У Польшчы трэба размясціць войскі НАТА на пастаяннай аснове. Пра гэта заявіў былы міністр замежных справаў краіны Радаслаў Сікорскі ў інтэрв'ю DW.

Па яго словах, у той час як у Польшчы размешчаны натаўскі батальён, «па іншы бок мяжы Расія праводзіць вучэнні з удзелам дзесяткаў тысяч салдат і адпрацоўвае першае прымяненне ядзернай зброі».

Сікорскі абверг меркаванне, што размяшчэнне войскаў ЗША ў Польшчы парушае міждзяржаўныя дамоўленасці. Ён падкрэсліў, што ваенныя базы і войскі павінны знаходзіцца там, дзе ёсць пагроза, а яе Сікорскі бачыць у тым, што Расія «незаконна анексавала частку тэрыторыі іншай краіны, яна па-ранейшаму вядзе гібрыдную вайну ва Украіне». «Яны паводзяць сябе па вельмі агрэсіўным сцэнары. У нас ёсць падставы быць устрывожанымі», — заявіў экс-кіраўнік польскага МЗС.

Між тым самай галоўнай небяспекай для НАТА з боку Масквы Сікорскі назваў не гібрыдную вайну, а распад еўрапейскай «архітэктуры бяспекі» і планы РФ па выкарыстанні ядзернай зброі. Ён лічыць гэтую пагрозу рэальнай, абапіраючыся на ўласны досвед. «Калі я быў міністрам абароны, я рассакрэціў нашы навучальныя карты Варшаўскай дамовы, па якіх відаць, што Савецкі Саюз таксама планаваў выкарыстоўваць ядзерную зброю з першага дня канфлікту. Так што гэтая пагроза рэальна існуе».

Кажучы аб пасяджэнні Рады НАТА—Расія, якое пачнецца 26 кастрычніка ў Бруселі, Радаслаў Сікорскі нагадаў, што гэта — першыя перамовы з часу «аншлюсу Крыма, з тых часоў, як Расія ўпершыню пасля Другой сусветнай вайны з ужываннем сілы змяніла межы пад выглядам аказання дапамогі нацыянальнай меншасці». «Мы ўжо бачылі гэтае кіно, я кажу гэта тут, у Берліне, і мы ведаем, чым гэта сканчаецца. Гэта вельмі небяспечная гульня, і трэба вельмі цвёрда сказаць Расіі, што гэта недапушчальна», — заявіў былы міністр замежных спраў Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0