 12 тысяч чалавек, з іх 5 тысяч 800 — прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі», — заявіў Гудзь, як пішуць украінскія, а ўслед за імі і асобныя беларускія сайты.
Недавер да такіх заяваў украінскіх ваенных выклікае хаця б тое, што гэта ўжо не ўпершыню: раней кіраўнік украінскага Генштаба Мужэнка ўжо расказваў, што расійскія войскі не вярнуліся да сябе пасля вучэнняў «Захад-2017» — гэта, вядома, не пацвердзілася.
Гэтым разам аўтараў інфармацыі можна папракнуць у фактычных памылках.
Разбярэмся: украінскі палкоўнік цытуе намесніка Белаконева, генерал-маёра Муравейку.
Сапраўды, Муравейка выступаў у Вене.
Але калі тое было?
12 ліпеня (!) 2017 года на форуме АБСЕ; Муравейка тады выступаў перад замежнымі дыпламатамі і вайскоўцамі на тэму маючых адбыцца вучэнняў. Там і была агучана колькасць войскаў у 12 тысяч чалавек, якія мелі ўзяць удзел у «Захадзе-2017», з іх толькі 10 тысяч на тэрыторыі Беларусі, сярод якіх і 3000 расійскіх вайскоўцаў. Астатнія дзьве тысячы трэніраваліся ў Расіі. І тая групоўка ў 12 тысяч — гэта толькі паводле афіцыйнага сцэнару вучэнняў.
Што датычыць «міжнародных інспекцый» — то гэта, відаць, тыя назіральнікі, якіх не ў поўнай меры азнаёмілі з ходам вучэнняў у час іх правядзення.
Цяжка ўявіць, што амерыканскія спадарожнікі і OSINT-разведка не змаглі б выявіць тое, што здолеў выявіць украінскі палкоўнік Гудзь на падставе словаў Муравейкі чатырохмесячнай даўніны.
Да таго ж, у рамках Дамовы аб звычайных узбраеннях у Еўропе краіны НАТА (і мы, адпаведна, наадварот) могуць запрасіць інспекцыю ў Беларусь і пералічыць кожнага салдата на адпаведнасць колькасці, што прадугледжана дамовай — як бачым, з боку НАТА да нас прэтэнзій няма.
Дык навошта такія ўкіды трэба?
«Канечне, гэта ўкід. Проста цяпер Украіна мае патрэбу ў падтрымцы ЗША, — мяркуе вайсковы эксперт Аляксандр Алесін. — Ім важна паказаць, што ёсць сталая пагроза з усходу і поўначы. Нас наўпрост яны абвінаваціць не могуць, а вось Расію, якая можа напасці з нашай тэрыторыі — цалкам. Таму гэтыя словы разлічаныя найперш на заходнія вушы. Але, калі б тут сапраўды былі расійскія войскі, то гэта быў бы скандал. Але такія заявы кепскія для іміджу Украіны — яны паказваюць, што ўкраінскія генералы «не адказваюць за базар», — падсумаваў Алесін.
У прэс-службе Мінабароны «Нашай Ніве» чарговы раз заявілі, што ўсе расійскія войскі пасля вучэнняў вярнуліся дадому.
Каментары