На сезоннай мабільнай коўзанцы, размешчанай ля Палаца спорту, ідуць апошнія прыгатаванні перад адкрыццём, якое запланавана на раніцу 28 кастрычніка, перадаюць «Мінск-Навіны».

— У суботу, 28 кастрычніка, у 11:00 адбудзецца цырымонія адкрыцця, — распавёў начальнік катка Валерый Нізавец. — Чакаецца, што з вітальным словам выступяць прадстаўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёна, пройдуць паказальныя выступленні юных фігурыстаў і хакеістаў, у праграме таксама конкурсы для гледачоў. Першы сеанс — з 12:00 да 12:45. Ён будзе бясплатным. На ўсе наступныя сеансы ў суботу будзе зніжка 50 % — для дарослых да 2,5 рубля, для дзяцей — 1,5.

Па словах суразмоўцы, у выхадныя і святочныя дні цэны на паслугі, як і ў мінулым сезоне, будуць крыху вышэйшыя (да 5 рублёў дарослы і да 3 — дзіцячы). У будні — танней. Пракат канькоў — не больш за 3 рублі, завострыванне — не даражэй за 5.

— Другі год запар мы прызначаем адкрыццё коўзанкі да восеньскіх канікул у школьнікаў, — працягвае Нізавец. — У гэтыя выхадныя і на ўвесь будучы тыдзень зробім для іх зніжку на ўваходны квіток 50 %. Плануем таксама на ўвесь сезон па выхадных зрабіць зніжкі для сем'яў. Студэнтам выгадна будзе прыходзіць на апошнія два сеансы ў суботу і нядзелю.

Каток будзе працаваць па графіку мінулага сезону: адкрыццё ў 11:00, завяршэнне працы — у 22:45. Штодня наведвальнікаў чакае 12 сеансаў — у пачатку кожнай гадзіны. Працягласць кожнага — 45 хвілін. У перапынку будзе рабіцца заліванне. У ранішні і дзённы час на пляцоўцы будуць трэніравацца юныя хакеісты, якія выступаюць у турніры «Залатая шайба».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0