Трымціце, фэны! Пасьля пяцігадовай ледніковай сьпячкі брантазаўры сусьветнага року, амэрыканскі гурт Metallica выпусьціў-зьнёс свой новы, дзявяты, студыйны альбом Death Magnetіc. Пра фэномэн гурту піша Павал Касьцюкевіч.

Як і было загадана вышэй, фэны, трапячыце! Біцеся галавой аб сьценку ў прадчуваньні новай порцыі грымотна-бліскавічных рыфаў і зубакрышыльных выцылінгваньняў. Пайшла інфа, што дарослыя дзядзькі з Сан-Францыска дадуць такога фаеру, што хавайся ў бульбу. Іх адбойныя гітары лютавацьмуць стокроць натужлівей. Іх пупы будуць трэсьціся яшчэ агрэсіўней. Бо час прысьпеў, і ў фірмовых гарнілах ужо дыміцца распаленая да белага кружэлка, якая яшчэ да выпуску зрабілася мэга-супэр-дупэр-плятынавай.

Куплю кружэлку і я. Настальгія, такое дзела... Напэўна, трохі счакаўшы набуду дыск пірацкага разьліву гэтага аццкага альбому. Да таго ж, кажуць, ужо ёсьць якасныя спасылкі ў сеціве.

Колькі ж прайшло, мінула, як і не было з часоў народнага гіту Nothing Else Matters. На пачатку 90-х ён вярэдзіў танцпляцоўкі, якія толькі афармляліся ў дыскатэкі. З часоў, калі ў навакольлі сярод прасунутых рэчаў былі толькі перадача «Відзьма-нявідзьма» і MTVшная складанка па БТ.

Цяпер моладзь разбеглася на некалькі моладзяў, распаўзлася, як прусакі, па завугольлях субкультураў
: разьдзялілася на хлопчыкаў з вялікімі шышкападобнымі навушнікамі і дзяўчынак з чупрынкамі колеру крумкачовага крыла.

А тады ўсе маладыя людзі слухалі баляды ад «Мэталікі». Нават гопнікі ў сваіх сініх спартовых касьцюмах «Пума» прыходзілі паслухаць. стаялі скрай танцпляцоўкі і слухалі, падазрона зіркаючы па баках і круцячы галовамі з Ы-падобнымі сківіцамі. Сапраўдныя нефармалы, таксама трымаючыся ўбаку і какетліва папраўляючы хаер, на вушка сябру ганьбілі мэталічныя «медлякі». Якія, як вядома кожнаму патлатаму, уцягваюць любы нармальны гурт у бездань апапсеньня.

Проста агульны культурны код быў нейкі. «Энд насынг элс мэтэ-э-э-р-с...»

Потым было ўсякае-рознае. За апошнія дзесяць гадоў хлопцы з Metallica зрабілі ўсё, каб зарабіць самім і даць зарабіць сваёй камандзе. Напрыклад, глямурны запіс сваіх гітоў з сымфанічным аркестрам, здымкі ў дакумэнтальным «Some kіnd of monsters», дзе саліст, зьвераваты Джэймс Гэтфілд, гэтае ўвасабленьне рок-героя, плаксіва распавядаў пра свае псыхалягічныя праблемы.Усё адно як нейкі акулярыста-закамплексаваністы Вудзі Ален.

Больш за тое, абдурыўшы нас, цалкам апапсіўшыся і перажыўшы сваю эпоху, яны дазволілі сабе не памерці. Памятаю, нейкі час пасьля сьмерці саліста «Нірваны» усе злосна абгаворвалі ягоную жонку, Кортні Лаў. Маўляў, во сволач, жыве і жыве, і нічога ёй ня зробіцца, а павінна ж памерці з нашым любым Курцікам. Тады мы яшчэ ня ведалі, што цяжкія мэталісты -- не буравесьнікі апакаліпсісу, а дробныя чорцікі ад рокэнролу.

Цяпер зьмяніліся і мы. Прыйшло-такі крэпкае разуменьне, што ўсе мы тут, на гэтай зямлі -- толькі людзі.
І ад такой бяскрылай банальнасьці ўжо і ня прыкра, нават вецер ня ў стане халадзіць былую рану, усё ўнармавалася. Таму пытаньне: «Чаму xлопцы з “Мэталікі”, як і належыць сапраўдным рокерам, не скончылі жыцьцё самагубствам у трыццаць год?» гучыць сёньня гэтаксама па-дурному, як дзетсадаўскае: «Хто дужэйшы, Шварцэнэгер ці Рэмба?»

Мы ж цяпер самі больш не перакручваем, як перакручвалі, саладжавую песьню «Бітлз» «All I need is love» («Усё што мне трэба — гэта каханьне») на свой капыл -- Аll I need is all («усё што мне трэба — гэта ўсё»). Мы вярнуліся да арыгіналу. Да сьвятарных «Жучкоў». І цяпер нам амаль усё — усё адно, мы толькі заварожана назіраем, як арнамэнт нашага шляху робіцца усё складанейшым, і ніхто-ніхто нічым не расчараваны — ужо няма нагоды, няма часу, мы цяпер нават не заўсёды сочым за чаўнаком — і амаль не цікавімся, чым для нас скончыцца чарговы пасаж гэтай хуткай чырвонай ніткі, ці то жыцьцём, ці то сьмерцю, бо ведаем, то ніхто ні ад чаго не застарахаваны, і таму, глянуўшы на новую вокладку альбому «Мэталікі», адразу ня можам сьцяміць, гэта дамавіна, ці гэта вагіна?

