28.10.2017 / 15:04

Француз, затрыманы на беларускай мяжы з куляй у кішэні, месяц сядзіць у гомельскім СІЗА 29

Затрыманы пры выезьдзе зь Беларусі ва Ўкраіну, Жалян Віё (Jolan Viaud) меў у кішэні кулю, якую яму падараваў у Варшаве польскі сябар у якасьці сувэніра, піша радыё «Свабода».

Суд над затрыманым мае адбыцца празь некалькі тыдняў. Яму пагражае ад трох да сямі гадоў турмы за незадэкляраваны правоз боепрыпасаў празь мяжу.

Пра гэта паведамляецца на сайце паўднёвафранцускай газэты La Depèche.

Малады француз раней сёлета выправіўся ў падарожжа па Эўропе. 21 верасьня, калі ён выяжджаў зь Беларусі ва Ўкраіну, ён быў затрыманы на мяжы. Прычынай стала куля, якую ён трымаў у кішэні як сувэнір, які падараваў яму Павэл, у якога падарожнік спыняўся ў Варшаве. Пра гэта затрыманы паведаміў у лісьце, які яму ўдалося пераслаць сям’i ў Францыю праз тры тыдні пасьля затрыманьня.

Жалян Віё расказвае што, не чакаючы пытаньняў мытніка, ён паказаў кулю сам, каб даведацца, ці яе можна правезьці. Аднак мытнікі гаварылі толькі па-расейску, і таму «дыялёг быў немагчымы». «Калі б я ведаў, што гэта забаронена, я б яе ня ўзяў або лепш бы схаваў», — піша Жалян Віё ў лісьце.

Віё быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА. Там ён сутыкнуўся зь «нялюдзкімі ўмовамі, ускладненымі беларускім кліматам». Спачатку яго мучылі холадам, не даючы коўдры і цёплага адзеньня, яму забаранілі кантакт зь сям’ёй, пасьля прымусілі згаліць бараду. Афіцыйна прызначаная адвакатка не гаворыць ні па-француску, ні па-ангельску. Урэшце, у мінулую суботу, больш чым празь месяц пасьля затрыманьня, яму дазваляюць напісаць сям’і.

Сям’я Жаляна Віё распачала кампанію ў сацыяльных сетках за ягонае вызваленьне і зьбірае грошы на новага адваката.

Дзяжурны Гомельскага сьледчага ізалятара пацьвердзіў старшыні гарадзкой арганізацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатолю Гатоўчыцу, што затрыманы пры выезьдзе зь Беларусі ва Ўкраіну Жалян Віё сапраўды знаходзіцца у СІЗА пад вартаю. Ніякай іншай інфармацыі дзяжурны ня даў.

Паводле словаў Гатоўчыца, гомельская арганізацыі БАЖ зьбірае харчовую перадачу для французкага калегі.

20
на карася мякина лепш,чым лапша / Адказаць
28.10.2017 / 15:28
Раздуваюць.Небыло ниякага француза Зкуля-у-кишэна,але ж ,,мульцик,,больш даходливы,чым просты тэкст аб тым, што дазволена,а што не...
13
trikeschnaps-er / Адказаць
28.10.2017 / 15:35
Во фруст! Други раз на танку прыедзе,ци на фантоме...
0
Ягор / Адказаць
28.10.2017 / 15:36
А што, куля - баепрыпас? Яе можна зарадзiць у зброю i страляць?
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру