Іспанскі ўрад пазбавіў Каталонію аўтаноміі і прызначыў новым кіраўніком рэгіёна віцэ-прэм'ера Сараю Саенс дэ Сантамарыя, паведаміла Бі-бі-сі.

Парламент Каталоніі ў пятніцу прагаласаваў за выхад са складу Іспаніі, ухваліўшы адпаведную дэкларацыю.

Адразу пасля гэтага іспанскі сенат увёў у аўтаноміі наўпроставае кіраванне з Мадрыда, а следам урад Іспаніі абвясціў пра роспуск каталонскага парламента і прызначыў новыя выбары на 21 снежня.

Прэм'ер краіны Марыяна Рахой абвясціў аб зняцці з пасады кіраўніка ўрада Каталоніі Карласа Пучдэмона і паабяцаў дабіцца прызнання каталонскай дэкларацыі незалежнасці незаконнай.

Пазбавіліся сваіх пасад ўсе члены каталонскага ўрада, а таксама многія іншыя чыноўнікі, у ліку якіх кіраўнік паліцыі Каталоніі - Жузэп Луіс Трапэра.

Трапэра лічыўся саюзнікам лідараў Каталоніі, якія выступалі за аддзяленне рэгіёна. Мадрыд абвінавачвае яго ў мяцяжы з-за невыканання абавязкаў па ахове супрацоўнікаў нацыянальнай паліцыі Іспаніі ад удзельнікаў пратэстаў перад рэферэндумам аб незалежнасці.

Дэманстрацыі за і супраць аддзялення Каталоніі працягваліся да ночы. Чакаецца, што новыя акцыі пройдуць у суботу, у Мадрыдзе запланаваная дэманстрацыя «у абарону адзінства Іспаніі і Канстытуцыі».

Пра непрызнанне аддзялення рэгіёну выказаліся лідары большасці вядучых краін свету. Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што Каталонія з'яўляецца неад'емнай часткай Іспаніі.

Маштабны палітычны крызіс у Іспаніі пачаўся, пасля таго як каталонскія лідары 1 кастрычніка, насуперак рашэнню Канстытуцыйнага суда, правялі рэферэндум аб незалежнасці.

Урад Каталоніі сцвярджаў, што пры яўцы ў 43% за незалежнасць прагаласавалі 90,18% удзельнікаў, супраць - 7,83%. Яшчэ 1,98% тых, хто прыйшоў на ўчасткі кінулі ў скрынкі пустыя бюлетэні.