Яшчэ раз пра клятыя дзевяностыя

Тады нас кармілі культурным сэканд-хэндам. Нічога — мы вырасьлі і так. It’s OK now. Елі націньне без карэньня і гэтак сталелі. Слухалі ўсе гіты са спазьненьнем у пяць-дзесяць год. Ня ведалі, што акрамя «Насынгу», у «Мэталікі» ў запасе як мінімум дваццаць значна лепшых песьняў. Ня чулі таксама, што найвыбітнейшыя альбомы «Мэталікі» засталіся ў васьмідзясятых — «Гаспадар марыянэтак» і «Правасудзьдзе для ўсіх...». Ні тэкстаў, ні культурнага кантэксту не разумеючы. У гэтых песьнях нам торкала ад чагосьці іншага.

Цэлых пяць гадоў, мусіць, да 95-га, мы былі як нявыкарыстаныя снарады. Ужо ўжо потым бліжэй да канца 90-х панеслася па новай: нас запіхнулі, перазарадзілі, перадзёрнулі, перапраграмавалі.

Але тады ім было не да нас. Усе іх сілы ішлі, каб карміць нас. Школьныя настаўнікі езьдзілі па тавар у Польшчу. Бацькі падлічвалі ў даляравым эквіваленце свае маральныя страты ад развалу Савецкага Саюзу. Мы хапатліва сілкаваліся праз прапхнуты ў фортку шлянг ад пральнай машыны і бегма вярталіся ў свае сутарэньні. З усіх дарослых на нас зьвяртаў увагу толькі гандляр, якія прадаваў на «Дынама» майкі с надпісамі Guns’n’Roses і нашыўкі «Fuck you». Нам было па кайфу.

Ня ведаю, як мы ўсе збольшага засталіся жывыя. Адна з прычын пэўна, што ў Беларусі тады не было наркотыкаў. Ніякіх.

Metallica была па кайфу. Правей ад саладжавых «Скарпоў» і «Бон Джові». Лявей ад надта, не ў меру ўжо прасунутых «Нірвана» і «Пэрл Джэм». Metallica была як трэба. Ёсьць такія культурныя прадукты, такія як трэба. «Народны альбом», дапрыкладу, кнігі Альгерда Бахарэвіча. Дзе ўсё на месцы, дзе ўсё па зубах. І, наагул кажучы, цяпер азіраючыся на вяхі майго культурнага сталеньня, заўважаю са зьдзіўленьнем, што ўсё было, як трэба. А наагул-наагул кажучы, падчас падлеткаваньня ўсё-усё было як трэба. Гэтай пазыцыі я навучыўся ў іншага кайфовага амэрыканца — Курта Вонэгута.

Не скажу, што цяпер таксама ўсё як трэба. Калі я бачу хлопчыкаў-першаклясьнікаў у ахайненькіх пінжачках мне робіцца млосна.

Кар’ера — добрая рэч, але ня ў шэсьць жа год!
Я рэагую гэтак, дзякуючы атрутным павевам дзевяностых і тагачаснай шчасьлівай адсутнасьці настаўнікаў жыцьця. Дастатковай колькасьці волі, якую цяпер завуць свабода. А песьні «Мэталікі» — афіцыйныя гімны гэтага часу. Як і належыць сапраўдным гімнам — банальныя, яжджалыя шляхі, агульныя месцы, але калі іх чуеш, дык яны заўсёды трапна колюць у сэрца. У мяне дома запісаў «Мэталікі» няма, але хто захоўвае запісы гімнаў дома?

Дзякуючы «Мэталіцы»:

1. Я як сьлед вывучыў ангельскую мову (меў звычку перакладаць тэксты песьняў са слоўнікам).

2. Я пачаў слухаць іншую добрую музыку, не абавязкова цяжкую ці нават сучасную, але такую, якая даволі часта мацавала мяне ў ліхую часіну.

3. Я пачаў граць на гітары і гэта выратавала мне жыцьцё. Аднойчы, калі ў забягалаўку, дзе я працаваў, прыехалі знаёмцы і паклікалі мяне пакатацца, я адмовіўся — мне хацелася як мага хутчэй зарабіць на даражэнную гітару. У той вечар знаёмцы разьбіліся. Дарэчы, гітарыст зь мяне ня выйшаў.

4. У мяне было вельмі рамантычнае піянэрлягернае каханьне. Яна выявілася фанаткай гурту, і таму мне было проста разгаварыцца зь ёй у першыя, самыя гнятлівыя, хвіліны знаёмства.

5. Дарэчы, дзякуючы гэтай «жалезнай» тэме, я даволі часта знаходжу агульную мову з шмат якімі незнаёмымі людзьмі. Дастаткова сказаць чатыры чароўныя склады і вочы суразмоўцы летуценна мружацца, бо, відаць, шмат хто зь іх мае некалькі сваіх уласных пунктаў «дзякуючы «Мэталіцы».

...

6. А болей? Што ж там болей чакаць ад песьняра?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?