Гомель стаў другім горадам Беларусі пасля Мінска, дзе пачаліся курсы ўкраінскай мовы. Першыя заняткі адбыліся 28 кастрычніка на базе Цэнтра беларускай мовы і культуры, створанага мясцовай арганізацыяй ТБМ.

Гомельская суполка ўкраінцаў не мае не толькі свайго памяшкання, але і афіцыйнай рэгістрацыі. Тыя, хто неабыякавы да сваіх украінскіх каранёў збіраюцца там, дзе знаходзіцца магчымасць. Але для стварэння магчымасці ўсім ахвочым вывучаць украінскую мову дыяспара звярнулася да Алесі Аўласевіч — кіраўніцы гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Выкладчыцай курсаў стала жыхарка Гомеля Надзея Дрозд, якая нарадзілася на Валыні, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі.

«Мне было дужа прыемна пазіраць у тыя прагныя, цікаўныя вочы, якія я тут пабачыла, — кажа яна. — Хаця, калі я азвалася весці гэтыя курсы, было боязна: я ж не выкладчык мовы, я толькі яе носьбіт. Але мне вельмі хочацца, каб і іншыя гомельцы любілі маю мову, гэтак жа, як і я».

Актывіст украінскай дыяспары ў Гомелі Багдан Дземкіў распавёў Нашай Ніве, што ініцыятыва адкрыцця курсаў належыць беларуска-ўкраінскай пісьменніцы Наталцы Бабінай. Падчас прэзентацыі адной са сваіх кніг, якая таксама праходзіла ў гомельскім Цэнтры беларускай мовы і культуры, спадарыня Наталка і прапанавала стварыць гэтыя курсы. На падрыхтоўку спатрэбілася крыху менш за месяц.

Самі ж наведнікі першых заняткаў пасля сканчэння былі пад уражаннем. Прынамсі, амаль усе яны паабяцалі прыйсці і на наступныя. А прычыны, якія паклікалі сюды людзей — самыя розныя. Хтосьці кажа, што часта падарожнічае ва Украіне і жадае мець магчымасць падтрымліваць размовы з украінцамі на іхняй мове. Для іншых гэта мова бацькоў, альбо бабуляў ці дзядуляў.

«Я прыехала ў Беларусь у 1955 годзе са Львова. Сюды мяне накіравалі працаваць, тут я знайшла сям’ю, у мяне два сыны, тры ўнукі, тут мая другая радзіма, — гаворыць пенсіянерка Ганна Ясіпава. — Раней у Гомелі можна было глядзець украінскія каналы.

Я нават, памятаю, дыктоўку з тэлевізара напісала і ў Кіеў даслала. Дык адтуль нават падарунак атрымала, як пераможца — без аднае памылкі напісала дыктоўку, нічагусенькі не забылася. А цяпер, нічога ўкраінскага на тэлебачанні няма, як на Месяцы жывем».

«Мая маці — украінка, але яна размаўляе са мной толькі па-расійску, а тата — беларус, але і ён гаворыць толькі па-расійску, — кажа малады гамяльчук Віталь Бурдзілаў — Але я вырашыў, што павінен ведаць родныя мовы сваіх продкаў.

Таму я і прыйшоў сюды. Наступны крок — гэта вывучэнне беларускай мовы. Ведаю, што ў Гомелі ёсць курсы Мова Нанова, дзе вучаць беларускую мову».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?