Гурт Vuraj напісаў першую песьню ў сваёй гісторыі на верш паэта, у якой перадаў у музыцы ўсё ягонае жыцьцё. Для праекту TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» каманда Сяргея Доўгушава паклала на музыку твор Юркі Лявоннага.

Для гурту Vuraj удзел у праекце «(Не)расстраляная паэзія» надзвычай важны. «Хто калі ня мы, музыкі, могуць даць новае жыцьцё творам забітых паэтаў. Гэтая тэма балючая, схаваная ад усіх нас і моцна актуальная на сёньня. І мы, пераемнікі тых паэтаў, мусім сказаць сваё слова, каб адрадзіць памяць пра іх», — кажа Сяргей Доўгушаў. Ён знаёмы з творамі рэпрэсаваных літаратараў па кнізе «Расстраляная літаратура», што выходзіла ў сэрыі «Беларускі кнігазбор». А падчас працы над гэтым праектам, бліжэй пазнаёміўся з творчасьці паэта Юркі Лявоннага.

Песьня «Настроі» паводле твору «Зімовая радасьць» — першы экспэрымэнт гурту Сяргея Доўгушава ў напісаньні песьні на верш беларускага паэта. І працэс стварэньня быў ня менш складаным, чым праца з народным сьпевам. Усе музыкі падыйшлі да гэтай справы з усёй шчырасьцю і адданасьці. Праца доўжылася некалькі месяцаў, за гэты час кампазыцыя некалькі разоў мяняла сваю форму і ўрэшце была зафіксаваная ў студыі. «Песьня атрымалася атмасфэрнай, са сваёй драматургіяй. Яна натхняе на роздум, — распавядае Сяргей. — У ёй мы хацелі перадаць сваё адчуваньне паэзіі Лявоннага і трагедыю ягонага жыцьця, таму яна створаная зь некалькіх кантрасных частак. Яны ілюструюць як зьмянялася жыцьцё юнака, калі верш гучыць пад мэлядычную рамантычную музыку, а потым настрой зьмяняецца — паэта арыштоўваюць, катуюць, расстрэльваюць. Радасьць зьмешваецца з болем, надзея пераўтвараецца ў безвыходнасьць. Вось што мы ўбачылі ў гэтым вершы».

Юрка Лявонны (Леанід Юркевіч) пачынае друкавацца ў 16 год, у гэтым жа ўзросьце яго прымаюць у «Маладняк». У 25 год — ён ужо паважаны журналіст, крытык, аўтар шасьці ўласных зборнікаў. Сябры апісвалі яго як «статнага і прыгожага юнака артыстычнага складу». Але ў 28 год яго арыштавалі нібы за шпіёнска-дывэрсійнуюдзейнасьць. Год катавалі ў турме і расстралялі 29 кастрычніка 1937-га. У гэтым жа годзе выйшаў беларускі пераклад Жюля Вэрна «20000 лье пад вадой», які зрабіў Лявонны разам зь Сяргеем Грахоўскім. Толькі імёны перакладчыкаў былі выкрасьленыя зь кнігі. Падрабязьней пра Юрку Лявоннага распавёў у лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» дасьледчык Віктар Жыбуль.

Гурт Vuraj мае намер выконваць гэты твор на сваіх канцэртах. Таксама музыкі хочуць зьняць на «Зімовую радасьць» кліп.

Vuraj — Настроі

музыка гурту, словы Юркі Лявоннага

TuzinFM

Ёсьць настроі… А ў іх — пералівы.
Ёсьць часіны — здаюцца сном.
Толькі той на сьвеце шчасьлівы,
Хто
ўзімку жыве, як вясной!

Я стаю адзінокі на полі,
Ціха сыплецца золкаў пясок…
Распрануўся вецер — і голы
Па ральлі —
у карагодны скок!..

Дуб гальлё пабялелае зьвесіў,
I ня ведаю — можа,
ува сьне
Паваліўся зялёны месік
На калені ў срэбны сьнег…

Вецер шэпча ліхія пагрозы —
Колькі злосьці… Куды ж яе дзець?..
Прытулілі б мяне вы, марозы,
Да асмужаных бельлю грудзей!..

Я раздумаў — ня вылью сьлязамі,
За мяне — хай скрыгоча зіма…
Ой ты, замець, сівая замець,
Прыгажэй за цябе — няма!..

(1927)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0