Больш за год доўжыцца расследаванне гучнага забойства бізнэсоўца Сяргея Мяцельскага ў Беразіне. Але ў справе, што знаходзіцца пад асаблівым кантролем прэзідэнта, пакуль няма істотных зрухаў, прызнаўся журналістам старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч, піша Tut.by.

«Калі я вам скажу, што і спаць кладуся, і прачынаюся з гэтай справай, то не паграшу супраць ісціны, — сказаў Наскевіч. — Справа быццам бы элементарная — і відавочцы былі, і сведкі. Павінны былі раскрыць вось-вось. Але не пайшло, і ўсё. Бывае такое. Дапытаныя сотні людзей. Адпрацаваны велізарны масіў інфармацыі — аб'ём справы ўжо хутка будзе дасягаць дзясяткаў тамоў. Але раскрыць пакуль не атрымліваецца».

Ён запэўніў, што і СК, і МУС, і падкдлючаныя іншыя праваахоўныя органы працягваюць працаваць і разлічваюць раскрыць справу. «Яна з банальнага забойства перарасла ўжо ў знакавае злачынства. Гэта нейкая кропка адліку, па якой можна будзе меркаваць пра прафесіяналізм нашых праваахоўных органаў. Нам бы хацелася, каб нас лічылі прафесіяналамі з вялікай літары. Мы для гэтага зробім усё магчымае», — адзначыў кіраўнік СК.

***

«Гэта пытанне гонару. Я папярэджваў і кіраўніка МУС: ён паабяцаў раскрыць гэтую крымінальную справу. Вы павінны звяртаць увагу на падобныя справы», — казаў у студзені Лукашэнка.

***

26 верасня 2016 года, прыкладна ў 7.00, на выездзе з Беразіна Мінскай вобласці знайшлі палаючы аўтамабіль. На кіроўчым крэсле было знойдзена цела загінулага мужчыны.

«Мясцовы бізнэсмэн выехаў з дома, у яго дом на ўскраіне каля лесу. Яго там непадалёк тармазнулі, застрэлілі, машыну падпалілі. Міма ехаў мясцовы пажарны на працу, бачыць - стаіць машына, з яе дым ідзе, адчыніў дзверы, убачыў цела, паспрабаваў яго дастаць, па ім з лесу страляць пачалі, каб адагнаць ад машыны. Ну ён - у машыну, па газах і ў міліцыю», — паведаміў тады мясцовы жыхар Віктар. Па словах яшчэ аднаго мясцовага жыхара, каля машыны ўсё той жа выратавальнік убачыў «чалавека з падпаленай анучай, які кінуў яе на капот і ўцёк у лес».

Зрэшты, былі гэта стрэлы або проста воплескі ад гарэння ў салоне машыны - пакуль невядома. Ёсць дадзеныя, што ў той момант кіроўца аўто ўжо загінуў ад агнястрэльных раненняў. У Беразіне некаторыя прытрымліваліся версіі аб заказным забойстве.

Па словах родных, 41-гадовы бізнэсовец Сяргей Мяцельскі апошні час працаваў у Мінску «антыкрызісным кіраўнікам». Да таго, як стаць прадпрымальнікам, мужчына паспеў прапрацаваць у фінансавай міліцыі ў Барысаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0