28.10.2017 / 11:55

29 кастрычніка 1937 года — як гэта магло адбывацца 39

29 кастрычніка — 80-я гадавіна (1937) «чорнай ночы», калі НКВД беспадстаўна расстраляла больш за сотню беларускіх паэтаў, пісьменнікаў і дзеячоў культуры розных нацыянальнасцей. Гэта была кульмінацыя вынішчэння саветамі беларускіх элітаў. Павел Каралёў піша, як гэта магло адбывацца і што адчувалі бязвінна асуджаныя.

Позні вечар, затым ноч… У музеі затрымаўся да другой ночы, заўтра адчыняецца выстава… Страчаныя абліччы… Усё трэба паспець, падпісаць экспанаты, праверыць яшчэ раз. Яны тут, побач.. Не, гэта незвычайныя рэчы, або, як прынята зараз казаць, музейныя прадметы. І гэта нават не проста маўклівыя сведкі трагедыі… Гэта болей… Яны распавядаюць.

Я некалі хацеў зрабіць паэтычную вечарыну на ўсю ноч. Каб гучалі вершы паэтаў, якіх расстралялі. Каб чыталі іх родныя, блізкія, нашчадкі… А побач былі вялікія здымкі іх сваякоў. І так усю ноч… Наўрад ці гэта ўдасца. Але замест той ночы я правёў іншую, сваю, у музеі. Удакладняючы асобаў на здымках, пераглядаючы асабістыя рэчы… Напрыканцы яшчэ раз зірнуў на раскопкі з Курапатаў…

Нарэшце ўсё зроблена, выстава гатова. Застаецца шлях дадому… Пешшу… Транспарт ужо не ходзіць. На усход. Па той дарозе, якой калісьці вывозілі тых, з кім я пазнаёміўся за апошнія месяцы. Пра іх гэта…

* * *

Ноч, дарога… павезлі. На імгненне становіцца ясна і ад гэтага сцюдзёна па ўсім целе. Аглядаюся… Не, не ўсе, бачу, разумеюць… куды… Хоць усе на падкорку і здагадваюцца. Дзіўная чалавечая сутнасць — спадзяёмся да апошняга. А раптам абміне…. Колькі жыве чалавек, а не верыць да канца, што з ім нешта падобнае можа здарыцца… Пэўна, і ў апошнюю секунду спадзявацца будзе. Горка…

Дождж кропае, плача. Невялікі, але паступова ўсё больш нарастае. Як тады ў маленстве мне, малому хлапчуку, які ішоў у грыбы, такі дождж даваў шанец вярнуцца сухім… Галоўнае, толькі павярнуць да хаты. Цяпер няма куды вярнуцца. Не, пад такім дажджом не прамокнеш, але бачна, ён надоўга…

Сядалі ў грузавік з неахвотай, ды хутка. Таксама, як змушаюць станавіцца да сцяны, ісці па калідоры, збіраць свае рэчы… Хоць і няма іх, тых рэчаў. Чаму загадваюць збіраць тое, што можа змясціцца ў адну кішэню? Даюць надзею, што некуды пераводзяць… А можа, каб пасля не займацца яшчэ і пакінутымі назаўсёды рэчамі. Бо бачна, у іх столькі клопатаў з людзьмі… Ім не да рэчаў…

Мы не знаёмыя паміж сабой, дакладней не ўсе. Адзін таксама паэт, кажа, што нашага брата ў турме дзясяткі. Некаторых сам бачыў… Самае кепскае — вочныя стаўкі. Бачыш старога сябра і не разумееш, чаго ад яго чакаць. А сам глядзіш на яго, у празрыстыя вочы, на збітыя рукі — і ўсё ясна… Такі ж лёс, як у цябе. Дзіўна, раней сварыліся, мірыліся. Цяпер як не было, усё здаецца з іншага жыцця.

Маўчым… Калі машына была кранулася з месца, нехта паваліўся — падхапілі… Позіркам сустракаемся адзін з адным… Праз секунды адводзім, цяжка глядзець у страшэнна раскрытыя вочы з нямым пытаннем…

Як ні падганялі, змог усё ж сесці апошнім. Таму цяпер у канцы грузавіка.. З майго месца бачна крыху горад, цені вуліц. Едзем, прабіраемся строга распісаным маршрутам, які ведаюць толькі абазнаныя… Золка…

Углядаюся праз шчыліну на тратуар, дамы. Стараюся пазнаць той, невядомы мне раён. Куды едзем? Пазнаю месцы… На ўсход. Узгадваю мясціны, дзе хадзіў, сустракаўся, любіў… Іншае жыццё было.

