Мінскія «Цмокi» атрымалі другую перамогу ў рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ, паведамляе карэспандэнт БелТА.

У паядынку чацвёртага тура мінчане абыгралі на сваёй пляцоўцы аўтсайдэра спаборніцтваў пермскую «Парму» з мінімальнай перавагай — 66:65 (22:11, 19:17, 15:16, 10:21). На працягу амаль усяго гульнявога часу падапечныя Аляксандра Круцікава ўпэўнена лідзіравалі, але ў заключнай чвэрці госці перахапілі ініцыятыву, і «цмокам» з велізарнай цяжкасцю ўдалося выйграць.

Самым выніковым у складзе мінчан стаў ветэран каманды Аляксандр Кудраўцаў, які набраў 12 ачкоў.

У папярэднім туры «банкаўскага» турніру чэмпіёны Беларусі перайгралі ў Мінску казахстанскую «Астану» (75:66), а ў двух стартавых паядынках пацярпелі дзве гасцявыя паразы ад двух фаварытаў - падмаскоўных «Хімак» (55:83) і маскоўскага ЦСКА (54: 90).

Наступны матч Адзінай лігі ВТБ «Цмокi» правядуць 5 лістапада на пляцоўцы «Мінск-Арэны» супраць казанскага «Унікса», які выйграў усе тры папярэднія сустрэчы цяперашняга сезону. Да сустрэчы з казанскай дружынай «Цмокі» правядуць гасцявы матч групавога этапу розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа. 1 лістапада ў венгерскім Секешфехервары іх чакае сустрэча з мясцовай «Альбай».

У стартавым туры квартэта F мінчане прайгралі на сваёй арэне бельгійскаму «Шарлеруа» з лікам 76:78, а затым абыгралі на выездзе ізраільскі клуб «Бней Герцлія» - 69:63.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0