Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў сьпіс з 39 расейскіх кампаній і арганізацый, якія могуць падпасьці пад санкцыі ЗША, паведамляе радыё «Свабода».

Сярод іх кампанія «Алмаз-Антэй», канцэрн «Калашнікаў», Фэдэральная служба бясьпекі (ФСБ), Служба зьнешняй выведкі, Галоўнае выведвальнае ўпраўленьне Генеральнага штаба (ГРУ). Гаворка ідзе пра арганізацыі, якія маюць дачыненьне да расейскай выведкі і абароны.

Раней паведамлялася, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША працягвае «працаваць над заканадаўствам, прынятым Кангрэсам у ліпені, пра ўзмацненьне санкцый супраць Расеі». Пра гэта заявіла прэс-сакратар Хізэр Нойерт 24 кастрычніка, адказваючы на пытаньне, чаму адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа прапусьціла тэрмін, устаноўлены для ўвасабленьня ў жыцьцё заканадаўства аб санкцыях супраць Расеі, якое прэзыдэнт падпісаў толькі 2 жніўня.

Закон накіраваны на абмежаньне супраць урада прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна за яго меркаванае ўмяшальніцтва ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе ў ЗША, агрэсію ва Ўкраіне і падтрымку прэзыдэнта Сірыі Башара Асада.

Згодна з законам, адміністрацыя Трампа павінна была выпусьціць да 1 кастрычніка інструкцыю пра тое, як варта ўжываць санкцыі, уключаючы сьпіс асобаў і арганізацый, якія маюць дачыненьне да расейскай выведкі і абароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0