Хутка прамінаюць дамы. Паўсюль выключана святло… Няўжо ўсе спяць? Ці магчыма, каб цэлы горад заснуў?… Раптам кідаецца ў вочы — адно акно гарыць, затым у імгненне свет знікае. Значыць, ведае, што чорны воран едзе! Ты мой сведка! Ты ведаеш, што я тут! Перадай іншым, пра мяне… Што мяне…

Прыслухваюся… Як жа сэрца б’ецца… Маладое… Чаму ты так ірвешся? Шкада цябе… Яшчэ шмат занатоўваць, спазнаваць, дзяліцца… Няўжо перарвецца? Ужо хутка, чуеш? Але як доўга ўсё ж цягнуцца хвіліны.

Гляджу на таго, хто вартуе… У яго і маці жывая, пэўна, і жонка ёсць. Як ён размаўляе з імі? Што кажа? Ці ведаюць яны, які хлеб прыносіць?…. А можа, і ён чалавек?… Сустракаемся поглядамі… Адводзіць вочы… Ці ты будзеш страляць? Ці не таму адварочваешся?

Азіраюся. Побач ён, мой нядаўні супернік алімпу. Як марна мы высвятлялі адносіны, змагаліся… Нашто гэта, калі тут… Ведаю, ён не жанаты. Шчаслівы… Яму прасцей. Там мая мілая да часу адзінокай стане… Ведаю, будзе шукаць, абыдзе ўсе ваколіцы. Не знойдзе…

Становіцца невыносна, пальцы акалелі даўно… І хто казаў, што гэта цёплы кастрычнік? Пераехалі на гравійную дарогу… Значыцца, нядоўга засталося…. Трасе грузавік, шмат калюжынаў… заезджана дарога… Апошні год у галаве адно нямоглае пытанне: чаму? Колькі разоў задаваў яго сабе, і нават следчым… Цяпер ужо не важна… Але зараз іншае… НАВОШТА? Няўжо так проста бывае, няўжо наканаванасць… Сэнс жа ёсць… Кажуць няма, але ён ёсць. Ва ўсім… Веру… Пра нас узгадаюць, уваскрэсяць. У чым вінаваты паэт? Узгадаюць жа, га?

* * *

На раніцу ў горадзе заставаліся лужыны ад начнога дажджу… Горад жыў сваім будзённым жыццём. Дождж змыў начныя сляды, якіх былі дзясяткі ў тую страшную ноч. Узгадаюць жа? Га? Усё узгадаюць. Пабачыш! — былі апошнія словы паэта перад вечнасцю…

Павел Каралёў

1
Pauliuk / Адказаць
28.10.2017 / 10:13
Балюча, дужа балюча на душы... Калі ўсё разумееш - колькі пакутаў, колькі крыві, колькі жыццяў... А ў нас - чырвоны дзень календара, 100-годззе кастрычніцкай рэвалюцыі, бачыш, сьвяткуем... Няўжо ня рвецца логіка, няўжо зыходзіцца гэта ў нашых галовах? Але пакуль ёсць тыя 7000, што не схілілі каленяў перад Баалам, ёсьць надзея! Галоўнае, каб не ўцякалі, а працавалі на гэтай зямлі і прасілі міласці ў Бога, каб дараваў і даў сапраўдную свабоду, хаця б будучым пакаленням.
0
Чытач / Адказаць
28.10.2017 / 10:42
Эсэй добры, але мае тую ж гістарычна недакладную фабулу, як і апавяданне В. Быкава "Жоўты пясочак". У рэальнасці дзеячаў культуры растрэльвалі ў СУТАРЭННЯХ мінскай унутранай турмы НКВД — «амерыканкі».
https://nn.by/?c=ar&i=82640
1
Заходні Беларус / Адказаць
28.10.2017 / 11:05
глядзі шуневіч, глядзі, на рукі свае глядзі, на боты свае глядзі, кроў беларусаў гэтых і на тваіх руках ўкосна, яны не былі забойцамі, яны былі беларусамі і за гэта загінулі ад паганых рук тых, каго ты так праслаўляеш і замілоўваеш,  апранаючы форму НКВД...зь яе кроў нявінных ахвяр цячэ і дагэтуль.
Паказаць усе каментары/ 39 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру