Першы намеснік міністра інфармацыйнай палітыкі Украіны Эмінэ Джапарава адмовілася пераходзіць на рускую мову падчас уключэння ў жывым эфіры расійскага тэлеканала.

Журналісты «Дождя» вырашылі ўзяць у чыноўніцы каментар адносна вызвалення намеснікаў старшыні Меджліса крымскататарскага народа Ільмі Умерава і Ахтэма Чыйгоза.

Джапарава пачала адказваць на ўкраінскай мове, пасля чаго вядучая Ганна Мангайт перапыніла яе, патлумачыўшы, што ў эфіры адсутнічае перакладчык і папрасіла намесніка міністра перайсці на рускую мову. У адказ на гэта Джапарава заявіла, што як афіцыйная асоба можа размаўляць толькі на ўкраінскай мове.

«Я прашу прабачэння, але я афіцыйная асоба, таму вымушаная размаўляць на ўкраінскай мове. Гэта мой свядомы выбар. Прашу мяне прабачыць і зразумець маю мову», — сказала яна.

У выніку чыноўніца дала каментар на ўкраінскай мове, а вядучая «Дождя» паспрабавала перакласці словы Джапаравай гледачам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0