28.10.2017 / 09:46

Затрыманы ўдзельнік дэманстрацыі 21 кастрычніка Дзмітры Сільчанка

Затрыманьне адбылося позна ўвечары 27 кастрычніка на месцы працы актывіста, паведамляе радыё «Свабода».

Як паведаміў старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч, Дзьмітры Сільчанка ўвечары знаходзіўся на сваім працоўным месцы ў адной з прыватных арганізацый Менску, дзе ў яго было начное дзяжурства.

Каля 22 гадзіны яму патэлефанаваў участковы і сказаў, хлопца «выклікаць на размову». Сільчанка папрасіў, каб яму даслалі афіцыйную позву.

Праз гадзіну, прыкладна каля 23 гадзіны вечара, да Сільчанкі прыехалі на працу супрацоўнікі міліцыі і затрымалі яго.

Як паведаміла Свабодзе сяброўка Сільчанкі, ён па тэлефоне сказаў ёй, што яго адвезьлі ў РАУС Менскага раёну, дзе склалі пратакол па артыкуле 23.34 (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка.

Суд над Дзьмітрыем Сільчанкам адбудзецца ў панядзелак, 30 кастрычніка.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру