Амаль трое сутак праходзіла спэцапэрацыя сілавых структураў Туркмэністану ў Ашгабадзкім раёне «Хітраўкі».

Паводле афіцыйных зьвестак, якія зьявіліся толькі ў панядзелак, туркменскія праваахоўчыя органы ліквідавалі буйную групу гандляроў наркотыкамі.

Байцы спэцаддзелаў штурмавалі завод па вырабе пітной вады "Крыніца", на тэрыторыі якога невядомыя стварылі нешта накшталт ўмацаванага раёну. Страляніна пачалася 12 верасьня ў першай палове дня. У гэты дзень краіна адзначала дзяржаўнае сьвята - Дзень Рухнамы.

Вайскоўцы, работнікі МУС і супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бясьпекі ачапілі ўвесь жылы масіў "Хітраўка". Да месца правядзеньня спэцапэрацыі былі падцягнутыя БТРы, БМП, танкі.

Аднак нягледзячы на такія ўнушальныя сілы, апэрацыя зацягнулася. Супрацоўнікі амерыканскай амбасады казалі журналістам пра "гукі актыўнага бою" ўвечары 13-га. Гэта ж падцвяржаюць і карэспандэнты міжнародных СМІ, якія гэтымі днямі былі ў туркмэнскай сталіцы. Страляніна сьцішылася толькі бліжэй да абеду ў нядзелю.

Пры гэтым, як паведамляе сайт Паліт.ру, ліквідаваць супраціўленьне ўдалося толькі дзякуючы "актыўнай дапамозе" з боку расійскіх спэцслужбаў. Пры гэтым ФСБ і МУС РФ адмаўляюцца ад камэнтароў па гэтай тэме. Паводле журналістаў "Нямецкай хвалі", туркмэнскія спэцпадразьдзяленьні самастойна прадпрынялі ня меней за 2 безвыніковыя штурмы. А апошні, верагодней за ўсё, праводзіўся расійцамі. Паводле журналістаў ББС, урадавым войскам супрацьстаяла групоўка з 200-300 чалавек. А ў час штурмаў актыўна прымяняліся гранатамёты й буйнакалібэрныя кулямёты.

Пра колькасць ахвяраў урадавыя крыніцы не паведмляюць.

У той жа час незалежныя эксперты ставяць пад сумнеў афіцыйную вэрсію "змаганьня з наркатрафікам". Больш схільныя разглядаць іншую прычыну: раён "Хітраўкі" - бадай самы бедны ў туркменскай сталіцы. Акрамя таго, ён населены мусульманамі-шыітамі. Там жа знаходзіцца адзіны шыіцкі мячэт у Туркменіі. А гэтае цячэньне ісламу забаронена ўладамі. Таму верагоднай выглядае версія "рэлігійных зачыстак".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?