Кошт нафты маркі Brent упершыню за два гады перасягнуў суму ў 60 даляраў за бараль. Апошні раз «псіхалагічная адзнака» пераадольвалася ў ліпені 2015 года, паведамляюць інфармагенцтвы.

Зрэшты, аналітыкі пакуль не моцна зараджаныя аптымізмам і сцвярджаюць, што ўжо да сярэдзіны наступнага тыдня яе кошт вернецца на адзнаку 55 даляраў за бараль.

У ходзе таргоў на Міжкантынентальнай біржы ICE у Лондане цана нафты павялічылася на 1,3% і склала 60,07 даляраў за бараль. Дадзеныя лічбы выкліканыя заявамі Саудаўскай Аравіі і чаканнямі АПЕК+ аб скарачэнні здабычы нафты на працягу больш працяглага часу.

Міністры энергетыкі Саудаўскай Аравіі і Расіі — Халід аль-Фаліх і Аляксандр Новак — падчас нядаўняй сустрэчы адзначылі, што гатовыя падоўжыць здзелку АПЕК+, калі рынак нафты не збалансуе. Сумарна здабыча нафты скарочаная на 1,8 млн бараляў у суткі.

На працягу апошняга месяца нафтавыя катыроўкі падагравалі шэраг навін: захоп іракскімі і сірыйскімі курдамі нафтавых радовішчаў, ваяўнічыя заявы ЗША ў дачыненні да Ірана, даныя аб здабычы сланцавай нафты, а таксама жаданне членаў АПЕК+ падоўжыць дзеянне пагаднення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0