Сярод розных відаў (не)справядлівасьці ў нашым жыцьці адным з найбольш цікавых ёсьць гэтак званая гістарычная (не)справядлівасьць.
Я пішу «(не)справядлівасьць» наўмысна, бо наагул заўсёды аказваецца, што, як кажуць палякі, punkt widzenia zależy od punktu siedzenia. Тое, што адным бачыцца як гістарычная справядлівасьць, для іншых зьяўляецца акурат нечым супрацьлеглым — гістарычнай несправядлівасьцю.

Хрэстаматыйны прыклад такой гістарычнай дыхатаміі: узьяднаньне Заходняй Беларусі з Усходняй у 1939 годзе.

Наўрад ці знойдзецца нейкі беларускі гісторык, — ці то зь лягеру недабітых нацыяналістычных фундамэнталістаў, ці то зь нетраў афіцыйнай «панславісцкай» навукі (скажам, з Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту або Палескага ўнівэрсытэту) — які паставіў бы пад сумнеў гістарычную справядлівасьць узьяднаньня Беларусі пасьля ўваходу Чырвонай арміі ў Польшчу 17 верасьня 1939 г.

Гістарычная справядлівасьць — сьляпая сіла. Яна не глядзіць, так бы мовіць, якімі інструмэнтамі карыстаецца. Беларусь узьядналася дзякуючы сакрэтнаму дадатку да пакту Рыбэнтропа‑Молатава, які ўвесь цывілізаваны сьвет асудзіў як дыпляматычнае злачынства ўжо ого колькі гадоў таму.

У вытокаў сёньняшняй еднасьці беларусаў (прынамсі, геаграфічнай) стаяць Гітлер і Сталін, якіх дабрачынцамі Беларусі ніяк не назавеш (а тут якраз — выпадала б). Бо гэта ж яны перакрэсьлілі гістарычна несправядлівы Рыскі трактат 1921 г., дзе бальшавікі з палякамі разарвалі беларусаў напалам, не пытаючыся іхнага меркаваньня.

Ну а што на гэты конт думаюць польскія гісторыкі? Няцяжка здагадацца: 17 верасьня 1939 — гэта дата вераломнага нападу СССР на Польшчу; нож у сьпіну, убіты саветамі якраз тады, калі палякі адбіваліся ад гітлераўскай навалы. Якое ўжо тут аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці для беларусаў, калі Польшча, з прычыны гэтага аднаўленьня, зьнікла з мапы Эўропы на пяць гадоў, а потым яшчэ на 45 гадоў стала савецкім сатэлітам?

Але пра гэтую дыхатамію я ўжо амаль ня думаю. А вось у апошнія гады, калі спахаплюся, што сёньня якраз 17 верасьня, мне заўсёды згадваецца адна гісторыя, якую я пачуў недзе 18‑19 гадоў таму, як толькі стаў працаваць журналістам у беластоцкай «Ніве». Здаецца, мне расказаў яе настаўнік зь вёскі Коматаўцы ў Гарадоцкай гміне на Беласточчыне.

У 1944 годзе, калі саветы пагналі немцаў назад і вярнуліся на Беласточчыну, агульнапалітычная сытуацыя не была ясная. Наш беларускі люд доўгі час ня быў упэўнены, дзе ён зноў апынуўся — у Савецкім Саюзе? у Польшчы? Але спакваля пачало праясьняцца, калі савецкія салдаты пачалі ставіць памежныя слупы.

Малым Азяранам (беларускай праваслаўнай вёсцы на мяжы Крынкаўскай і Гарадоцкай гмінаў) пачаткова не пашанцавала. Саветы пачалі ставіць свае слупы на захад ад вёскі. Што зробіш, сьляпая гістарычная (не)справядлівасьць.

Але потым нешта камусьці адмянілася, і слупы пачалі ставіць з усходняга боку Малых Азяранаў. Дзядзькі і цёткі ў вёсцы ледзь не пашалелі ад радасьці. Застаюцца ў Польшчы! Уздумалі былі зрабіць талакоўскае выпіваньне і ўсё такое, але аднаго дня з найбліжэйшага савецкага калгасу прыехаў «прэдсядацель» і заявіў, што, маўляў, заўтра прыедуць грузавікі, каб забраць увесь дабытак і хатні скарб азяранцаў ды іх саміх і перавезьці ўсё ў СССР. Яны ж свае, так ці не? Навошта ім заставацца ў «не сваёй» Польшчы?

Далёка за поўнач уся вёска вечавала і мазгавала, што рабіць. Урэшце пастанавілі: у

се мужчыны на дасьвецьці ўцякуць у заходні бок і схаваюцца ў лесе, а ўсе жанчыны і дзеці покатам лягуць на дарогу з усходняга боку і перакрыюць рух калгасным грузавікам.
Разьлік быў такі: на якія зьверствы саветы ні былі б здольныя ад прыроды, дык, можа, пасаромеюцца чавіць грузавікамі жанчын і дзяцей удзень, і то пасьля вайны.

Як пастанавілі, так і зрабілі. І ўдалося. Вёска Малыя Азяраны і па сёньняшні дзень стаіць на нашым, беластоцкім баку, і ў ёй жывуць азяранцы. Кожны можа пераканацца ў гэтым сам, набраўшы ў Google Maps «Ozierany Małe Poland».

Ян Максімюк, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0